Анатоль Апанасевіч

 

4c61a973bd8f37510a6508b33ca6f763.jpg

 

 

Апанасевіч Анатоль Уладзіміравіч нарадзіўся 4 кастрычніка 1955 года ў Клецкім раёне Мінскай вобласці. Пасля заканчэння ў 1982 годзе Эканамічнага ўніверсітэта (раней –Інстытут народнай гаспадаркі) працаваў эканамістам у Гродне. Вершы, проза і артыкулы неаднаразова з'яўляюцца ў перыядычным друку. У 1997 годзе выдаў кнігу вершаў “Под фатальной тенью”; у 2010-м – сборнік лірыкі “Вечерний листопад”. Захапляецца жывапісам, скульптурай, бардаўскай песняй. Вядзе ўласны інтэрнэт-блог. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Піша на рускай і беларускай мовах. Жыве ў Гродне. 

ГАРАДЗЕНСКІ ВАЛЬС

У шумных сталіцах завулкі твае ўспамінаю,

І недзе ў далёкіх мясцінах я сумна блукаю,

Мой горад, якому ніколі не быў я дарэмны,

Мой горад, які адчуваеш, як неба у цемры.

І дыхаеш лёгка, і позіркам цень высвятляеш,

Калі ты мяне зноў з далёкіх краёў сустракаеш,

Мой Гродна – мая даражэйшая сэрцу маёмасць,

Мой спадчынны кут, дзе сумленне спаткала свядомасць.

Забыць пра імгненне можна, калі ты у “Фарным”,

Пад крыжам Саборным так лёгка не марыць аб марным,

Куды ні зірнеш – бачыш стаўшыя звыклымі цуды –

Прыгожае з вечным у Гродне пасеяна ўсюды.

О, колькі ўзнёслага дару табе прысвячалі

Ўсе тыя, што сцены твае ад асноў уздымалі,

Каб стаць каранямі ўсяго Гарадзенскага роду

На гэтай зямлі – на ўзмежжы з Заходам Усходу!

Пяшчотнай далоняй даткніся да муру Каложы,

Калі ты пакой у душы сваёй хочаш памножыць,

Адчуй, як пульсуе Жывое у цэгле і ў дрэве,

Каб добрыя ўсходы займець у духоўным пасеве.

Каб ты зразумеў: як мінулае ставіцца сёння,

Так будзе ўспрымацца у будучым Край Прынямоння – 

Праз нашу пашану да продкаў, а можа й каханне

І нашыя справы ў нашчадкаў знаходзяць прызнанне.

ГАРАДЗЕНСКІЯ МАЙСТРЫ

Гарадзенскія майстры –

Продкі і сучаснікі,

Вашы творчыя дары –

Хараства запаснікі.

Уздыму пачуццяў бал

(З веліччу супольныя)

Ў час калі кранаю даль

Позіркам раздольным я.

Над Каложай даўніна

Ўзносіцца духоўная,

А над Фарным – чысціня

Музыкай бязмоўнаю.

Ад прытульнай цеплаты

Дворыкаў і вулачак

Вее шчырасць дабраты 

Ціха неяк, чула так…

Гарадзенскія майстры – 

Носьбіты цудоўнага,

Дзеці века – не пары,

Талента працоўныя. 

Што для вас ўся мітусня

Рэчыва-імгненная?

Ўсё – падман, і ўсё – хлусня,

Дзе няма натхненнага.

Вам удзячны маладосць

І сівое золата

За ўсю гэту прыгажосць –

За адметнасць горада. 

МАТЧЫНА МОВА

Разумею, што трэба мне, трэба

Напісаць верш на мове сваёй,

Бо прад тым, як адчуць водар хлеба,

Перш я словы пачуў мовы той.

Трэба вершам сказаць (рыфмаванне – 

Ёсць вышэйшая праца пяра):

Здабываюць зярняты кахання

З залацістых калоссяў дабра.

Хай пачуе, хто вечнае гасіць,

Хто купляе свой рай за грашы:

Чалавечнасць ні ў сейфах запасяць,

А ў светлай скарбонцы душы!

Каб сучаснікам даць панацэю

Ды й нашчадкам, мо, даць зразумець,

Што пакуль мы на мэты хварэем,

І наш родны край будзе хварэць.

Што сказаць – ёсць у многім патрэба,

І ўпэўнены: верш мой кране,

Але ж іншым  штось іншае трэба,

Таму слухаць не хочуць мяне. 

Редакция газеты «Гродненская правда»