Ніна Рыбік, галоўны рэдактар “Астравецкай праўды”: “Пішу як жыву”

Ніна Рыбік, галоўны рэдактар “Астравецкай праўды”:  “Пішу як жыву”

Ёсць людзі, якія стогнуць пад цяжарам паўсядзённых праблем. А ёсць такія, што свядома ўзвальваюць на сябе столькі, колькі звычайнаму чалавеку не пад сілу, і ідуць па жыцці лёгка, з усмешкай, дорачы радасць іншым...

Ёсць людзі, якія стогнуць пад цяжарам паўсядзённых праблем. А ёсць такія, што свядома ўзвальваюць на сябе столькі, колькі звычайнаму чалавеку не пад сілу, і ідуць па жыцці лёгка, з усмешкай, дорачы радасць іншым. Рэдактар Астравецкай раённай газеты Ніна Рыбік – з апошніх.

Яна быццам выпрабоўвае сябе ў гэтым жыцці: што і колькі змагу. Сама Ніна Рыбік нагадвае: усё яе жыццё – суцэльныя спробы зведаць нязведанае і даказаць найперш самой сабе, што нічога немагчымага няма. Калі меркаваць па выніках, то зроблена шмат.

Як старшыня раённага савета ГА “Беларускі саюз жанчын” Ніна Аляксееўна з год таму ініцыіравала збор сродкаў для цяжка хворых ляжачых дзетак. І была ўражана, наколькі астраўчане аказаліся міласэрнымі і чулымі да чужога болю. Грошы і сродкі гігіены працягвалі несці нават тады, калі збор іх ужо закончыўся. Гэтак жа дружна астраўчане сабралі сродкі на слухавы імплантант свайму 11-гадоваму земляку.

Балючая для грамадства тэма пакінутых дзецьмі бацькоў спачатку атрымала драматургічнае афармленне ў драме “Калядны вечар”, а потым увасобілася на сцэне. І тут астраўчане пабачылі Ніну Рыбік у яшчэ адной нязвыклай для яе ролі – драматычнай артысткі, творчы дэбют якой на сцэне аказаўся такім жа ўдалым, як і ўсё астатняе, за што яна бярэцца.

Тры гады таму яна здолела згуртаваць вакол сябе інтэлектуальную эліту раёна, і па прыкладу каманды інтэлектуалаў “Астравецкай праўды” пачалі ўзнікаць каманды ў іншых установах рэгіёна. Зараз іх 18, і ўдзельнічаць у “Што? Дзе? Калі?” стала прэстыжным.

З Гродзеншчынай выпадак звязаў Ніну Рыбік 24 гады таму. Прынамсі, у яе жыцці шмат было выпадкаў, якія, як лічыць яна сама, наканаваны лёсам.
Вучаніца сельскай школы ў Хойніцкім раёне на Гомельшчыне з дзяцінства марыла стаць журналістам. Але вырашыла прайсці гэты шлях, спачатку скончыўшы бібліятэчны тэхнікум. Парог хойніцкай “раёнкі” яна пераступіла, калі працавала ў вясковай бібліятэцы. Рэдактар “раёнкі”, пачытаўшы яе творы, адразу разгледзеў у ёй таленавітага журналіста і прапанаваў працу ў штаце.

Чорны дзень 26 красавіка парушыў размераны парадак жыцця і ўсе планы. Чарнобыльскі вецер закінуў Ніну Рыбік з сям’ёй на Гродзеншчыну, у незнаёмы да таго часу Астравец. Зараз яна лічыць гэты край сваім – тут выраслі дзеці, адбылося станаўленне яе як журналіста і рэдактара, на карысць гэтага краю яна працуе.

А дзень 26 красавіка застаецца ў душы як дзень памяці пра радзіму.

– Шмат людзей жывуць і працуюць не там, дзе нарадзіліся, – у гэтым нічога надзвычайнага няма. Але кожны з іх, калі захоча, можа прыехаць туды, дзе зрабіў першыя крокі, дзе маці гушкала ў дзяцінстве. А я і мае землякі можам паехаць на сваю радзіму толькі раз у год і толькі з дазволу. Для мяне гэта – незагойная рана. І тэма для творчасці.

Першы зборнік твораў Ніны Рыбік – проза, напісаная сэрцам. У кожным апавяданні, у кожнай аповесці жывуць людзі, прататыпамі якіх сталі землякі з палескай вёскі Уласы, чый спакой патрывожыў Чарнобыль. Чарнобыльская тэма баліць аўтарцы і ў наступным празаічным зборніку – “Свае і чужыя”. Нарыс “Чернобыль без мифов” прынёс астравецкай журналістцы першую прэмію ў конкурсе, які штогод праводзіць нямецкі часопіс “Spiegel”. Нарыс на чарнобыльскую тэматыку адзначаны ў прэстыжным расійскім конкурсе “Живое слово”. І нездарма – бо гэта творы пра тое, пра што баліць зраненая душа. І толькі зборнік “Скрыжаванні”, рукапіс якога стаў пераможцам абласнога пісьменніцкага конкурсу і сёлета пабачыць свет, – спроба адысці ад таго балючага ўспаміну. Драма ж “Калядны вечар” – адлюстраванне сённяшняга жыцця і спроба аўтара паспрабаваць сябе ў нязвыклым пакуль амплуа драматурга.

З Нінай Рыбік мы пазнаёміліся тады, калі яна толькі прымярала рэдактарскае крэсла і вельмі хвалявалася, як усё атрымаецца. І вось напрыканцы мінулага года Ніна Аляксееўна адзначала ўжо дваццацігоддзе свайго рэдактарства.

Галоўнае, чым ганарыцца рэдактар Ніна Рыбік, – гэта шэсць тысяч сяброў – падпісчыкаў раённай газеты.

– Гэты псіхалагічны бар’ер у шэсць тысяч асобнікаў мы пераадолелі ў сакавіку гэтага года. Тое, што тыраж газеты расце з кожным месяцам, а не на пачатак кожнага квартала, -– верная прыкмета таго, што газета наша падабаецца. А былі ж часы, калі мы мелі толькі 1600 падпісчыкаў. Вось тады і вырашылі для сябе: мы і нашы чытачы – сябры, і ніяк інакш.

За 20 гадоў рэдактар ініцыіравала з’яўленне на газетных старонках шматлікіх цікавых аўтарскіх праектаў. Апошні з іх – спецвыпуск “Белорусская атомная”. Гэта газета ў газеце, на чатырох старонках якой раз у месяц расказваюць пра тое, як будуецца першая Беларуская АЭС, пра людзей, якія прыехалі сюды і сталі астраўчанамі.

Сёлета газета стала выходзіць каляровай. За адну з прэмій, атрыманых за перамогу ў чарговым газетным конкурсе, набылі відэакамеру, і зараз на сайце газеты з’яўляюцца рэпартажы з жыцця рэгіёна.

На сцяне ў рэдактарскім кабінеце цесна дыпломам, граматам і іншым дакументальным пацвярджэнням перамог астравецкіх журналістаў у шматлікіх конкурсах.

Ніна Аляксееўна тлумачыць:

– Гэта надводная частка айсберга, бачная. На самой справе, добрых пачынанняў было намнога больш, чым перамог. Газета – вынік калектыўнай творчасці.

– Якія задачы ставіш перад сабой зараз? – пытаюся ў сяброўкі.

– Вывучаю англійскую мову. Мару падарожнічаць. За апошнія паўгода пабывала ў Расіі, Германіі, Літве, ва Украіне, Мальце.

Я веру: усё ў яе атрымаецца.