Ганненскі кірмаш у Зэльве. Што ні год – новыя падзеі. Год 2016-ы

Ганненскі кірмаш у Зэльве. Што ні год – новыя падзеі. Год 2016-ы

З году ў год арганізатары Ганненскага кірмашу надаюць яму новы каларыт, захоўваючы пры гэтым лепшыя традыцыі святкавання.

1721 год – яркая старонка ў жыцці Зэльвенскага краю, якая сведчыць аб адкрыцці тут унікальнага па свайму значэнню Ганненскага кірмашу. Праз стагоддзі Зэльвеншчына палічыла сваім абавязкам адрадзіць традыцыю Ганненскага кірмашу, якому сёлета спаўняецца 300 гадоў.

«Новае дыханне» знакаміты кірмаш атрымаў у 2001 годзе, калі ў Зэльвенскім раёне вырашылі, што свята з магутнымі гістарычнымі каранямі павінна стаць візітнай карткай Зэльвеншчыны – адным з самых масавых і жаданых для мясцовых жыхароў і гасцей. З году ў год арганізатары Ганненскага кірмашу надаюць яму новы каларыт, захоўваючы пры гэтым лепшыя традыцыі святкавання. Нагадаем нашым чытачам цікавыя падзеі мінулых гадоў.

Акцэнт – на супрацоўніцтва рэгіёнаў

Удзел у святкаванні кірмашу прынялі госці з Латвіі.

Падчас афіцыйнай сустрэчы з кіраўніцтвам раёна старшыні Добельскага і Яўнелгаўскага муніцыпалітэтаў Андрэйс Спрыдзанс і Гунтыс Лібекс пацвердзілі гатоўнасць развіваць адносіны з Зэльвенскім раёнам. Аб гэтым сведчыць падпісанае бакамі Пагадненне.

Дакумент адкрыў магчымасці для ўдзелу ў распрацоўцы і рэалізацыі праектаў па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Літва – Латвія – Беларусь» на 2014 – 2020 гг. У прыватнасці, пагадненне нацэлена на развіццё супрацоўніцтва ў культурнай, турыстычнай, спартыўнай, адукацыйнай сферах, а таксама ў сферы сацыяльнага абслугоўвання і іншых галінах, якія ўяўляюць узаемную цікавасць.

Бакі разлічваюць, што паміж Зэльвеншчынай, Яўнелгаўскім і Добельскім краямі ўсталююцца цёплыя і сяброўскія адносіны, наладзіцца абмен вопытам, павялічыцца ўзаемны ўдзел у мерапрыемствах розных напрамкаў.

Плылі на чым папала

Падчас кірмашу ў Зэльве ўпершыню прайшоў конкурс-заплыў «На чым папала».

Арганізатары спаборніцтваў падхапілі ідэю фестывалю «Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў» і наладзілі цудоўнае шоу. Работнікі Зэльвенскага лясніцтва збудавалі пірацкае судна з пустых жалезных бочак. Яркія касцюмы, адпаведная атрыбутыка, музычнае афармленне – усё было прадумана да дробязяў. Пірацкую тэматыку абралі каманды СВК «Сынкавічы» і ПМС. Плаўсродак РАНС паўстаў перад гледачамі ў выглядзе печы, на якой плыў на кірмаш Ямеля. Зэльвенскія медыкі адправілі ў плаванне «хуткую дапамогу» – самы мініяцюрны плаўсродак конкурсу, выраблены з пластыкавых бутэлек і пенапласту. Прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі прадэманстравалі, што іх Жар-птушка здольная не толькі трымацца на плаву, але і танцаваць на хвалях. Судна РУП ЖКГ прыплыла на караблі з другаснай сыравіны. Бурнымі апладысментамі гледачы сустракалі спектакль, разыграны Нептунам і Русалкай – членамі каманды ДРБУ-118. Прадстаўнікі аддзела адукацыі выпусцілі на хвалі плыт ў выглядзе коннай падводы з сімволікай кірмашу.

Майстравалі лялькі

Упершыню прайшоў конкурс на лепшую кірмашовую ляльку.

