Антон Янкоўскі

Антон Янкоўскі

 

 

Янкоўскі Антон Юр’евіч нарадзіўся нарадзіўся 29 сакавіка 1986 года ў вёсцы Енчы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. У 2003 годзе скончыў Нацкую сярэднюю школу Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці У 2008 г. – Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Рэжысура народных абрадаў і свят”. Працаваў выкладчыкам тэатральных дысцыплін у Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў.Невялікія дзіцячыя апавяданні і замалёўкі пачаў пісаць у пачатковых класах, у юнацкія гады былі напісаны першыя вершы на рускай мове. У студэнцкія гады прыйшло разуменне, што толькі беларуская мова можа быць мовай яго паэзіі. Піша вершы, прозу, публіцыстыку.

Друкаваўся ў газетах “Гродзенская праўда” і “Воранаўская газета”, ва універсітэцкіх зборніках “Дар зямны” (суполка “БУКет”) і “Альфабэт”, у рэспубліканскіх часопісах “Рэпетытар”, “Дзеяслоў” і “Маладосць”. Аўтар зборнікаў вершаў “Анёл з васільковымі вачыма” і “Белыя рамонкі”. Узнагароджанны дыпломам 1 ступені Абласнога літаратурнага конкурсу “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечанага 80-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Піша на беларускай мове. Жыве ў Гродне. 

БЕЛЫЯ РАМОНКІ

Любілі кветкі

Пяшчоту мяккіх рук матулі,

І з гэтага яны цвілі –

Штодзённа!

Дарылі кветкі

Сваю падзяку, бо адчулі:

На падваконніку жылі

Не бессэнсоўна!

Завялі кветкі –

Калі вясеннім днём матуля

Душу на неба адпусціла

Назаўсёды…

Ды кажуць ветры,

Што на нябёсах ёй утульна –

І заквітнелі ля магілы

Рамонкі!

Белая рамонкі…

***

Вярнуўшыся ў родную хату,

На родны прысеўшы парог,

Ты скажаш: “Дзень добры, мой тата!

Падумаць, прайшло столькі год…”

Маршчыністы твар усміхнецца

І скажа: “Мінаюць гады,

Але застаюцца навечна

Святымі – сям’я, дом, бацькі!”

Вярнуўшыся ў родную хату,

Зсям’ёй за святочным сталом,

Сустрэўшы з аплаткай Каляды,

Успомніш дзяцінства сваё…

І рэха малітвы сумеснай

Гучыць, як бацькоўскі наказ:

“Вас можа раскідаць па свеце,

Але прылятайце да нас!”

Вярнуўшыся ў родную хату,

Адкуль б’е крыніца твая,

Цяпер дзе адно маці з татам

Стаяць ля пустога двара

І вуліцай зноў выглядаюць,

Калі ў дом вярнуцца сыны…

А дзеці лісты дасылаюць:

“Вам дзякуй, што ў свеце ёсць Вы!”

І робішся зноўку багатым

Ад шчырых усмешак і слоў,

Вярнуўшыся ў родную хату –

Да родных, любімыхбацькоў!

***

Мне вельмі цябе не хапае…

Па Нёмане месяц гуляе

І хвалям у рытм падпявае:

“Сумую, чакаю, кахаю…”

Па вуліцах Гродна блукаю,

Ззавеяй пра нас размаўляю,

У кроках жаданне хаваю –

Прымчацца хутчэй на спатканне!

Дымары адлегласць з’ядае:

Пачуцці на моц правярае –

Сустрэч аўадно не хапае…

Сумую, цябе ўспамінаю:

Усмешку, што твар асвятляе,

Смак вуснаў, які акрыляе,

І стан грацыёзны – натхняе

На вершы, што я прысвячаю

Адзінай, якую кахаю!

І марамі дзень набліжаю,

Калі у касцёле зайграе

Вясельны гімн нам на аргане:

Цяпер ў Богу вы паяднаны!

Редакция газеты «Гродненская правда»