На Воранаўшчыне прайшло свята Маці Божай Тракельскай
На свята сабралася каля 7 тысяч вернікаў.
Для дружнай каталіцкай супольнасці Воранаўскага раёна свята Маці Божай Тракельскай заўжды асаблівае, піша voran.by. Амаль пяць стагоддзяў цудатворны абраз абергае Воранаўскую зямлю і сем’і. Ён стаў візітнай карткай раёна. Пацверджанне таму — у Тракелі з усіх куточкаў Беларусі і з-за мяжы спяшаюцца паломнікі, каб падзякаваць Марыі і папрасіць у яе аб заступніцтве. Сёлета тут маліліся разам каля 7 тысяч вернікаў.
Што ў непагадзь і спёку вядзе ў тракельскую святыню паломнікаў? Канешне ж, вера і надзея. Калі апынаешся на гэтай бласлаўлёнай Богам зямлі, здаецца, што час замірае і ўсе зямныя клопаты становяцца мізэрнымі. Душой яднаючыся з Божай Маці, насычаешся ўпэўненасцю і энергіяй, якія падмацоўваюць цябе доўгі час. Здаецца, адсюль ты выходзіш іншым чалавекам — больш дбайным, чулым, адкрытым і, несумненна, духоўна багатым.
Разам з тым кожная ўрачыстасць — адметная. У гэтым годзе яна запомнілася вернікам магчымасцю сумеснай малітвы з апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Іньяцыё Чэффаліа, які трымаў пропаведзь. Ён прыгадаў, што ў 1995 годзе тракельскі касцёл атрымаў статус дыяцэзіяльнага санктуарыя, а ў 2009-м цудатворны абраз Маці Божай Тракельскай быў каранаваны.
— Тракелі — гэта святое месца, дзе мы вучымся любіць. Гэта крыніца, з якой мы адольваем смагу, — падкрэсліў апостальскі нунцый.
Не менш цёплыя словы землякам і гасцям адрасавала старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч:
— Касцёл Наведвання Маці Божай Тракельскай на Воранаўшчыне стаў сапраўдным сімвалам непахіснасці веры і адданасці людзей традыцыям хрысціянства. Асабліва ў гэтыя святочныя дні ён аб’ядноўвае тысячы вернікаў у імкненні да дабра і духоўнай еднасці. У юбілейны год Рымска-каталіцкага Касцёла напаўняе іх сэрцы новым сэнсам і зместам.
Урачыстасць у гэтым бласлаўлёным месцы спрыяе развіццю лепшых маральных якасцей, абуджае ў сэрцах людзей любоў і міласэрнасць, згоду і патрыятызм, натхняе на стваральную працу дзеля будучыні кожнай сям’і і Айчыны. Няхай праз стагоддзі тут гучыць малiтва за нашу краіну, яе народ, за наш воранаўскі край.
Канешне ж, на фэсце амаль уся ўвага была скіранава на сем’і. Літаральна ўсё святары падкрэслівалі, што яны — надзея Беларусі і яе будучыня. На ахвярнасці, любові і ўзаемаразуменні нашы продкі будавалі свае сем’і, і мы, сучаснікі, павінны браць з іх прыклад.
Не пакрыўлю душою, калі скажу, што самы кранальны момант тракельскага свята — гэта аднаўленне суджанскіх абяцанняў. Пяцьдзясят, дваццаць, дзесяць ці год сумеснага жыцця тут не маюць значэння. Пары быццам раствараюцца адзін у адным, дзякуюць за кожны сумесна пражыты дзень і просяць прабачэння за кепскія ўчынкі. У руках жанчын — белыя ружы як сімвал бязмежнага кахання, суджанскай вернасці і моцнай беларускай традыцыйнай сям’і.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!