Свята Міжнароднага дня роднай мовы правялі ў дзіцячым філіяле абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага

Свята Міжнароднага дня роднай мовы правялі ў дзіцячым філіяле абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Карскага

Бібліятэкары разам з настаўнікамі падрыхтавалі літаратурную кампазіцыю “Мілагучнае звонкае роднае слова”

Свята Міжнароднага дня роднай мовы правялі ў дзіцячым філіяле  Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага для вучняў пачатковых класаў сярэдняй школы № 8 Гродна.

Бібліятэкары разам з настаўнікамі падрыхтавалі літаратурную кампазіцыю “Мілагучнае звонкае роднае слова”. Яна спалучыла ў сабе дзве нагоды. Першая –  святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы. Другая – віток творчага конкурсу, прысвечанага 1150-годдзю славянскай азбукі Кірыла і Мяфодзія “Самая важная азбука”, вынікі якога будуць аб’яўлены на адкрыцці Тыдня дзіцячай кнігі 21 сакавіка.

Дзеці з задавальненнем  уключыліся ў захапляючае падарожжа па “Літарынцы”, якую напісала гродзенская паэтэса Тамара Мазур.

– Ідэя стварыць такую кніжку нарадзілася ў мяне пасля таго, як не змагла знайсці размалёўку з азбукай і вершамі на беларускай мове для сваёй унучкі, – падзялілася сакрэтам Тамара Мазур. – Мая “Літарынка” павінна задаволіць цікаўнасць маленькіх беларусаў да многіх сучасных рэчаў і з’яў, дапаможа развіць вобразнае мысленне і засвоіць беларускі алфавіт. Хочацца выказаць падзяку маладой мастачцы Анастасіі Ценкуш, якая да кожнай літары алфавіта намалявала сюжэты ў адпаведнасці са зместам маіх вершаў.

На жаль, выдаць кніжку без спонсарскай падтрымкі будзе цяжка. Толькі па гэтай прычыне мне вярнулі рукапіс з аднаго ўплывовага дзяржаўнага выдавецтва – аддзел маркетынгу не захацеў рызыкаваць.

Пакуль што “Літарынкі”  даступныя для чытачоў у электронным варыянце.
Лера СІДАРОВІЧ
Редакция газеты «Гродненская правда»