Пасхальнае пасланне архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія

Пасхальнае пасланне архіепіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Антонія

Пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры!

Хрыстос уваскрэс!

Радасць Уваскрасення Хрыстова прыйшла да нас, і радасці гэтай ніхто не можаў нас адняць!

«Цяпер дзякуючы Уваскрэсламу рай адчынены, Адам ажыватвараецца і Ева ўцяшаецца, колькасць выбраных памнажаецца і Царства падрыхтоўваецца, чалавек выратоўваецца і Хрыстос прымае пакланенне», – гаворыць прападобны Ісіхій Іерусалімскі.

У гэты дзень усе, хто любіць Хрыста,бачаць Яго Уваскрасенне, і мы пазнаём новае жыццё, якое змяняе нас і робіць з мёртвых жывымі. Усё запаўняе радасць, і няма месца для паныласці ў цяжкіх абставінах. Гэтая радасць дае нам сілы любіць не толькі тых, хто любіць нас, але і тых, хто нас ненавідзіць, дараваўшы ім усё Уваскрасеннем. Уваскрэслы Гасподзь – краевугольны  камень нашай веры. Ён абяцаў паўстаць з мёртвых – і паўстаў. І цяпер апусцелая труна Збавіцеля ёсць свяцілішча, у якім здзейсніўся трыумф веры хрысціянскай. У Уваскрасенні Сваім Ён сапраўды праславіўся, паводле словаў апостала Паўла, ужо не як прарок, не як Сын Чалавечы, але як Сын Божы, у Якім прысутнічае ўся паўната Бажаства (Кал. 2: 9).

Чакаем і мы ўваскрасення з мёртвых, жыцця будучага веку. Мы веруем і вызнаём, што смерцю спыняецца толькі жыццё часовае, зямное, а жыццё вечнае толькі пачынаецца. Уласцівасць усялякага чакання заключаецца ў тым, што яно моцна ўздзейнічае на таго, хто чакае, і вымушае яго самога дзейнічаць, адзначае свяціцель Інакенцій Херсонскі. Паглядзіце на земляроба: ён чакае, калі ўзыдзе пасеянае насенне і будзе жніво, – і гэтае чаканне займае яго ўсяго; ён лажыцца спаць і ўстае з думкай аб тым, што будзе з яго полем і нівай. Аб будучым ураджаі разважае ён прыўсялякім выпадку цэлую зіму, да гэтага ўсё рыхтуе.

Паглядзіце на чалавека, адданага навуцы, які спадзяецца зрабіць адкрыццё: чаго не прыносіць ён у ахвяру для ажыццяўлення гэтага спадзявання? Нярэдка ахвяруе нават жыццём. А колькі начэй праводзіць ён без сну над кнігамі! Колькі трудоў пераносіць!

Калі спадзяванне ў зямных справах вымушае чалавека працаваць, не шкадуючы сябе, то наколькі важней нам паклапаціцца аб тым, што будзе з намі ў будучым веку.

Чаканне вечнага жыцця, гаворыць свяціцель Інакенцій, павінна заняць усю нашу душу, распаўсюдзіцца на ўсё нашае жыццё, напоўніць сабой і ажывіць усю нашу дзейнасць! Што робім для яго мы? Ці можа кожны сказаць: «Дзеля вечнага жыцця я прымірыўся з бліжнім і пакінуў варожасць, бо ў вечным жыцці адна любоў, а варожасці няма?» Ці можа хто сказаць: «Дзеля нябеснага жыцця я адмовіўся ад душатленных навыкаў, бо ў вечнасці яны недапушчальныя?»

Царства Божае ўнутры вас (Лк. 17: 21). Ужо цяпер, у гэтым часовым свеце, мы можам здабыць Царства Божае ў сваім сэрцы, увайсці ў новае жыццё, якое стварае Гасподзь.

Сапраўдную Пасху Хрыстову святкуе душа, якая пераходзіць ад граху да дабрачыннасці. Чалавек, у якім адбылося духоўнае ўваскрасенне, заўсёды радуецца (1 Сал. 5: 16). Ён не спакушаецца зямным шчасцем, таму што яно не ідзе ні ў якое параўнанне з радасцю Хрыстовага Уваскрасення. Ён не падае духам ад смуткаў, таму што ў яго сэрцы жыве Хрыстос, Які перамог смерць.

Тым, хто падзяляе радасць Хрыстовага Уваскрасення, Гасподзь абяцаў жыццё вечнае і сумесную спадчыну ў Царстве Нябесным. Але Ён, як піша свяціцель Мікалай Сербскі, нікому не навязвае Сваёй перамогі над смерцю, а пакідае людзям свабоду: прыняць яе альбо не прыняць.

Прыступім жа да Хрыста Уваскрэслага і Уваскрашаючага, і Ён вызваліць нас ад смерці і страху смяротнага. Паклонімся Яму целам і душою. Уз'яднаемся з Ім усім розумам сваім і усімі думкамі сваімі. Абдымем Яго ўсім сваім сэрцам як свайго Збавіцеля, свайго найбліжэйшага Крэўнага і Сябра. Бо толькі праз Уваскрэслага Госпада Іісуса Хрыста мы можам убачыць і пазнаць веліч і прыгажосць сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека.

Хрыстос уваскрэс!

Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!

З любоўю ў Хрысце Уваскрэслым, Антоній, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі



Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»