На Аўгустоўскім канале згуляюць адразу 17 вяселляў па старадаўніх беларускіх традыцыях

На Аўгустоўскім канале згуляюць адразу 17 вяселляў па старадаўніх беларускіх традыцыях

Вяселле нашых продкаў з’яўляецца сакральным рытуалам, напоўненым глыбокім сэнсам, дзе кожная песня, ручнік ці нават погляд мелі свае значэнне. Менавіта таму на Гродзеншчыне стартаваў унікальны абласны праект "Вяселле па беларускіх канонах". Грандыёзнае мерапрыемства адбудзецца на Аўгустоўскім канале, 7 чэрвеня, падчас рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры "Скарбы Гродзеншчыны" ў трэці дзень юбілейнага XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Жаночы пачатак і захаванне ідэнтычнасці

Праект "Вяселле па беларускіх канонах" ініцыяваны Гродзенскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці. 

– Вяселле на вёсцы заўсёды было самай жаданай падзеяй, якая святкавалася некалькі дзён. Сватаўство, складаны цыкл выпякання каравая, урачысты прыезд маладога да маладой, таямніца вянчання, застолле спачатку ў хаце жаніха, а потым у нявесты... І, канешне, вясёлыя элементы: "вясельныя брамы" і прыход жартаўлівых "цыганоў". Цікава, што нікому з хлопцаў не хацелася атрымаць адмову ад будучай нявесты і стаць аб’ектам для кпінаў на ўсю вёску. Таму перад тым, як ісці ў сваты, абавязкова рабілі "перапыты" праз блізкіх людзей: ці згодна наогул дзяўчына пайсці замуж, – падзялілася намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, магістр і этнограф Наталля Рамановіч.

photo_5267058553212573328_y.jpg

Ручнікі, чарка і салома на дарозе

Даследчыкі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці падрабязна вывучылі, як выглядаў першы, адзін з самых хвалюючых этапаў вяселля – сватанне.

– У кожнай вёсцы былі свае, асаблівыя знакі, – расказала этнограф. – Напрыклад, у многіх месцах своеасаблівым сімвалам згоды на шлюб былі вышываныя ручнікі, якімі дзяўчына перавязвала сватоў. Адбывалася, што бацькі нявесты запрашалі сватоў за стол і частавалі іх "першай чаркай з гарэлкі жаніха". А вось у многіх весках сімвалам згоды нявесты з’яўляліся падарункі, якія яна давала бацькам (ручнік для бацькі і хустку для маці). 

Сватанне звычайна адбывалася ў суботу вечарам. У сваты ішлі сват і сваха (абавязкова таксама жанатыя і не ўдаўцы), часам бралі хроснага бацьку маладога, але сам жаніх у хату нявесты не заходзіў. Прысутнасць нявесты, наадварот, была абавязковай.

photo_5267058553212573329_y.jpg

– Для такога важнага дня спецыяльна пяклі пірагі, а з сабой у сваты бралі хлеб і гарэлку. Інфарматары адзначаюць, што ў абрадзе сватання заўсёды прысутнічаў гульнявы і жартаўлівы момант. Сваты нібыта выпадкова заблукалі і замест таго, каб адразу пытацца аб шлюбе, заходзілі здалёк: "Ёсць у нашым двары князь малады, а ў вас – князёўня. Дык ці не аддасце вашу князёўню за нашага князя?" Гэтыя дыялогі з гульнёй у "куплю-продаж" рабілі абрад асабліва вясёлым і запамінальным. Калі ж дзяўчына згаджалася, яна навязвала ўсім сватам ручнікі, і яны з імі ганарова ішлі па ўсёй вёсцы.

А была яшчэ адна вясёлая традыцыя. Як толькі сваты заходзілі ў хату маладой, мясцовыя хлопцы і дзяўчаты выцягвалі са стагоў салому і зацярушвалі ёю ўсю дарогу ад хаты жаніха до хаты нявесты. Часам нават наймалі падлеткаў, яны хутчэй раскідалі салому і каб уся вёска раніцай ведала: сюды прыходзілі сваты. Пла­цілі моладзі за гэта пачастункамі. Людзі раніцай прачыналіся, бачылі салому па ўсіх вуліцах і адразу разумелі – хутка вяселле.

photo_5267058553212573331_y.jpg

Пячэм каравай

Пасля паспяховага сватання пачыналася актыўная падрыхтоўка. Запрашаліся госці, гатаваліся пачастункі і, канешне, выпякаўся каравай – галоўнае вясельнае абрадавае печыва.

