Астраўчанка Яна Стралкоўская стварае ўнікальныя кветкі і свяцільні сваімі рукамі

Астраўчанка Яна Стралкоўская стварае ўнікальныя кветкі і свяцільні сваімі рукамі

Жанчына стварае кветкі памерам з рост чалавека.

На святах, імпрэзах ці ўрачыстасцях можна ўбачыць вялікія, у рост чалавека, ружы, васількі, півоні. Амаль год роставай фларыстыкай займаецца астраўчанка Яна Стралкоўская. Жанчына стварае не толькі кветкі для дэкору інтэр’ера, але і ўнікальныя свяцільні. Пра незвычайнае захап­ленне і творчасць наш карэспандэнт ostrovets.by пагутарыў з рукадзельніцай.

– Давайце напачатку пазнаёмімся. Як у вас узнікла ідэя займацца роставай фларыстыкай?

–   Працую ветэрынарным урачом у раённай ветстанцыі. Па натуры я творчая і няўрымслівая. Чым толькі ні займалася! Вязала, малявала, захаплялася алмазнай вышыўкай і паперкрафтам – мадэляваннем з паперы. 
На дзень нараджэння знаёмыя падарылі свяцільню ў выглядзе ружы з ізалону – я яе мацала, разглядвала структуру – зацікавіў гэты матэрыял. Больш інфармацыі знайшла ў інтэрнэце. На наступны дзень аббегала ўсе астравецкія магазіны для творчасці, але ізалону не знайшла – купіла аркуш этыленвінілацэтату, вядомы ў народзе, як ЭВА. Першыя ружачкі «скруціла» з яго. Потым пачала замаўляць ізалон у інтэрнэт-магазінах – ён амаль удвая таннейшы за ЭВА.

1.JPG

– Дзе можна ўбачыць вашы работы?

– Спачатку тварыла для сябе. Пазней стала публікаваць фотаздымкі работ на сваіх старонках у сацыяльных сетках. Сябры і незнаёмцы цікавіліся, ці можна іх набыць. Упершыню як рамеснік сёлета ездзіла на Троіц­кі фэст у Гервяты. Падыходзілі людзі, распыт­валі пра работы, матэрыял. Дарэчы, я была адзіная з вырабамі з ізалону. Мне вельмі там спа­дабалася!

– А як «нараджаюцца» вашы гіганцкія кветкі?

– Спачатку раблю шаблон на паперы і пераношу яго на лінолеум. Гатовыя дэталі прыкладваю да мяккага порыстага ізалону і выразаю звычайнымі канцылярскімі нажніцамі. Затым падстаўляю нарыхтоўку пад струмень гарачага паветра з будаўнічага фена. Дэталі становяцца мяккімі – рукамі ім можна надаць любую форму. Па той жа тэхналогіі раблю лісцікі, на якія з дапамогай молдаў наношу ўзор накшталт пражылак. Дэталі змацоўваю гарачым клеем са спецыяльнага пісталета. 

23.JPG

Гатовая кветка мацуецца на плафон: ад пат­рона па трубцы праведзены провад. З «электрыфікацыяй» кветак напачатку дапама­гаў муж, цяпер спраўляюся сама. 

– А колькі часу займае ўвесь працэс?

– Гатовыя дэталі збіраю каля 2-3 гадзін. Найбольш часу займае стварэнне пялёсткаў і наданне ім формы. Калі вельмі захоплена працэсам – магу тварыць усю ноч! Так было з крыламі анёла, якія я рабіла амаль без перапынку 25 гадзін. Выразала больш тысячы пёрак. 

– Як блізкія адносяцца да вашага захаплення, калі вы «знікаеце» ў ізалонавых кветках на некалькі гадзін? 

– Цудоўна! Усе мае пачы­нанні муж і сын заўсёды падтрымліваюць. Я без творчасці не магу – і яны гэта разумеюць. Напрыклад, мне тэрмінова спатрэбілася для свяцільні спецыяльная труба. Пяць хвілін на зборы – і мы з мужам на машыне імчым за ёй у магазін. Саша ніколі не шкадуе для мяне ні грошай, ні часу – за гэта я яму вельмі ўдзячна. Сыну таксама падабаецца, чым я займаюся. Зробленыя мной кветкі Глеб падарыў сваёй аднакласніцы. 

55.jpg

– Кажуць, што для творцы яго работы, як дзеці. Якія вырабы вы любіце найбольш і чаму?

– Гэта Сатурн – планету рабіла не з ізалону, а са шпаклёўкі па дрэве. Сын з дзіцячага садка захапляецца астраноміяй і космасам. Ён папрасіў зрабіць планету, але не з сонечнай сістэмы. Аказваецца, у яе шмат кольцаў і яна аддалена нагадвае Сатурн. У выніку я зрабіла, хоць давялося папацець. (Усміхаецца.)
Дарагое сэрцу пано з анемонамі, якое вісіць для падсветкі ў нашай спальні. Ну і, канешне, першыя работы – іх нікуды не падзенеш, але яны дарагія сэрцу як памяць.

5.JPG

– Вашы работы прыносяць даход?

– На сваім захапленні я амаль не зарабляю. Да сабекошту накідваю рублёў 10-20. Займаюся гэтай справай не для прыбытку, гэта прыносіць задавальненне. Хочацца, каб мае кветкі-свяцільні радавалі людзей. 

– Не плануеце зрабіць сваё захапленне справай жыцця?

– Ніколі не задумвалася пра гэта. Хутчэй не, чым так. Твару я па поклічы душы і калі ёсць жаданне – гэта па-першае. Па-другое, я люблю ветэрынарыю – гэта не толькі мая работа, але і прызванне.

12.jpg

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»