Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі – лепшы сярод устаноў дадатковай адукацыі Беларусі па вынікам 2025 года

Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі – лепшы сярод устаноў дадатковай адукацыі Беларусі па вынікам 2025 года

Гісторыя ўстановы пачалася ў 1946 годзе.

Шчучынскі палац творчасці дзяцей і моладзі па выніках работы сістэмы адукацыі за 2025 год прызнаны лепшым сярод устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Беларусі.

Наш журналіст даведалася, як педагогі палаца раскрываюць таленты шчучынскіх хлопчыкаў і дзяўчынак і чаму дадатковая адукацыя – пуцёўка ў шчаслівае жыццё.

Сусвет магчымасцей

Гісторыя ўстановы пачалася ў 1946 годзе з невялікага гуртка авіямадэліравання ў сціплым памяшканні. Сёння, праз восемдзесят гадоў, юныя таленты займаюцца ў сценах велічнага палаца Друцкіх-Любецкіх – копіі Малога Трыанона французскага Версаля. Пасля рэстаўрацыі гэты помнік архітэктуры заззяў новымі фарбамі, а ў 2016-м яго залы напоўніліся дзіцячымі галасамі. Палац стаў сапраўдным цэнтрам прыцягнення і развіцця для дзяцей і моладзі ўсіх узростаў.

За кожнымі дзвярыма – свой сусвет. Танцуюць, спяваюць, малююць, шыюць модныя калекцыі, здымаюць відэа, асвойваюць робататэхніку, баявыя мастацтвы, іграюць на барабанах, займаюцца тэатрам і арт-тэрапіяй. У 146 аб'яднаннях па інтарэсах займаюцца 1720 хлопчыкаў і дзяўчынак – больш за палову школьнікаў раёна. Амаль 70% заняткаў праходзяць у выхадныя дні, 14 груп дапрафесійнай падрыхтоўкі працуюць у шосты школьны дзень: ад фатаграфіі і краязнаўства да вязання і дызайну. У мінулым годзе па ініцыятыве саміх дзяцей адкрыліся дзесяць новых накірункаў.

Візітная картка палаца – пяць узорных калектываў Рэспублікі Беларусь: студыя дызайну і вырабу адзення "Гармония", танцавальны калектыў "Контрасты MIX", студыя эстраднага вакалу "Голоса Элегии", студыя эстраднай песні "Апрель" і дзіцячая студыя выяўленчага мастацтва "Батлейка". Гэтыя калектывы пакарылі сэрцы гледачоў у розных кутках Беларусі. Два з іх у 2025-м пацвердзілі званне "Узорны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь". Прызнанне атрымаў і праваслаўны ваенна-патрыятычны клуб "Дружына" – пераможца ваенна-патрыятычных злётаў, першынстваў па ваенна-прыкладных відах спорту, спаборніцтваў, патрыятычнага марафону "Кубак Патрыёта". Дзеці сталі ўдзельнікамі ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных уступленню на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Лічбы ўражваюць: 280 дыпломаў за год, амаль палова выхаванцаў сталі прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў! Але галоўны вынік – не граматы і дыпломы. Гэта – ззяючыя вочы Нікі Батунінай, Соф'і Хільмановіч, Ксеніі Жагунь, Соф'і Антановіч, Анастасіі Прыстаўка і іншых шматлікіх навучэнцаў, якія выходзяць на сцэну з мікрафонам або ў віхуры танца; гонар юнага мастака Аляксея Катуша, чыю работу, прысвечаную 80-годдзю Перамогі, перадалі ў дар Брэсцкай крэпасці; шчырыя апладысменты землякоў...

IMG_4067.JPG

Каманда прафесіяналаў

Раскрывае здольнасці хлопчыкаў і дзяўчынак 71 таленавіты педагог пад кіраўніцтвам мудрага творцы Ірэны Дзегцяровай, якая на працягу многіх гадоў натхняе калектыў аднадумцаў на новыя здзяйсненні.

Нашы педагогі не проста вучаць, яны натхняюць і вераць у кожнага, – падкрэслівае дырэктар Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі Ірэна Дзегцярова. – Іх праца адзначана мноствам узнагарод, а вопыт запатрабаваны на рэспубліканскім узроўні. Эфектыўнасць метадычнай работы пацвярджаецца 14 дыпломамі, атрыманымі на абласных і рэспубліканскіх конкурсах педагагічнага майстэрства. Мы – частка абласнога метадычнага кластара і апорна-метадычнай пляцоўкі.

