Чаму культура Гродзеншчыны кожны год становіцца найлепшай у краіне?

Нашы прафесійныя калектывы ведаюць далёка за межамі вобласці.

 

логотип ГП (1).png

 

 

Алена Клімовіч, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:

 

– Культура Гродзеншчыны – яркая, шматгранная, з багатымі традыцыямі, цікавымі падзеямі і сваімі адметнасцямі. Разам з іншымі рэгіёнамі наша вобласць робіць свой унёсак у агульную скарбонку дасягненняў беларускай культуры і штогод атрымлівае прызнанне на высокім дзяржаўным узроўні.

 

Да прыкладу, штогод прадстаўнікі вобласці атрымліваюць спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. Па выніках 2025 года прэмія была прысуджана Мастоўскай раённай бібліятэцы за значны ўнёсак у патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, рэалізацыю інавацыйнага літаратурнага праекта “Кнігі будуюць МАСТЫ”.

 

Нашы прафесійныя калектывы ведаюць далёка за межамі вобласці. Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Ансамбль танца, музыкі і песні “Белыя росы” з'яўляецца нязменным удзельнікам канцэртаў у г.Мінску, прымеркаваных да дзяржаўных святаў. Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Гродзенскі абласны тэатр лялек” – жаданы госць міжнародных фестываляў тэатраў лялек, якія праводзяцца ў Беларусі і Расіі. Да таго ж, і сам тэатр стаў арганізатарам і прымае статусны Міжнародны фестываль лялечнага мастацтва “Лялькі над Нёманам”.

 

Яркай падзеяй культурнага жыцця Гродна і краіны стаў і раз за разам пацвярджае статус знакавага мерапрыемства Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур – свята, аналагаў якому няма ў свеце. Свайго гледача знайшлі і загучалі на ўсю краіну такія брэндавыя мерапрыемствы, як каравай-фэст "Бацькава булка" ў Свіслачы, фестывалі “Гальшанскі замак” на Ашмяншчыне, зэльвенскія “Легендарныя эпохі”, “Выцінанка-выбіванка. Ажурны код Навагрудка” і многія іншыя.

 

Не менш багатая Гродзеншчына на дасягненні па захаванні, развіцці і папулярызацыі традыцыйнай народнай культуры Беларусі. 27 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Практыкі па саломапляценні з 17 рэгіёнаў вобласці і па выцінанцы-выбіванцы з 12 раёнаў ад Гродзенскай вобласці ўключаны ў рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Сёлета падрыхтавана намінацыйнае дасье “Стравы з таркаванай бульбы – традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Беларусі”, якое пададзена ў спіс ЮНЕСКА.

 

Нельга не адзначыць той факт, што Гродзеншчына па праву лічыцца архітэктурнай жамчужынай Беларусі. А значыць, у нас ёсць асаблівая адказнасць за захаванне і аднаўленне аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. Фінансаванне работ ажыццяўляецца ў рамках дзяржаўнай і абласной інвестыцыйных праграм. Завершаны работы па рэканструкцыі Георгіеўскай царквы Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, кансервацыі з фрагментарнай рэстаўрацыяй паўночна-ўсходняга корпуса Гальшанскага замка, добраўпарадкаванні тэрыторыі Новага замка.

 

Музеі вобласці рэалізуюць праекты па стварэнні і мадэрнізацыі музейных экспазіцый. Паспяхова рэалізаваны праект па абнаўленні пастаяннай экспазіцыі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. У Іўеўскім музеі нацыянальных культур створаны раздзел “У гады выпрабаванняў” пастаяннай экспазіцыі музея.

 

Гэта тыя каштоўнасці, з якіх складаецца самабытная культура вобласці з яе яркімі святамі, багатымі традыцыямі і, канешне, таленавітымі людзьмі, што працуюць на ніве культуры.

 

Дарагія калегі! Культура трымаецца на вас – людзях, чый талент і прызванне здольныя запальваць сэрцы. Няхай ваша натхненне, нібы яркі маяк, асвятляе шлях да новых вяршыняў, а рутына ніколі не гасіць гэты ўнутраны агонь. 

 

Жадаю, каб кожны праект знаходзіў водгук, у залах заўсёды быў аншлаг, а ўдзячныя гледачы не скупіліся на бурныя апладысменты і шчырыя ўсмешкі. 

 

Обращаем внимание, что использование наших материалов, согласно Закону Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах», возможно только при указании автора («Гродзенская праўда») и ссылки на первоисточник (конкретную статью на сайте), если письменно Ваше издание не уведомлено об ограничениях в использовании нашей информации.

 

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»