Этыкеткі, карты для гульні і плакаты. Што друкавалі ў Гродне стагоддзе таму, глядзіце на новай выставе

Этыкеткі, карты для гульні і плакаты. Што друкавалі ў Гродне стагоддзе таму, глядзіце на новай выставе

Новая выстава прадстаўлена ў Новым замку.

Плакаты, этыкеткі ад цукерак, карты для гульні, кнігі і іншыя рэчы, надрукаваныя ў Гродне 70, 100 і нават 120 гадоў таму, прадстаўлены на выставе ў Новым замку.

Вядомыя Лапіны

У сярэдзіне XIX ст. у Гродне пачалі ўзнікаць прадпрыемствы з цікавай назвай – тыпалітаграфія. Гэта былі значна ўдасканаленыя друкарні, галоўнай асаблівасцю якіх з’яўлялася магчымасць друкавання літаграфій.

Літаграфія – спосаб друку, пры якім адбітак атрымліваецца пераносам фарбы пад ціскам з паверхні вапняку непасрэдна на паперу.

Да канца XVIII ст. амаль адзінай тэхнікай друкавання малюнкаў у кнігах была гравюра на медзі. Аднак тэхналогія вытворчасці такіх гравюр была вельмі дарагой і, апрача працы мастака, патрабавала яшчэ і ўдзелу разьбяра – майстра, які пераносіў малюнак на медную пласціну. І толькі ў канцы XVIII ст. немец Іаган Алаізій Зенефельдзер прыдумаў тэхніку літаграфавання. Гэтая тэхніка засноўвалася на тым, што мастак наносіў малюнак нейкім тлустым матэрыялам на спецыяльны камень, а потым апрацоўваў яго слабой кіслатой. Кіслата змяняла структуру тых частак каменя, што апрацоўваліся тлушчам, і ў выніку атрымліваўся малюнак, які трэба было толькі памазаць спецыяльнай фарбай і можна было друкаваць. Так быў прыдуманы “плоскі друк”, тэхналогія, якая, у адрозненне ад гравюры, дазваляла друкаваць многія тысячы каляровых адбіткаў і напоўніць кнігі разнастайнымі выявамі.

У 1879 г. першую ўласную тыпалітаграфію заснавалі ў Гродне прадстаўнікі заможнай мяшчанскай сям’і Лапіных. У 1881 г. яна функцыянавала ў будынку Лапіных на рагу сучасных вуліц Савецкай і Дамініканскай. Яе ўладальнікам быў Саламон Фішалевіч Лапін, а пасля яго смерці ў 1892 г. справы вяла ўдава Сора Мордхелеўна Лапіна. У 1914 г. двое сыноў Саламона Лапіна Аляксандр і Абрам выкупілі для свайго прадпрыемства будынак на вуліцы Аляксандраўскай, 46. Сучасны адрас гэтага будынка – вул. Будзённага, 56, і менавіта з ім звязаны найлепшыя гады тыпаграфіі Лапіных.

Перад Першай сусветнай вайной тыпалітаграфія друкавала галоўным чынам этыкеткі для гродзенскіх цыгарэт, каляровыя рэкламныя аб’явы, а з пачаткам вайны выдала некалькі плакатаў, якія прадстаўлялі пераможныя бітвы расійскай арміі з немцамі.

668-178-15159-5-P5278313.jpg

Брэнд – ігральныя карты

Пасля вайны Аляксандр і Абрам Лапіны вырашылі пашырыць сваю справу ў сферы літаграфічнага выдавецтва і пачалі рабіць захады для атрымання канцэсіі на друкаванне ігральных карт. Браты атрымалі канцэсію ў пачатку 1922 г., а праз нейкі час, самае позняе зімой 1923 г., пачалі вырабляць карты, і гэта дазволіла ім перайменаваць сваю літаграфію ў “Першую краёвую фабрыку ігральных карт”.

MyCollages.jpg

Фабрыка размясцілася ў будынку на тагачаснай вуліцы Ягелонскай (цяпер Будзённага). Яна займала сем пакояў і некалькі памяшканняў, узведзеных у двары асноўнага будынка. У міжваенныя гады на фабрыцы працавала да пяцідзесяці чалавек пад кіраўніцтвам тыпографа з Нямеччыны Макса Леапольда Коля.

Цікава, што вялікая сям’я друкароў Лапіных была вядомая не толькі ў Гродне, але і ў далёкай Францыі. З канца XIX ст. сын Саламона і Соры Лапіных Ілля жыў і працаваў у Парыжы і быў вядомы як “паважаны рускі мастак” Ілля Лапін. Парыжскае выдавецтва Лапіна, якое таксама мела філіял Маскве, друкавала шматлікія паштоўкі, буклеты, кнігі, рэкламныя праспекты і лічылася адным з найлепшых у Францыі. Толькі паштовак парыжскае выдавецтва Лапіна надрукавала больш за 2 тысячы розных відаў.