– Падрыхтоўка каравая на Гро­дзеншчыне, магчыма, не была такой унікальнай з’явай, як знакаміты "мотальскі" каравай на Брэстчыне, але яна заставалася найважнейшым этапам, – расказала Наталля Рамановіч. – Выпяканне заўсёды суправаджалася спецыяльнымі кароткімі песнямі і прысудкамі. Да гэтай працы дапускаліся толькі замужнія, паважаныя і шчаслівыя ў шлюбе жанчыны, якія добра жывуць у сваіх сем’ях. Каравайніцы ведалі: ад якасці выпечанага каравая залежыць лёс маладых і іх сямейны дабрабыт. Рашчыняючы цеста, жанчыны прыгаворвалі: "З сямі крыніц вада, з сямі пшаніц мука, загранічнае масла і яец паўтараста". 

photo_5267058553212573332_y.jpg

Працэс быў вельмі сур’ёзным. Жанчына, якая рашчыняла цеста (часцей за ўсё хросная маці маладой), спачатку абавязкова прасіла на гэта дазволу ў бацькоў. Перад тым, як паставіць каравай у печ, яе чыста вымяталі. Сам жа каравай пасля выпечкі чапаць рукамі катэгарычна забаранялася – яго акуратна даставалі і клалі на чысты ручнік. Пяклі яго за дзень ці два да свята і вельмі ўважліва сачылі за вынікам. Калі каравай атрымліваўся занадта мяккім і рассыпаўся, то лічылася, што і каханне маладых будзе недаўгавечным і крохкім. Калі ж каравай выпякаўся цвёрдым і дужым – гэта быў лепшы знак: маладыя пражывуць разам усё жыццё ў каханні і згодзе.

Выкуп нявесты

Адным з самых відовішчных момантаў вяселля заўсёды з’яўляўся абрад вясельнай брамы, які ладзіўся ў першы дзень святкавання. Як толькі картэж маладых заязджаў у сваю вёску, суседзі або вясковая моладзь перагароджвалі ім дарогу. Пасярод вуліцы ставілі стол або табурэтку, засланую прыгожым абрусам, на якую клалі бохан хлеба з соллю і бутэльку гарэлкі. Маладыя павінны былі праехаць менавіта па галоўнай вуліцы вёскі. Выкуп нявесты суседзямі ператвараўся ў сапраўднае выпрабаванне. Мясцовыя жыхары жартавалі: "Пакуль з Прывалкі прыедуць маладыя ў Пальніцу – будзе жаніх гол як сакол". 

Сакральны куфар, жывыя квет­кі і перавод у жаноцкі стан

Вяселле было поўнае прагнозаў на будучыню. Важную ролю тут адыгрываў вясельны куфар з пасагам, які дзяўчына пачынала збіраць самастойна з самага маленства. Да 16-17 гадоў яна павінна была напоўніць яго рэчамі, зробленымі ўласнымі рукамі: вышыванымі ручнікамі, посцілкамі, кашулямі і падарункамі для сям'і будучага мужа. Пры ўваходзе ў хату жаніха куфар урачыста заносілі, і маладая паказвала бацькам мужа сваё майстэрства. Гэта была яе галоўная візітоўка як будучай гаспадыні.

Адметнай рысай было тое, што вясельны вянок нявесты плялі толькі з жывых кветак. Ён меў форму круга, які пакідаў адкрытай цемянную частку галавы. Таму спачатку на галаву дзяўчыны накідвалі тонкабраную тканіну або вэлюм, а ўжо зверху надзявалі гэты кветкавы вянок, ствараючы адзіны і непаўторны галаўны ўбор. Пад канец вяселля надыходзіў самы шчымлівы і важны момант – перавод маладой у жаноцкі стан. З яе галавы здымалі вянок з вэлюмам (сімвал дзявоцтва) і вешалі яго на ікону, а галаву павязвалі хусткай – галаўным уборам замужняй жанчыны. Пасля гэтага зняты вянок чаргой мералі на незамужніх дзяўчат. Лічылася, якая з іх першай надзене вянок нявесты, тая хутчэй за ўсіх астатніх выйдзе замуж.

photo_5267058553212573333_y.jpg

Усе гэтыя багацці ажывуць 7 чэрвеня на Аўгустоўскім канале. Пад гукі гармоніка, цымбалаў, скрыпкі і бубна, у асяроддзі таленавітых народных музыкаў 17 раёнаў вобласці згуляюць вялікі агульны вясельны карагод і прадставяць свае ўнікальныя вясельныя абрады ў адзін дзень.

– Гэта будзе маштабнае свята жывой спадчыны, – падкрэсліла Наталля Рамановіч. – Кожны рэгіён прывязе сваю разынку. Астравецкі раён пакажа "Выкуп маладой", Бераставіцкі і Дзятлаўскі – знакамітую "Браму", Воранаўскі – "Бласлаўленне маладых на шлюб", а Гродзенскі – "Выправы маладой да шлюбу". Гледачоў чакаюць "Дарэнне маладых" ад Ашмянскага раёна, "Сватанне" ад Карэліцкага, душэўная "Сустрэча маладых" ад Зэльвенскага раёна і шмат іншага. 

А каб нашы суайчыннікі і госці маглі бліжэй пазнаёміцца з гэтым багаццем, Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці стварыў унікальную інтэрактыўную карту "Абрады і традыцыі Гродзеншчыны" на сайце https://gromc.by. На сённяшні дзень туды ўключана ўжо 44 характэрныя для нашай вобласці традыцыі, сабраныя падчас этнаграфічных экспедыцый.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»