У Лідзе адбылася прэм’ера спектакля вядомых еўрапейскіх харэографаў Бэна Ворхама і Сібрыг Доктар

Жыхары Гродзеншчыны маюць шанц пабачыць унікальны спектакль – вынік працы вядомых еўрапейскіх харэографаў Бэна Ворхама і Сібрыг Доктар у рамках міжнароднага дабрачыннага танцавальнага праекта “Дом”.

Прэм’ера ўжо адбылася ў Лідзе на сцэне раённага Палаца культуры. Менавіта там, дзе на працягу трох тыдняў выхаванцы дзіцячага дома змешанага тыпу пад кіраўніцтвам таленавітых педагогаў вучыліся тэхніцы сучаснага танца.

– Дзіцячыя гісторыі і мары на тэму “Дом” ляглі ў аснову аднайменнай танцавальнай пастаноўкі, – расказваюць каардынатары праекта. – Падлеткі выступаюць на адной сцэне з прафесійнымі танцоўшчыкамі з Украіны, Малдовы, Беларусі пад акампанемент дыджэя з Румыніі Ёна Кароі. Важная частка кожнага спектакля – дыскусія з гледачамі…

Танцавальны перфоманс крочыць па гарадах вобласці і краіны. Спектакль паглядзелі ўжо гледачы Гомеля, Мазыра, Віцебска. Гродзенцы пабачаць яго 27 верасня ў абласным драматычным тэатры.

Праект ладзіцца пры падтрымцы шведскай паштовай латарэі і Шведскага інстытута. Першы этап паспяхова прайшоў у Малдове і Украіне.
Редакция газеты «Гродненская правда»