Попыт на ігральныя карты ў міжваенным дваццацігоддзі быў непараўнальна большым за сённяшні. Паколькі ігральныя карты былі хоць і хадавым, але досыць спецыфічным таварам, звязаным з азартам і часта ашуканствам, дзяржаўныя ўлады пільна кантралявалі іх выпуск. Карты павінны былі быць аднолькавымі, высокай якасці. У працэсе друкавання лістоў з картамі спецыяльны чыноўнік праштампоўваў адну карту з калоды спецыяльнай пячаткай. Яна была круглая – у цэнтры чырвоная, а навокал блакітная, зялёная або жоўтая. Колер пячаткі залежаў ад таго, колькі ў дадзенай калодзе было карт і для якой гульні яны прызначаліся. Пасля заканчэння працоўнага дня чыноўнік апячатваў друкавальную машыну.

Фабрыка Лапіных вырабляла шмат розных карт, напрыклад, самымі папулярнымі на нашых землях да канца XVIІI ст. (а цяпер амаль забытымі) былі карты нямецкага (ці прускага) тыпу. У калодах нямецкага тыпу прысутнічалі наступныя масці карт: жалуды, бубны, сэрцы (напалову чырвоныя, напалову пурпурныя) і лісце (зялёнае), – замест сённяшняга падзелу на трэфы, чэрвы, бубны і пікі. Аднак большую частку прадукцыі фабрыкі складалі карты са стандартным, папулярным сёння “французскім” абазначэннем масці (дзве чырвоныя і дзве чорныя). Выкарыстоўвалі карты для ігры ў скат, брыдж, покер, віст. Адрозніваліся карты таксама і дызайнам: адпаведна пэўнай эпосе і традыцыям “апраналі” Караля, Даму, Вальта і аздаблялі карты. На фабрыцы братоў Лапіных друкавалі карты народныя, ракайлевыя, венскія, а таксама найбольш папулярныя ў міжваенныя гады рэйнскія карты.

Па стану на 1938 г. у акцыянернае таварыства літаграфіі ўваходзіла цэлае сямейства Лапіных (Абрам, Барыс, Генрык, Самуіл Лапіны). На прадпрыемстве працавала ад 35 да 44 чалавек пры трох плоскадрукавальных машынах. Фабрыка мела немалыя абароты. Толькі за друкаванне карт яе ўласнікі ў 1930 г. заплацілі дзяржаве падатак аж 230 тыс. злотых з больш чым 320 тысяч калод, надрукаваных на фабрыцы.

Выдавецкі шэдэўр

Восенню 1939 г. фабрыка братоў Лапіных была нацыяналізавана, а яе гаспадары загінулі ў гродзенскім гета ў гады нямецкай акупацыі. Пасля 1944 г. фабрыку пераарыентавалі на выраб партрэтаў савецкіх кіраўнікоў, грамат і плакатаў. Да пачатку 1950-х гг. літаграфія ў Гродне была адзіным у Савецкай Беларусі прадпрыемствам каляровага друку і мела назву “Беларуская рэспубліканская літаграфія”. Выдавецкім шэдэўрам гэтага перыяду стала кніга “Беларускі нацыянальны арнамент”, якая была цалкам падрыхтавана і выдадзена гродзенскімі майстрамі.

У 1949 г. на фабрыцы працавала 90 чалавек. У перыяд 1956–1961 гг. літаграфія прайшла сур’ёзную рэканструкцыю. Замест плоскіх друкавальных машын былі пастаўлены афсетныя. Вырабленыя мастакамі літаграфскія формы былі заменены афсетнымі матрыцамі, зробленымі фотадрукам. Да таго часу на фабрыцы працавала ўжо 126 чалавек. У 1962 г. установа была перайменавана ў Гродзенскую фабрыку афсетнага друку.

Як выглядала фабрыка напрыканцы 1960-х гг.? Цокальны этаж займаў картанажны цэх, на першым паверсе размяшчаўся клуб прадпрыемства. На другім паверсе быў кабінет дырэктара, аддзелы і службы. У двары знаходзіліся асноўныя цэхі фабрыкі. Паралельна галоўнаму корпусу размяшчаўся аднапавярховы пячатны цэх. У перамычцы, якая злучала цэх з асноўным будынкам, стацыянаваў участак для наразання паперы. Служба галоўнага механіка і майстэрні знаходзіліся ў асобным будынку.

У друкарскім цэху знаходзіліся афсетныя машыны: некалькі аднафарбавых афсетаў і адзін двухфарбавы. Аднафарбавая машына была агрэгатам даўжынёй каля 4 метраў і вышынёй не менш за 2 метры. Каля яе стаяў стол з каменнай сталешніцай, на якім друкар (пячатнік) рыхтаваў неабходныя саставы фарбаў. На аднафарбавых афсетах друкавалі і шматкаляровыя выявы. Любая выява раскладалася на колеры, рыхтаваліся адпаведныя формы, якія мяняліся ў пэўнай паслядоўнасці. У выніку накладання розных фарбаў адна на другую атрымліваліся іншыя патрэбныя колеры. Напрыклад, злучэнне сіняга і жоўтага колераў давала зялёны колер і г.д. У пасляваенны час фабрыка друкавала галоўным чынам этыкеткі для папіросаў, піва і напояў.

У будынку на вуліцы Будзённага фабрыка працавала да канца 1980-х гг. Цяпер тут размяшчаюцца іншыя ўстановы, і ў Гродне не засталося больш ніводнага літаграфскага станка, аднак спадчыну гэтага прадпрыемства можна сёння ўбачыць у музеі.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»