Як Гродна набыў статус кававай сталіцы

Кандытарскія традыцыі ў Гродне з'явіліся яшчэ да Першай сусветнай вайны. У 1903 годзе мешчанін Маркус Леві атрымаў дазвол на вытворчасць цукровага колеру (карамелі) на Беластоцкай вуліцы (цяпер – вуліца Суворава). А ў 1911-м на Замкавай вуліцы ў доме Чатвярцінскіх ужо працавала фабрыка кавы Шлемы Гіршэвіча Янкоўскага.
На мясцовай сыравіне
Аднак сапраўды прамысловыя маштабы вытворчасць атрымала ў гады Першай сусветнай вайны. У 1915-м Гродна занялі нямецкія войскі. Акупанты адчувалі востры недахоп натуральных прадуктаў і ў значных аб'ёмах распачалі вытворчасць так званых “эрзац”-мармеладу і “эрзац”-кавы. Выраблялі каву з мясцовых садавіны, жалудоў, ячменю і іншых замяняльнікаў.
Гродзенскі гісторык, кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Горны адзначае, што ў 1917 годзе багаты гродзенскі прадпрымальнік Марголіс на вуліцы Паўночнай (цяпер – Валковіча, 4) адкрыў фабрыку штучнай кавы. Выраблялася яна з другасных элементаў – ячменю, жалудоў, цыкорыя. Для гэтай фабрыкі ўзвялі трохпавярховы цагляны будынак, які захаваўся да нашых дзён.
– У 20-я гады гэта была не толькі фабрыка кавы, але яшчэ і фабрыка мармеладу, дадае Аляксандр Горны.
У 1926 годзе справы разладзіліся і фабрыку аб'явілі банкротам.

“Спартак” родам з Гродна
У 1930-я яна адрадзілася ў прыватных руках – уладальнікам стаў Станіслаў Тамічак, а назва змянілася на “Kawa-Toma”. Прадпрыемства актыўна скупляла ў насельніцтва жалуды, сою, корань цыкорыя, буракі і іншыя караняплоды для вырабу кававых напояў. У 1936 годзе пры ўсяго 24 работніках фабрыка вырабіла 420 тон кававага напою.
Пасля ўваходжання Гродна ў склад БССР у верасні 1939 года фабрыку нацыяналізавалі і ўключылі ў “Белкандытартрэст”. У 1940 годзе яна выканала план па вытворчасці кавы на 118%, а ў студзені 1941-га – на 142%.
– У пасляваенны перыяд тут пачалі вырабляць цукеркі. У 1958 годзе абсталяванне гэтай цукерачнай фабрыкі было перанесена ў Гомель на фабрыку “Спартак”. А ў нашым горадзе фабрыка зачынілася, – распавёў Аляксандр Горны.

“Ракавыя шыйкі” і “Радый”
З дакументаў вядома, што ў 1950-я гады асартымент фабрыкі быў вельмі шырокі: акрамя кавы (да 500 тон штогод), выпускалі шакаладны сіроп, яблычнае пюрэ, а з 1953 года – глазураваныя і неглазураваныя цукеркі “Крэм-какаа”, “Ракавыя шыйкі”, “Чырвоная кветка”, “Залатая восень”, “Спорт”, “Вішнёвы лікёр”, “Залатая ніва”, “Медны коннік” і нават цукеркі з дзіўнай назвай “Радый”. Упакоўку для іх друкавалі на суседняй гродзенскай літаграфіі.
Але ў 1958 годзе вытворчасць спынілі, абсталяванне вывезлі ў Гомель, а будынак перадалі швейнай фабрыцы (пазней – прадпрыемству “Элод”).
Як падкрэслівае Аляксандр Горны, будынак гэты нагадвае нам вельмі значную гісторыю кавы на тэрыторыі Гродна і замацаваў за нашым горадам гэты славуты статус кававай сталіцы.
Сафія Яновіч
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
