“Пакуль будуць сілы, не пакіну гэтую справу”. Трактарыст СВК “Прагрэс-Верцялішкі” Генадзь Радзевіч расказаў, чаму кожны год з нецярпеннем чакае вясну
Наканавана лёсам
– Нікога не здзіўлю, калі скажу, што ў сельскую справу я прыйшоў па слядах бацькоў. Ну, а як жа інакш, калі нарадзіўся і вырас я ў звычайнай сям’і, дзе трымалася вялікая хатняя гаспадарка, бацькі працавалі ў калгасе, а дзеці з маленства прывучаліся да працы. Мабыць, і не магло быць па-іншаму, і лёсам мне наканавана прысвяціць сваё жыццё гэтай прафесіі, – дзеліцца Генадзь Радзевіч.Малая радзіма нашага героя – Слонімшчына. З гэтым краем, а асабліва з бацькоўскім домам у Генадзя Іосіфавіча звязаны адны з самых шчаслівых успамінаў. Ён добра памятае найпрыгажэйшыя світанкі, калі разам з татам падымаўся на ранішнюю касьбу. Памятае і цеплыя летнія дні, якія праводзіў на камбайне, дапамагаючы калгаснікам падчас уборкі.
– Трымалі хатнюю гаспадарку, прычым даволі вялікую. Я і малодшая сястра добра ведалі свае абавязкі. Умелі даглядаць за жывёламі, сачылі за парадкам дома і на двары. Не было ніякіх тэлефонаў і інтэрнэту. Затое было шчасце, – гаворыць Генадзь Іосіфавіч.
Пасля школы Генадзь Радзевіч паступіў у Слонімскае вучылішча на трактарыста. Пасля некаторы час паспеў адпрацаваць у мясцовай гаспадарцы, а затым адправіўся на службу ў армію. Вярнуўшыся дадому, мужчына зноў прыйшоў у сельскую гаспадарку, уладкаваўшыся на торфабрыкетны завод. Праз паўтара года лёс звёў нашага героя з СВК “Прагрэс-Верцялішкі”, якому ён прысвяціў 32 гады свайго жыцця.
Без яго не абыходзяцца
Пераехаўшы ў Верцялішкі, жыццё Генадзя Радзевіча зайграла новымі фарбамі. Ад гаспадаркі яму выдзелілі кватэру, хутка мужчына стварыў уласную сям’ю. Сёння Генадзь Іосіфавіч мае дваіх дзяцей, ужо падрастаюць унукі.У гаспадарцы, дзе працуе наш герой, яго паважаюць і шануюць. Ды і ёсць за што: Генадзь Радзевіч – адзін з нямногіх працаўнікоў калгаса, які верай і праўдай працуе тут ужо не першае дзесяцігоддзе. Без яго ўдзелу ў калгасе не праходзіць ніводная пасяўная і ўборачная кампаніі. Вышэй мы ўжо гаварылі, што іх на рахунку мужчыны ўжо 32.
На такіх, як Генадзь Іосіфавіч, можна смела спадзявацца, таму яму давяраюць самыя працаёмкія справы. Адна з іх – уборка цукровых буракоў. Дарэчы, за гэтай працай мы і засталі трактарыста, калі прыехалі да яго на размову. Прыйшлося нават крыху пачакаць нашага героя, бо адарвацца ад працы яму было няпроста.
– Цукровыя буракі не самая лёгкая ва ўборцы культура. Каб не сапсаваць ураджай, варта выконваць некалькі правіл. Спачатку трэба роўненька заехаць на зону ўборкі, а пасля зрабіць так, каб камбайн не парэзаў буракі, а акуратна іх выкапаў. Канешне, гэты навык прыходзіць з вопытам, але вялікую ролю адыгрывае і тэхніка, на якой працуеш, – гаворыць субяседнік. – Мой першы трактар быў гусенічным. У параўнанні з тым, на якім я працую сёння, – гэта неба і зямля. Новым тэхналогіям я навучыўся хутка. Яны ў многім спрасцілі нашу працу і станоўча паўплывалі на вытворчы патэнцыял гаспадаркі.
У чаканні вясенняга старту
Уборка цукровых буракоў – гэта апошні рывок для працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Зусім скора наступіць традыцыйнае зімовае “зацішша”, але і тады трактарыстам хапае працы. Яны занятыя на мехдвары, дзе прыводзяць у парадак тэхніку, якая паспела крыху “падздаць” за час уборачнай кампаніі. Але такая праца не надта па душы нашаму герою. Ён хутчэй чакае вясну, каб зноў выехаць на палявыя прасторы і распачаць сезон.– Вы пытаеце, за што люблю сваю працу, а мне складана патлумачыць гэта. Падабаецца і ўсё. Адчуваю спакой, калі праязджаю поле, калі сею будучы ўраджай, а пасля прыбіраю яго. Я люблю зямлю і працую на ёй з задавальненнем. Пакуль будуць сілы, не пакіну гэтую справу, – расказвае трактарыст.
Акрамя душэўнага спакою, аграрная справа падаравала Генадзю Радзевічу верных сяброў, з якімі ён ужо каторы год плячом да пляча ідзе і па прафесіі, і па жыцці. Дарэчы, не так даўно ён разам з калектывам ездзіў на экскурсію ў Санкт-Пецярбург. Такія паездкі нярэдка арганізуюцца для супрацоўнікаў гаспадаркі і спрыяюць іх эмацыйнай разгрузке і адпачынку.
Скончыўшы размову, мы традыцыйна зрабілі фотаздымак і развіталіся. Генадзь Іосіфавіч, не губляючы ні хвіліны часу, завёў свой трактар і хутка схаваўся за зялёнымі радамі цукровых буракоў.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
