Вызначаны пераможцы літаратурнага конкурсу рукапісаў імя Цёткі

Вызначаны пераможцы літаратурнага конкурсу рукапісаў імя Цёткі

Доўжыўся конкурс два гады, на працягу якіх кожны мог напісаць і падаць свой твор у абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі...

Вызначаны пераможцы першага абласнога літаратурнага конкурсу рукапісаў імя Цёткі

Доўжыўся конкурс два гады, на працягу якіх кожны мог напісаць і падаць свой твор у абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі. На суд экспертнай літаратурнай камісіі былі прадстаўлены 22 рукапісы.

Конкурс праводзіўся па трох намінацыях: проза, паэзія і дзіцячая літаратура. На жаль, сярод прадстаўленых работ для дзяцей не ўдалося вылучыць яркія творы. Затое паэтычныя зборнікі ўразілі, таму і было вырашана аддаць перавагу празаіку і двум паэтам. Пераможцамі літаратурнага конкурсу сталі Ніна Рыбік з Астраўца за зборнік аповесцей і апавяданняў “Скрыжаванні”, Ала Клемянок са Смаргоні – за зборнік вершаў “Не пускайце ў сэрца адзіноту” і гродзенскі паэт Аляксандр Слашчоў – за вершы, сабраныя ў кнігу “Угол”.

Лаўрэатаў конкурсу віншавалі на свяце, якое традыцыйна ў сусветны Дзень паэзіі праводзіць абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Абласны выканаўчы камітэт выдзеліў сродкі, на якія будуць выдадзены кнігі пераможцаў. Прычым  за права іх надрукаваць будуць спаборнічаць друкарні вобласці.

– На Гродзеншчыне шмат таленавітых людзей. Гэты конкурс дае магчымасць праявіць талент, адкрывае новыя імёны, – сказала старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч.

Экспертная літаратурная камісія вырашыла пяць работ прапанаваць да друку дзяржаўным выдавецтвам Беларусі. Гэта аповесці і апавяданні Івана Пяшко, аповесць “Умыться росой” Ірыны Фаменковай, зборнікі вершаў “Кветка малой Радзімы” Ганны Скаржынскай-Савіцкай і “Літарынка” Тамары Мазур, кніга для дзяцей Марата Гарданава.

Кампетэнтна
Руслан Казлоўскі, дацэнт кафедры беларускай літаратуры ГрГУ імя Янкі Купалы, дацэнт, член экспертнай літаратурнай камісіі конкурсу:
– На конкурс заяўкі былі пададзены як ад членаў Саюза пісьменнікаў, так і ад людзей, якія да гэтага Саюза не належаць, але твораць. Вершы Аляксандра Слашчова вызначаюцца разнастайнасцю формы, пэўным эксперыментатарствам, вельмі цікавай эстэтыкай, якая, на першы погляд, можа падацца дзесьці нават выклікам.  Паэзія Алы Клемянок жаночая, але яна зразумелая ўсім. Вершы вызначаюцца стройнасцю, добрай рыфмай і рытмоўкай. “Скрыжаванні” Ніны Рыбік – гэта рэалістычныя лёсы людзей. І прысутнасць аўтара адчувальная, але ненавязлівая. У цыкле “Пад бой курантаў” змешчаны абразкі-мініяцюры дастаткова моцнага сацыяльнага зместу.

На фота: Пераможцы першага абласнога літаратурнага конкурсу рукапісаў імя Цёткі  Ніна Рыбік, Ала Клемянок, Аляксандр Слашчоў
Редакция газеты «Гродненская правда»