Марыя Шаўчонак

 

1dc67e803bca37ab64b067ed7cd7297c.jpg

 

 

Марыя Сіланцьеўна Шаўчонак нарадзілася 11.05.1944 ў в. Новы Востраў Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. Паэтэса, журналіст. Член СПБ. Друкавалася ў калектыўных зборніках “Рунь” (1964), “Краю мой Нёман” (1989), «Литклуб» (2006), у альманахах  “Нябесны знак”, у рэспубліканскіх часопісах і газетах. У Саюзе пісьменнікаў з 1979 г.  Выдала кнігі  “Белая ластаўка” (1971), “Свята зямлі” (1976), “Бацькоўскае імя” (1981), “Раса-расінка” (1985),  “Белыя свечкі каштанаў” (2005), “Искорка сердца” (2006). Стваральнік і галоўны рэдактар альманаха “Нябесны знак”. Лаўрэат прэміі імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта «За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтваў» у намінацыі «Пісьменнік года» (2005). Жыве ў г.Гродна. Пiша на рускай i беларускай мове.

БЕ - ЛА - РУСЬ!

А за вокнамі зорак мільён,

А за вокнамі дрэмлюць тры ліпы.

Забяры мяне, ноч, у палон,

У сусвет твой касмічны вялікі.

Каб ні клопатаў, каб ні журбы

Ні сляда ўва мне не засталося,

Каб згубілася ў цемры бяда,

Каб за сонцам згубілася восень.

Раным-раненька стрэчу ізноў

Тое сонца, што помніць маленства,

Тое ранне, дзе гора і зло

У жыцця не знайшлі падабенства. 

Па шчаслівых законах Зямлі

Застаецца ўсё лепшае ў сэрцы:

Тыя кветкі, што буйна цвілі,

Тыя сны, што сагрэлі дасвецце,

Тыя словы, якія навек –

Разам з промнямі, разам з пяшчотай

Васількамі глядзяць з-пад павек

І гучаць непаўторнаю нотай. 

Бе – ла – русь! Ты – дзяцінства крыло.

Бе – ла – русь! Мая маміна песня.

Напішу гэта слова крывёй,

І яно на крыжах уваскрэсне.

САЛАВЕЙ

Салаўю вучыцца пець не трэба,

Ён жыве над рэчкай сярод дрэў.

У яго адзін настаўнік – неба…

І ні з чым не параўнальны спеў.

Рэдка можа хто яго пабачыць,

Ён увесь нібы ў самой вясне.

А як заспявае – зоркі скачуць,

Сэрцы падпяваюць яму ўсе.

НА ПРАМЕНЬЧЫКУ СОНЦА

На праменьчыку сонца – жыццё,

Што з зямной глібыні і з нябёсаў,

Што сабрала найлепшае ўсё,

І што стала для некага лёсам. 

Чалавек той з даверам глядзіць

На братоў, на сясцёр і на сонца,

Бо ён верыць, што будзе тут жыць,

Сёння, заўтра – і гэтак бясконца.

Верыць ён у нязгаснасць агню,

Як у вечнасць святла і надзеі.

Верыць ён, шт жыве ўпершыню,

Што жыве толькі раз можа й верыць.

На праменьчыку сонца – жыццё,

І, як сонца, яно не загіне.

Чалавек сваё лепшае ўсё

Толькі роднаму краю пакіне. 

РОДНЫ ДОМ

Шчаслівы той, калі ён дома

І ласку мае, і спакой.

Шчаслівы той, які нікому

Не ўчыніць крыўды ні адной. 

І хто ніколі не забудзе,

Што дом – пачатак і працяг,

Які выводіць яго ў людзі,

Каб адшукаць жыццёвы шлях.

І што вярнуцца давядзецца

З усіх мясцін, з усіх шляхоў

У дом, які нязменна ў сэрцы,

Як слова вечнае – любоў. 

Редакция газеты «Гродненская правда»