Да стварэння кірмашовых лялек удзельнікі конкурсу падышлі вельмі творча. Умеліцы падрыхтавалі «канкурсантак» у розных стылях, з розных матэрыялаў. Беларусачкі і Цыганкі, Дамавіхі і Вяснянкі – усе яны каларытныя і ўнікальныя, бо створаны ў адзіным экзэмпляры. Вышыня лялек – ад паўметра і вышэй. Дарэчы, сярод «намінантаў» былі і мужчынскія лялькі. Чаго толькі каштаваў казачнік Дзед-Барадзед!

image-34.png

Будавалі вежы з пяску

Пафантазіраваць з пяском, камянямі, ракавінкамі і г.д. можна было падчас конкурсу пясочных фігур.

image-35.png

На музейных вітрынах – эпоха ХVIII стагоддзя
У Зэльве адкрыўся музейны пакой, прысвечаны Ганненскаму кірмашу.

На цырымоніі прысутнічала кіраўніцтва раёна, зэльвенцы і госці. З задавальненнем прынялі запрашэнне на мерапрыемства ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі, якая па традыцыі праходзіць у рамках кірмашу. Пасля перарэзвання сімвалічнай чырвонай стужкі, прывітальных слоў адбылася экскурсія.

image-31.png

Стварэнню музейнага пакоя папярэднічала карпатлівая праца па назапашванні матэрыялу. Збіраць экспанаты, дакументы, фотаматэрыялы і іншыя памятныя рарытэты першымі пачалі супрацоўнікі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Частка экспазіцыі распавядае пра мінулае Ганненскага кірмашу. Тагачаснае ўбранне для шляхетных дваран, гербы роду Сапегаў, прадметы ўжытку – усё нагадвае пра XVIII стагоддзе, адкуль і бярэ свой пачатак кірмаш. Адзін з раздзелаў прысвечаны коням. На музейных вітрынах – калекцыя сувенірных фігур, вырабленых з гліны, саломкі і г.д. Асобнае месца адведзена самаробным лялькам і батлейцы. Не менш цікавыя экспанаты – тыя, што прадстаўляюць сучасны Ганненскі кірмаш. Гэта і фотаздымкі, і афішы артыстаў, якія выступалі ў розныя гады на кірмашы, разнастайная сувенірная прадукцыя.

Арганізатары заклікаюць усіх, у каго ёсць якія-небудзь памятныя рэчы, звязаныя з гісторыяй кірмашу, папоўніць фонд музейнага пакоя.

На кірмашовай пляцоўцы – паэты
У дзень кірмашу на пляцоўцы летняй эстрады аматары паэзіі сустракалі паэтаў – зяльвян і гродзенцаў.

Паэтычную гасцёўню, як і дзве цікавыя выставы – “Зэльва паэтычная” і “На нёманскай хвалі”, падрыхтавалі работнікі раённай бібліятэкі. Першая была прадстаўлена ў асноўным прадукцыяй самой бібліятэкі, а другая – персанальнымі і калектыўнымі зборнікамі членаў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Адзін за адным на сцэне выступалі паэты: Ганаровы грамадзянін Зэльвенскага раёна, уладальнік медаля Францыска Скарыны Уладзімір Мазго, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянцін Семяняка, пераможца двух конкурсаў, прысвечаных Гродна, Ірына Данік і гродзенцы Дзмітрый Радзівончык, Тамара Мазур, Пётр Сямінскі. Сустрэча атрымалася надзвычай цёплай.

image-36.png

Жоўтыя, зялёныя, сінія…

Усе колеры вясёлкі можна было ўбачыць на зэльвенцах у час фестывалю «Color Fest».

На цэнтральным пляжы пасёлка сабралася шмат людзей рознага ўзросту, якія з цікаўнасцю чакалі пачатку шоу.

Калі Color Fest стартаваў, праз пару хвілін над пляцоўкай падняўся рознакаляровы слуп пылу. «Размаляваныя» дзеці былі ў захапленні. Масавы «выкід» фарбы адбываўся кожную гадзіну. Маладыя людзі без стомы танцавалі пад сучасную музыку. Не даваў публіцы сумаваць шоу-балет «Гараж». А крыху пазней госці прыемна здзівілі прысутных майстар-класам па сучасным танцы.

Color Fest панаваў на Зэльвеншчыне да самай цемнаты.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»