Што шукалі ў лесе на Купалле? Старажытныя павер’і беларусаў

Сярод усіх беларускіх народных свят менавіта Купалле лічыцца самым маляўнічым і паэтычным. Гэта старажытнае земляробчае свята, якое спрадвеку было звязана з летнім сонцастаяннем – самай кароткай ноччу ў годзе з 21 на 22 чэрвеня. Пазней, з-за змены календароў, Купалле пачалі адзначаць у ноч з 6 на 7 ліпеня.
Пра глыбінны сэнс гэтага свята і яго паходжанне расказала намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці, даследчык традыцыйнай культуры Панямоння Наталля Рамановіч.
Цалебныя зёлкі
З гэтай чароўнай ноччу звязана мноства дзіўных павер’яў. Нашы продкі былі перакананы, што на Купалле ў прыродзе адбываецца пераварот. Лічылася, што па зямлі ходзяць ведзьмы і духі, звяры вядуць між сабой размовы, а векавыя дрэвы пераходзяць з месца на месца і шэпчуцца. Нават звычайная раса набывала гаючыя якасці, і дзяўчаты і жанчыны раніцай абавязкова ўмываліся ёю, каб захаваць прыгажосць і адагнаць хваробы.Падрыхтоўка да чароўнай купальскай ночы пачыналася яшчэ днём. Галоўным клопатам дзяўчат і жанчын быў збор лекавых і ахоўных траў – купальскіх зёлак. Нашы продкі верылі, што менавіта ў перыяд летняга сонцастаяння расліны дасягаюць піку свайго росквіту, а значыць, назапашваюць максімальную колькасць гаючых рэчываў. Што цікава, векавая народная мудрасць сёння цалкам пацвярджаецца сучаснай навукай: даследаванні даказваюць, што сонечнае святло, тэмпература і час сутак непасрэдна ўплываюць на якасць раслін.
Зёлкі збіралі строга ў сухія дні (каб пазбегнуць гніення) у вызначаныя гадзіны: з 8 да 10 раніцы, пакуль сыходзіць раса, або з 4 да 5 гадзін вечара. Спіс раслін, якія неслі ў хату, быў велізарным. Для народнай аптэчкі нарыхтоўвалі зверабой, кмен, кроп, рамонак і папараць. Каб зрабіць прыгожыя натуральныя фарбы, збіралі васількі, барвінак і мяту. Абавязкова зразалі галінкі дуба і рабіны, якія лічыліся магутнымі абярэгамі.

Збор траў ператвараўся ў прыгожы рытуал. Дзяўчаты ішлі ў поле і спявалі абрадавыя песні. Гэта была вербальная магія, дзе выключалася любая імправізацыя і кожнае слова і мелодыя мелі заклінальны сэнс, каб кветкі захавалі сваю ахоўную сілу. Разам з моладдзю ў жытнёвае поле выпраўляліся і старыя бабы-знахаркі: яны вучылі маладых пазнаваць зёлкі і адрозніваць іх уласцівасці. Нават хатнюю жывёлу ў гэты дзень сустракалі з пашы асаблівым чынам – упрыгожвалі кароў і коз вянкамі. Людзі верылі, што дзякуючы кветкам жывёла будзе здаровай, прыгожай і дасць шмат малака.
З цягам часу хрысціянская царква прыкладала шмат намаганняў, каб выкараніць дух купальскіх традыцый або надаць ім хрысціянскі выгляд.
– Менавіта на Гродзеншчыне суіснаванне дзвюх эпох набыло вельмі адметную і прыгожую форму. Нашы продкі знайшлі дзіўны кампраміс: усе кветкі і зёлкі, сабраныя на свяце летняга сонцастаяння, мясцовыя жыхары пачалі абавязкова насіць у царкву для асвячэння. Толькі пасля царкоўнага абраду яны прызнаваліся сапраўды гаючымі і набывалі поўную сілу.
Ачышчальны агонь і купальскі кірмаш
Нашы продкі верылі, што купальскі агонь увасабляе само сонца, якое валодае сілай дарыць багаты ўраджай. Падрыхтоўка пачыналася загадзя: па ўсіх дварах збіралі стары хлам і вывозілі яго на ўзлескі ці высокія берагі рэк, каб спаліць і такім чынам ачысціць сваю жыццёвую прастору. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні і гатавалі традыцыйную вячэру: яешню, верашчаку, кулагу і варэнікі.Самым відовішчным рытуалам былі скокі праз вогнішча. Хлопцы і дзяўчаты скакалі, трымаючыся за рукі або паасобку, накрыж і абавязкова парамі, каб ачысціцца ад усяго нядобрага і засцерагчыся ад злых сіл. Таксама лічылася, што ад вышыні скока залежыць будучы ўраджай: чым вышэй скокнеш, тым вышэйшым будзе збожжа ў полі. Ноч завяршалася спаленнем або цягненнем у вадзе пудзіла Купалы, качаннем па гаючай расе і рытуальным купаннем на ўзыходзе сонца. Дзяўчаты актыўна варажылі на замужжа, пускаючы вяночкі па вадзе. Іх плялі з разнастайных кветак, дадаючы галінкі дуба, клёна і бярозы.

