Марыя Цітарчук

 

fcb95309cd9688106598bbe1106162db.jpg

 

 

Цітарчук Марыя Раманаўна нарадзілася 20 лiпеня 1985 у горадзе Гродна. Скончыла рамана-германскае аддзяленне філалагічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці "Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый". У 2009 годзе скончыла магістратуру ГрДУ імя Янкі Купалы па спецыяльнасці "Літаратура народаў краін замежжа" (польская літаратура). Працуе малодшым навуковым супрацоўнікам у аддзеле рэдкай кнігі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Займаецца літаратурнай творчасцю з 1995 года. Выдала зборнікі лірыкі "Вераснёўскія мроi", "В лучах серебряного сна", а таксама кнігу прозы “Феи приходят в полночь”. Творы пісьменніцы з’яўляюцца ў перыёдыцы, калектыўных зборніках і альманахах. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Піша на беларускай і рускай мовах. Жыве ў Гродне. 

АДЗІНОТА

Развітанне. Палын. Адзінота.

Вераснёўскі пасцелецца дым.

Засталася мне толькі самота – 

Болей шчаксце не будзе маім.

Я сасніла чароўную казку,

А прывідаў пайшла сустракаць.

Вераснёўскую сумную ласку

Мне нядоўга прыйшлося чакаць.

З кожным днём на двары халаднее,

Хоць нябёсы струменяць святло.

Толькі сонейка не ледзянее,

Зазіраючы сціпла ў акно.

Мілы, любы! Няўжо не пазнаю

Я цябе сярод сна і імжы?

Кветкі зла і палын зазіраюць

У царкву праз усе вітражы…

МАЁЙ МАЦІ

Азірніся – і першыя кветкі

Твой стамлёны аблашчаць пагляд.

Залівае святло далягляд,

Снег ужо пакідае палеткі.

Я люблю. Спадзяюся. Дарую.

Я ўсмешку хачу падарыць,

Валасы твае сонца цалуе,

Заплятаючы золата ніць.

І фіялкі з палёгкай спяваюць,

І гучаць пералівы вясны,

І цябе нецярпліва чакаюць

Каляровыя, яркія сны.

Усміхніся вясёлцы і сонцу,

Каб пакінуць усмешку зямлі.

Твая радасць хай будзе бясконцай,

Бо завеі і холад прайшлі…

У ЛЮСТЭРКУ СУСВЕТА

Я – сталая восень і позняе лета,

Я – радасць вясёлкі і ветру ўздых,

І кропля расы ў струменях Сусвету.

Я сэрца хачу падзяліць на дваіх.

Сабе і яму. Як жа хораша будзе,

Калі разгарнецца ў душы першацвет!

Жадаю адно, каб адкрылася людзям,

Што слова з любові саткана – “Паэт”. 

Редакция газеты «Гродненская правда»