72 працэнты педагагічнага калектыву маюць вышэйшую адукацыю, першую кваліфікацыйную катэгорыю – 27 працэнтаў педагогаў, вышэйшую – 30 працэнтаў. За год 10 педагогаў павысілі сваю кваліфікацыю. А кіраўнік узорнай студыі эстраднай песні "Апрель" Святлана Аляксеева ўдастоена нагруднага знака "Выдатнік адукацыі".

Сэрца горада

Палац – сэрца Шчучына. Тут працуе музей гісторыі Шчучыншчыны з трыма экспазіцыямі "Салон Друцкіх-Любецкіх", "Шчучын у кантэксце сусветнай гісторыі" і "Горад авіятараў". За мінулы год тут пабывалі больш за сем тысяч чалавек: школьнікі, турысты, удзельнікі шматлікіх абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Праходзілі ўрокі мужнасці з ветэранамі, інтэрактыўныя квэсты, тэатральныя салоны. Яшчэ адзін міні-музей "Канструктар" з'явіўся, дзякуючы гранту Прэзідэнта. За паўтара года стварылі восем тэматычных экспазіцый з работамі юных удзельнікаў робатацэнтра і іншых аб'яднанняў па інтарэсах. 

3 место в Международном фестивале-конкурсе Творчество без границ.jpg

Дзіцячы цэнтр бяспекі ПЛЮС вучыць берагчы сябе, а медыяцэнтр аб'ядноўвае відэастудыю, тэлестудыю і фотастудыю. Школьнікі вучацца быць голасам свайго пакалення: здымаюць рэпартажы, удзельнічаюць у міжнародных фестывалях юных журналістаў і блогераў, маюць стасункі з аднагодкамі з Расіі. Пад эгідай Сусветнай фе­дэрацыі кікбоксінга ўстанова стала суарганізатарам рэспубліканскага турніру па кікбоксінгу WKF памяці педагога Уладзіміра Шурупава. Улетку ажывае выхаваўча-аздараўленчы лагер «Горад БУМ», які вельмі любіць шчучынская дзятва. А яшчэ тут памятаюць: таленавіты кожны. У аб'яднанні «Арт-тэрапія» асаблівую ўвагу надаюць дзецям з асаблівасцямі развіцця і тым, хто апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Дарослым у палацы таксама рады: фітаклуб «Чайная сустрэча» і майстар-класы збіраюць знатакоў жывых зносін, палацавыя балі вяртаюць элегантнасць мінулай эпохі, а святы становяцца гарадскімі падзеямі, куды прыходзяць ад малога да вялікага.

У сценах палаца выхоўваюцца лідары заўтрашняга дня: установа адукацыі каардынуе работу дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб'яднанняў, маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў, валанцёрскага руху. А дзякуючы ініцыятыве ЮНІСЕФ "Шчучын – горад, дружалюбны дзецям і падлеткам", праходзяць дыялогі пакаленняў і рэалізуюцца сямейныя праекты.

IMG_1380.jpg

У будучыню – з аптымізмам

– Мы робім усё, каб будучае пакаленне расло разумным, здаровым і творчым, – кажа Ірэна Дегцярова. – Поспех для нас – не канчатковая кропка, а магутны імпульс для новых здзяйсненняў і стымул ісці далей. Асабліва каштоўна ўсведамляць, што дзяржава падтрымлівае нашы ініцыятывы і інвесціруе ў развіццё падрастаючага пакалення. Кожны ўкладзены рубель вяртаецца сторазова ў выглядзе шчаслівых дзіцячых усмешак, бліскучых перамог і дасягненняў нашых выхаванцаў.

Многія выпускнікі палаца выбі­раюць прафесіі, звязаныя з педа­гогікай, культурай і мастацтвам, лічбавымі тэхналогіямі менавіта дзякуючы заняткам, якімі тут захапіліся. Калі дзяцей падтрымліваюць, вераць у іх мары і дапамагаюць знайсці правільную дарогу ў жыцці – яны здольны дасягнуць любых вяршынь...

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»