«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» збяруць гасцей у чэрвені

 «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» збяруць гасцей у чэрвені

Мы ведаем Мірскі замак як унікальны помнік беларускага дойлідства, уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Замкам валодалі вядомыя гістарычныя асобы Беларусі. Сёння – гэта цэнтр культурнага жыцця са сваімі брэндавымі мерапрыемствамі. Спадзяемся, што і гэтае новае для замка свята «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» стане адметнай асаблівасцю.

15 чэрвеня ў Міры збяруцца прадстаўнікі больш 20 вядучых кніжных выдавецтваў краіны, якія пазнаёмяць чытачоў з навінкамі кнігавыдання. У тым ліку – з гістарычнай, асветніцкай літаратурай, фотаальбомамі пра розныя гарады краіны, цікавыя куточкі нашай Радзімы, з літаратурай, адрасаванай юнаму чытачу.

fa1231285b088b9cfaeb89a394785570.jpg

На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы пройдзе тэатралізаванае адкрыццё свята. Будуць прэзентаваны кнігі Уладзіслава Місевіча «Песняры», Віктара Хурсіка «Vale. Кніга пра род і лёс Магдалены Радзівіл». У праграме свята – прэзентацыі, аўтограф-сесіі пісьменнікаў Беларусі і Расіі Людмілы Рублеўскай, Віктара Шніпа, Валерыя Казакова, Мікалая Ефімовіча, Анатоля Бутэвіча і шмат яшчэ каго.

Гродзенская абласная навуковая бібліятэка імя Я. Карскага прадставіць выстаўку самаробных кніг і лялек – герояў літаратурных твораў. Мастакі з выдавецтваў раскажуць наведвальнікам пра сучасныя накірункі ў кніжным дызайне, а ў выставачных залах музея можна будзе азнаёміцца з выстаўкай кніжнага знака, іншымі экспазіцыйнымі праектамі, такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

   Госці свята будуць мець магчымасць пагутарыць з літаратарамі Гродзенскага і Мінскага абласных аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Шэраг актуальных пытанняў усе цікаўныя могуць задаць падчас правядзення круглага стала «Гістарычная кніга ў сучасным грамадстве», у якім прымуць удзел літаратары, навукоўцы, грамадскія дзеячы.

Выдавецтвы змогуць перадаць у падарунак бібліятэцы СШ N 1 г.п. Мір свае кнігі.

Арганізатары свята – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі аблвыканкам, Карэліцкі райвыканкам, Гродзенскі філіял РУП «Белсаюздрук», музей «Замкавы комплекс "Мір"», ААТ «Белкніга».