Людміла Кебіч

Кебіч (Вайтулевіч) Людміла Антонаўнанарадзілася 17.07.1951 года ў г.п. Краснасельскі Гродзенскай вобласці Ваўкавыскага раёна. Паэтэса, празаік, публіцыст, ганаровы член СПБ. Старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў 2002 годзе” ў намінацыі “Пісьменнік года”. Узнагароджана нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”(2009). Пераможца Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор года” ў намінацыі “Песенны жанр” за цыкл песень “Словы прызнання”– “Залаты Купідон” (2010).
Выдала кнігі: “Па музычных законах”, “Зялёная рутвіца”, “На беразе белай ракі”, “Ключы ад Неба”, “Фиолетовый дракоша”, “Светач мастацтва”, “Непераможны колер охры”, “Фантазія творцы” (2012, у сааўтарстве), “На мове сэрца” ((2013, у сааўтарстве), “Дамінанты лёсу” (2013), “Мой город Гродно” (2014), “Рай для адзіноты” (2016), а таксама два зборнікі песень. Вершы ўвайшлі ў падручнікі “Музыка” для 2-га класа (выдав. “Адукацыя і выхаванне”, 2013).З творчасцю Людмілы Антонаўны таксама можна сустрэцца на старонках літаратурнай перыёдыкі і калектыўных зборнікаў. Жыве ў г. Гродна. Піша на беларускай мове.
МАЁЙ РАДЗІМЕ
Мая ласкавая, пяшчотная радзіма,
сагрэй мяне агнём сваёй любові,
і, можа, я адтану ўсім на дзіва,
знайду адхланны тон у роднай мове.
Твая любоў мне найдарожшы падарунак.
Якое шчасце жыць, дзе нарадзіўся!
Дзе першы крык – як першы паратунак –
з жыццём Айчыны назаўсёды зліўся.
Ты прыгарні мяне зялёнымі рукамі
палёў вясновых і лугоў квяцістых
ды правядзі сваімі доўгімі шляхамі
да рэк крыштальных і азёраў чыстых.
О, як прыемна засынаць пад шапаценне
дуброў вячыстых, залатога збожжа,
няхай не сонцам быць зіхоткім, але ценем,
ды толькі каб пад небам тваім гожым.
Ты падтрымай, прашу, мяне ў штодзённым коле
зямных турбот і думак, часам грэшных,
каб упілася не віном журбы, а воляй,
і захлынулася ад радасці няўцешнай.
З тваіх шляхоў ужо ніколі мне не збіцца,
на гэтым свеце (дый на тым, магчыма),
майго жыцця невычарпальная крыніца,
да забыцця любімая радзіма.
О, БЕЛАРУСЬ
О, беларусь мая, –
рай для вачэй!
Зорныя колеры
ціхіх начэй.
Ранак вясёлкавы,
сонечны дзень,
сэрцы адкрытыя
добрых людзей.
О, Беларусь мая, –
родны мой кут!
Шчасце, што я
нарадзілася тут,
дзе васільковая
неба вуаль,
светлы, як мара,
рамонкавы баль.
Дзе разняволены
думкі і сны,
белыя крылы
ў буслоў і вясны.
Дзе векавечныя
сосны і сум,
дзе я свой крыж
без ваганняў нясу.
Тут, па-над Нёманам,
родны мой дом,
дзе п’ю любоў
і каханне нагбом.
Тут мая мова
мілей і званчэй…
О, Беларусь мая, –
рай для вачэй!
ПЕРАД КРЫЖАМ
па карціне Д. Іваноўскага “Бацька перад крыжам”
Калі на сэрца цісне груз жыццёвы,
калі душа – як на лязе нажа,
калігаючых не хапаесловаў,
тадыіду да Богава Крыжа.
Свядома кленчу прад святым распяццем
і горача Збавіцеля прашу
прабачыць і яшчэ раз дараваць мне
за ўсё, што назапасіў і нашу.
Стаю, малюся, і перад вачыма
гады ляцяць, бы ў вырай жураўлі…
А я пражыў век у сваёй Айчыне
і не цураўся роднае зямлі.
А што я, апроч працы, бачыў, зведаў?
Не, я Табе не скарджуся, мой Бог!
Хапала мне і радасцяў і бедаў,
вялікіх страт і дробных перамог.
Усё зрабіў, здаецца, для радзімы:
дом збудаваў і пасадзіў садок,
дзяцей узгадаваў, дык дай магчымасць
пацешыцца, пажыць яшчэ гадок.
Напэўна, болей мне, чым іншым, трэба.
і з-за таго шчыміць мая душа
і мкне ў бясконцасць велічнага Неба,
на адваротны бок Твайго крыжа.
Мой Божа, Ты адкрыў мне столькі ісцін,
а гэтая – усведамлення звыш:
з якога боку ты б не станавіўся,
заўжды перад табою будзе Крыж.