“Гальшанскі кірмаш” сабраў сяброў

“Гальшанскі кірмаш” сабраў сяброў

Напрыканцы верасня, калі восень скруціла залатую салому з палеткаў у вялікія рулоны, скавала ў цюкі сена, сабрала багаты ўраджай з гародаў, расквеціла яркімі фарбамі лісце на дрэвах, — адбылося свята вёскі ў аграгарадку Гальшаны. У гэты вераснёўскі вечар  вяскоўцы і жыхары суседніх вёсачак адклалі свае штодзённыя справы, бо застаўся толькі адзін клопат – наведаць “Гальшанскі кірмаш”.

Нездарма гэта восеньскае свята атрымала такую назву, бо ў мінулым стагоддзі акрамя штотыднёвых таргоў у мястэчку некалькі разоў на год праводзіліся буйныя гальшанскія кірмашы, вядомыя ва ўсёй краіне. Спецыфічным заняткам местачкоўцаў было вязанне рукавіц, панчох, “гальшанскіх каптаноў”. Сёння ўвагу гальшанцаў прыцягнулі “сучасныя” вырабы народных майстроў і гандлёвыя рады, дзе кожны змог выбраць ласунак ці выраб на свой густ, паўдзельнічаць у конкурсах і віктарынах. Для дзяцей працавалі надзіманыя атракцыёны, можна было паласавацца папкорнам і салодкай ватай.

DSC_1415.jpg

Цікавае свята для сваіх аднавяскоўцаў падрыхтавалі работнікі аддзела культуры і вольнага часу. Добрымі песнямі, гучнымі танцамі, тэатралізаванымі прадстаўленнямі – гасцей віталі – дзіцячая вакальная група “Рамонак”, танцавальная група “Фіеста”, удзельнікі гуртка мастацкага чытання і аматарскага аб’яднання “Пагуляйкі”, якія працуюць пры Гальшанскім аддзеле культуры і вольнага часу. Шчырыя песні падарылі гасцям кірмаша Любоў Шчарбакова, Марына Гайдановіч, Інэса Смалонская і Караліна Адашкевіч.

IMG_2787.jpg

Закруціла ўсіх прысутных у віры падзей Восень (Таццяна Травіцкая), добры настрой падарылі артысты — Алена Шавель, Таццяна Шавель, Міхаіл Буйніцкі і Вольга Сінькевіч. Паўдзельнічаць у восеньскай віктарыне запрасілі Іван Андрэеў і Караліна Адашкевіч. Цікавыя конкурсы для дарослых і дзяцей правяла Алена Альшук (Барунскі сельскі клуб).

Асаблівае месца на кірмашы заняла фотавыстава “Гэтым ганарыцца Гальшанская зямля”, якую падрыхтавала краязнаўца Валянціна Лабуніна. На здымках адлюстраваны архітэктурныя помнікі, людзі, здабыткі гальшанскіх хлебароў, а таксама фотарэпартаж са свята “Дажынкі- 2016”.

Завяршылася свята выступленнем народнага сямейнага ансамбля “Граўжанцы” і яскравым прадстаўленнем мінскага цырка “Фенікс”. Вяскоўцы неахвотна разыходзіліся дамоў. Удзячныя арганізатарам і музыкантам за падораныя шчаслівыя імгненні, яны ўпэўнены, што гэта сустрэча далёка не апошняя.

IMG_2763.jpg


ВАРТА ПАЧЫТАЦЬ: