Сёння адзначаецца 150-годдзе з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі)

Сёння адзначаецца 150-годдзе з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі)

Імя нашай слыннай зямлячкі – паэткі са Старога Двара Алаізы Пашкевіч (Цёткі), якая ўвасобіла ў сабе змагарны дух Рагнеды і асветніцкую дзейнасць Ефрасінні, гэтымі днямі лунае над Шчучыншчынай. Жыхары раёна адзначаюць 150-годдзе з Дня яе нараджэння.

Палымянае слова Цёткі і радкі ў яе гонар прагучалі ў г.п. Астрына на свяце паэзіі «У госці да Алаізы», у народным музеі паэткі ў Астрынскай сярэдняй школе імя Цёткі, у Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі. Пісьменнікі і паэты, дзеячы мастацтваў, прадстаўнікі мясцовай улады і творчай інтэлігенцыі, школьнікі, настаўнікі ўспаміналі зямлячку, чыё слова дагэтуль не губляе сваёй актуальнасці.

photo_2026-07-14_10-24-41.jpg

photo_2026-07-14_10-24-42.jpg

photo_2026-07-14_10-24-42 (2).jpg

Першая беларуская пяснярка, заснавальніца Беларускай сацыялістычнай грамады, настаўніца, карэспандэнтка, артыстка, аўтар дзіцячых чытанак, выдаўца першага часопіса для моладзі, міласэрная сястрычка, падарожніца, не пражыла і сорак гадоў, напісала не вельмі шмат, але ў гісторыі беларускай літаратуры і нацыянальным руху пачатку ХХ стагоддзя займае адно з самых пачэсных месцаў. Яна першая з жанчын пачала шлях беларускай інтэлігенцыі да вяршынь еўрапейскай навукі і цывілізацыі, пры гэтым ніколі не забывала пра бацькоўскі кут, родную мову, родны народ і карані. Нават смерць яе сімвалічная: сястра міласэрнасці Пашкевіч-Кайрыс згасла падчас эпідэміі тыфа ў Старым Двары, змагаючыся за жыцці землякоў…

– У кожным з нас жыве дух знакамітай зямлячкі, яе палымянае слова гучыць сярод нас, а беларуская старонка, за лепшую долю якой змагалася Алаіза, памятае сваю дачку, – падкрэслівае бяссменны кіраўнік народнага музея Алаізы Пашкевіч (Цёткі) Астрынскай сярэдняй школы імя Цёткі настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ала Балобан. – Яе паэзія па-ранейшаму актуальная і любімая, яе падхапілі новыя пакаленні беларусаў. Усё тое, пра што марыла Алаіза Сцяпанаўна, сёння збылося. Яна дбала аб свабодзе беларусаў і роўнасці правоў жанчын, магчымасці вучыцца і размаўляць на роднай мове, заклікала змагацца з несправядлівасцю, ганарыцца сваёй старонкай.

000027_1626322435_450507_big.jpg

У народны музей Цёткі, які існуе з 1982 года і налічвае больш за 1000 унікальных экспанатаў (сярод якіх аўтэнтычных больш за 700), не зарастае народная сцежка. Сюды едуць людзі з розных куточкаў Беларусі і краін-суседак. Датыкнуцца да духоўнай спадчыны таленавітай мужнай жанчыны прагнуць вучні школ вобласці, студэнты і выкладчыкі, навукоўцы, ветэраны, выпускнікі школы, сучасныя літаратары. Штогод - каля тысячы чалавек.

photo_2026-07-14_10-25-12.jpg

– Увесь юбілейны год прайшоў у нашай школе пад знакам Цёткі, – распавяла Ала Сямёнаўна. – Школьнікі ўдзельнічалі ў праекце “Пад зоркай Алаізы”, мерапрыемствы якога былі накіраваны на ўшанаванне памяці Цёткі, гулялі ў інтэрактыўныя гульні, наведвалі чытацкі салон, тэматычныя экскурсіі, разгадвалі рэбусы ад Цёткі, удзельнічалі ў конкурсе чытальнікаў. Вельмі зацікавіў дзетак і сумесны з гарпаселковай бібліятэкай праект “У школу да Цёткі”.

Сёлета Кіра Санько заняла першае месца на рэспубліканскім ў конкурсе экскурсаводаў устаноў адукацыі ў намінацыі “Літаратурны профіль”. А ячшэ музей Цёткі пабываў на міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску і выклікаў ажыятаж сярод наведвальнікаў.

– Вельмі прыемна, што людзі ішлі мэтанакірава, на шчырае слова, з захапленнем вывучалі матэрыялы, цікавіліся яе жыццём і творчасцю, – адзначае Ала Балобан. – Юбілейны год пашырыў цікавасць моладзі да роднага слова і асоб, якія яркімі зоркамі ззяюць на небасхіле нашай беларускай літаратуры. Менавіта Цётка з’яўляецца для нас той нітачкай-повяззю паміж мінулым і сучаснасцю, якая нагадвае, што мы “ўзышлі не з насення, што ветрам занесена”, што ў нас годная спадчына і шчаслівая будучыня…

photo_2026-07-14_10-25-13.jpg

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»