Студэнты-археолагі адкрываюць старажытную гісторыю Шчучыншчыны
Амаль два тыдні група студэнтаў-першакурснікаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і валанцёраў шукала сведкі мінулага ў археалагічнай экспедыцыі недалёка ад вёскі Кульбачына на Шчучыншчыне. Экспедыцыя вывучала гісторыю засялення міжрэчча Котры і Дзітвы і зрабіла адкрыццё: людзі ў гэтых мясцінах з'явіліся на некалькі тысячагоддзяў раней, чым мы прывыклі думаць.
«Белая пляма» на карце археолагаў
Яркі палатачны лагер размясціўся на тэрыторыі сядзібы «Бабровая даліна». А некалькі кіламетраў за тэрыторыю, уздоўж поля і рэчкі, – і вось яно, месца раскопак. Шурф у полі на глыбіню каля метра – месца прыцягнення будучых археолагаў, для якіх нават дробны дождж не перашкода. Яны працуюць размерана, акуратна, разумеючы: на іх лапатах і ў далонях – не проста зямля, а пласты часу, якія трансліруюць важную інфармацыю.
– Даследаванні праводзяцца ў межах археалага-этнаграфічнай практыкі студэнтаў-гісторыкаў першага курса нашага ўніверсітэта, якія навучаюцца па профілях «гісторыя» і «археалогія», – распавядае кандыдат гістарычных навук, дацэнт, выконваючы абавязкі загадчыка кафедры ўсеагульнай і славянскай гісторыі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, навуковы кіраўнік экспедыцыі Алесь Гаршкоў. – Акрамя першакурснікаў, у групе працуюць і студэнты старэйшых курсаў, і магістранты, якія ўжо зрабілі свой крок у навуку і хочуць развівацца ў гэтым накірунку. Раскопкі праводзяцца ў межах гранта Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Вывучаем сістэму рассялення чалавека ў міжрэччы Котры і Дзітвы: на гэты раз – на рэчцы Астрынцы, гарадзішчы Кульбачына, якое гісторыкі нашага ўніверсітэта даследавалі і вывучалі ў канцы 80-х – у пачатку 90-х. Перад намі стаяла задача высветліць: ці толькі гарадзішча знаходзіцца тут, ці цэлы комплекс разам з селішчам і могільнікамі? У выніку знайшлі селішча і высветлілі, што людзі з'явіліся тут значна раней, чым мы думалі, – дзесьці ў бронзавым веку, а магчыма, і ў каменным. А на тэрыторыі сядзібы «Бабровая даліна» знайшлі вельмі цікавыя рэчы XVI-XVII стагоддзяў, што гаворыць пра існаванне тут багатага двара: ўнікальную кафлю, рэшткі посуду, косткі жывёл…

Усе знойдзеныя прадметы ўдзельнікі экспедыцыі зачышчаюць і фіксуюць, прывязваючы свае даследаванні да спадарожніка. Дзякуючы тэхналагічным навацыям, той жа геалакацыі, цяпер прасцей адсочваць сістэму засялення чалавека ў розныя перыяды.
– А па вечарах вывучаем літаратуру, якая тычыцца гісторыі тутэйшых мясцін, – працягвае навуковец. – Шчучынскі раён, калі не браць Панямонне, – белая пляма для археолагаў. Мы прывыклі хадзіць па вялікіх рэках (там сапраўды знаходзяць шмат цікавага), але даследаванні малых рэк дазваляюць рабіць не менш ашаламляльныя адкрыцці. Як гэта здарылася ля Астрынкі.

Скарб з зямлі і «музей» у альтанцы
Альтанка са знаходкамі-артэфактамі – своеасаблівы «музей» экспедыцыі. Тут і рэшткі посуду, і косткі жывёл, і знакамітая кафля, і кавалкі керамікі, крэмень, цвікі, металічныя вырабы. Усё акуратна раскладзена па пакетах і тэмах, папярэдне вымыта, зашыфравана, пашпартызавана. Пасля завяршэння экспедыцыі знаходкі адправяцца ў фонды археалагічных матэрыялаў факультэта, каб надалей выкарыстоўвацца ў навуковых даследаваннях і студэнцкіх працах.