– Дзявочыя вянкі былі магутным сімвалам, звязаным з лёсам і варажбой. Абавязкова на Купалле дзяўчаты пускалі свае вянкі на ваду, і па тым, як ён рухаўся, прадказвалі будучае замужжа. Калі вянок адразу ішоў на дно – не быць вяселлю ў гэтым годзе. А калі ж ён плыў далёка і роўна – гэта абяцала шчаслівае і хуткае замужжа.
Аднак Купалле лічылася і момантам найбольшага разгулу нячыстай сілы. Продкі верылі, што ў гэтую ноч ведзьмы імкнуцца адабраць у кароў малако і зрабіць заломы ў жыце. Каб абараніць сваю гаспадарку, выкарыстоўвалі ахоўную магію: закідвалі ў пасевы палаючыя галавешкі, абтыкалі сцены хат і хлявоў святаянскімі зёлкамі, а ў некаторых вёсках нават праганялі статак праз згасаючае вогнішча. І ўсё гэта суправаджалася асаблівымі купальскімі песнямі.
Яшчэ адной цікавай і маляўнічай традыцыяй, якая дапаўняла Купалле, былі знакамітыя купальскія кірмашы.
– Наладжванне кірмашоў у дзень летняга сонцастаяння – гэта цудоўная свецкая традыцыя, – падзялілася Наталля Рамановіч. – Менавіта тут прадаваліся тыя самыя асвечаныя ў храмах зёлкі і кветкі, а сам пляц зіхацеў ад рознакаляровых раслін. Уплыў царквы на гэтых таргах быў мінімальны і святары толькі асвячалі пачатак гандлю, а далей пачынаўся час весялосці. Вельмі папулярнай забавай на такіх кірмашах было ўсталяванне пасярод плошчы высокага слупа з колам на верхавіне, дзе вешаліся розныя прызы.
Папараць-кветка
Але самым інтрыгуючым і эмацыянальным момантам свята заўсёды быў пошук таямнічай папараць-кветкі. Паданне пра перунову кветку, якая расквітае на адно імгненне апоўначы, вядома ў многіх краінах Еўропы. Аднак менавіта на беларускіх землях мара знайсці гэты сімвал шчасця набыла асаблівае адценне.– На Панямонні існавалі свае ўнікальныя купальскія легенды, – адзначыла Наталля Іосіфаўна. – Напрыклад, выдатны этнограф Адам Багдановіч занатаваў на Гродзеншчыне вельмі цікавае павер’е. Паводле яго, знайсці і сарваць папараць-кветку без перашкод можа толькі так званы «купальскі дзядок». Гэты чароўны персанаж ходзіць па лесе з кошыкам, які поўны кветак і гарыць, як гарачы жар. Калі чалавек сустрэне яго і разасцеліць перад ім белы абрус, дзядок кіне туды адну кветку. Але забраць яе няпроста: трэба хуценька надрэзаць далонь правай рукі і схаваць кветку прама пад скуру, тады ніводзін нячысцік не зможа яе адабраць. Такі шчасліўчык атрымліваў дар усёведання. Ен пачынаў разумець мову птушак і жывёл, бачыў скрозь зямлю і мог лёгка знаходзіць і здымаць закляцці з самых багатых скарбаў.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