– Для мяне гэта вельмі цікавы досвед: навуковы і жыццёвы, – дзеліцца будучы гісторык-археолаг, першакурснік ГрДУ з Мастоў Мікіта Лойка. – Мы шмат цікавага знайшлі ў раскопе: кераміку, крэмень, што гаворыць пра тое, што людзі жылі тут не з Сярэднявечча, як лічылася, а з больш старажытнага часу – каменнага ці бронзавага. Дзякуючы экспедыцыі, я яшчэ больш зацікавіўся будучай прафесіяй і хачу як мага больш даведацца пра гэтыя мясціны.
А Дар'я Мерава з Воранаўскага раёна, таксама першакурсніца ўніверсітэта, захапілася археалогіяй ужо падчас вучобы. Гаворыць, Алесь Дзмітрыевіч зацікавіў гэтым накірункам, таму і вырашыла адправіцца ў экспедыцыю.
– Мне вельмі цікава ўдзельнічаць у раскопках, жыць у палатцы, пераадольваць пэўныя цяжкасці і больш даведацца пра гісторыю нашай зямлі, – дзеліцца дзяўчына.
Дзе сустракаліся балты і славяне
– Шчучыншчына – ўнікальны гістарычны рэгіён, багаты рознымі помнікамі, у тым ліку археалагічнымі, – падкрэслівае доктар гістарычных навук, прафесар, прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін ГрДУ імя Янкі Купалы Сяргей Піваварчык, адзін з кіраўнікоў экспедыцыі. – Здорава, што тут працякае Нёман і яго прытокі. У розныя гістарычныя перыяды рэкі былі галоўнымі артэрыямі, па якіх сяліліся людзі, якія пакінулі пасля сябе багатую духоўную і матэрыяльную культуру. Усё гэта неабходна даследаваць, каб уявіць цэласны малюнак тых гістарычных працэсаў, якія адбываліся ў раёне. А раён пагранічны: тут сустрэліся ў свой час балцкія і славянскія плямёны. Менавіта Кульбачынскае гарадзішча, побач з якім праходзяць археалагічныя раскопкі, трыццаць гадоў таму дало нам матэрыялы, звязаныя з варагамі (X-XI ст.).
Неабходна працягваць вывучэнне ўжо адкрытых археалагічных помнікаў і адкрываць новыя. Дзеля гэтага і працуе наша экспедыцыя, і іншыя экспедыцыі ўніверсітэту. Дзеля гэтага праводзім маніторынг на мясцовасці, шукаем новыя аб'екты. Работа гэта комплексная, сумесная з органамі дзяржаўнага кіравання, бо гэта наша агульная задача – фарміраваць гістарычную памяць, шанаваць спадчыну, каб разумець унікальнасць нашай беларускай гісторыі ў кантэксце еўрапейскай.
Калектыў экспедыцыі жыў па сваім графіку, дзе было месца і працы, і вучобе, і ўдумліваму аналізу, і смачным сумесным абедам, і сяброўскім спрэчкам, і летняй рамантыцы. А ці бывае інакш у дваццаць?! Праз сумесныя даследаванні “ў палях” у будучых гісторыкаў-археологаў нарадзілася асаблівае пачуццё саўдзелу – разуменне таго, што мінулае не знікае бясследна, а беражліва захоўваецца ў зямлі, чакаючы тых, хто ўмее яго ўбачыць. Слой за слоем, здымаючы пласты часу, маладыя даследчыкі вучацца не толькі чытаць гісторыю, але і па-сапраўднаму любіць сваю Радзіму: глыбока, свядома, праз гатоўнасць стаць яе захавальнікамі для будучых пакаленняў.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
