Пра што пішуць сучасныя гродзенскія пісьменнікі і дзе знайсці іх творы, каб пачытаць
Сёння ў Гродзенскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі 46 аўтараў.

У Сусветны дзень пісьменніка старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людміла Кебіч паведаміла чытачам “ГП”, чым сёння жыве абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў, пра што пішуць нашы сучаснікі і дзе знайсці іх творы, каб пачытаць.
Аказалася, што за час існавання аддзялення (а гэта ні многа ні мала – 20 гадоў) было створана больш за 600 аўтарскіх выданняў, 50 калектыўных зборнікаў. Такім чынам быў закладзены грунтоўны фундамент для развіцця гродзенскай рэгіянальнай літаратуры.
Сёння ў Гродзенскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі 46 аўтараў, якія прадстаўляюць усе літаратурныя жанры, маюць свае ўласныя тэмы і стылі. Яны аб’яднаны адзінымі мэтамі і задачамі, і ў першую чаргу гэта: пісаць цікава, служыць айчыннай літаратуры, працаваць на карысць і ў гонар краіны, ісці да чытача з адкрытымі сэрцамі, чыстымі думкамі і светлымі, годнымі марамі.
Калі казаць пра віды дзейнасці, дык па-ранейшаму пісьменнікі актыўна бяруць удзел у конкурсах розных узроўняў і перамагаюць у іх, друкуюцца ў рэспубліканскім перыядычным друку, калектыўных зборніках міжнароднага ўзроўню.
Толькі за апошнія два гады творы гродзенскіх аўтараў можна было ўбачыць на старонках альманаха “Литературное созвездие”, “Русь – Белая Русь едины”, “Литературная строка”, зборніках, прысвечаных юбілеям Аляксандра Пушкіна, Сяргея Есеніна і іншых выданнях. На працягу дзесяці гадоў пісьменнікі бралі ўдзел у фестывалі-конкурсе паэзіі і паэтычных перакладаў “Берега дружбы” (Расія, Растоўская вобл., Няклінаўскі раён, сяло Пакроўскае), па выніках якога атрымлівалі зборнікі з апублікаванымі творамі.
Новым у гэтым відзе дзейнасці стаў удзел членаў Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ у міжнародным фестывалі духоўнай творчасці “Богородице похвалу воспоем” у Нясвіжы. Па выніках літаратурна-песеннага конкурсу фестываля гродзенскія творцы занялі сем прызавых месцаў, а іх творы былі змешчаны ў зборніку “Памяти павших во имя живых”.
За 2025 год членамі аддзялення выдадзена 66 аўтарскіх зборнікаў. Сярод іх вялікую зацікаўленасць чытачоў выклікалі: кніга нарысаў Галіны Антонавай “Вайна ў асобах. Непрыдуманыя гісторыі герояў”; апавяданні Івана Пяшко “Аднакурснікі”; кнігі паэзіі Таццяны Яцук “Прага цішыні” і Аляксандра Марозава “Страна, в которой я живу”; зборнік казак для дзяцей Таццяны Сучковай “Как драник в масле катался” і “Небоятельная история” Ліны Багданавай; зборнік публіцыстычных і крытычных артыкулаў “Масты і берагі” Дзмітрыя Радзівончыка і, безумоўна, кнігі Андрэя Татура (а іх у мінулым годзе аўтар выдаў ажно 12!), сярод якіх і яго паэтычны зборнік “Взгляд из поднебесья”.
Пісьменніцкая арганізацыя ажыццявіла выданне і некалькіх калектыўных зборнікаў. Гэта зборнік паэзіі і прозы “Памяти вечный огонь”, прысвечаны вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў; “Память огненных лет” і “Поле памяти” – да 80-годдзя Вялікай Перамогі; літаратурны альманах “На Нёманскай хвалі” №8.
Усе гэтыя выданні можна знайсці ў бібліятэках і кнігарнях вобласці.
Шмат цікавых матэрыялаў змяшчаецца на сайце аддзялення і ў сеціве Інтэрнэт. Падзеі ў жыцці і літаратуры абмяркоўваюцца на пасяджэннях грамадскага дыскусійнага клуба “Словадром” пад кіраўніцтвам паэта, публіцыста, літаратурнага крытыка Дзмітрыя Радзівончыка.
Плённа працуем і з творчай моладдзю: праводзяцца кансультацыі, рэдагуюцца творы, запрашаюцца да ўдзелу ў мерапрыемствах і калектыўных зборніках. Працягвала працаваць і гродзенская грамадская літаратурная школа, галоўным лектарам якой з’яўляецца таксама Радзівончык, і якую наведваюць не толькі маладыя людзі.
– Снежань 2025 года быў адзначаны для нас юбілейнай падзеяй – Гродзенскаму абласному аддзяленню СПБ споўнілася 20 гадоў. А зараз пісьменніцкая арганізацыя рыхтуецца да не менш значнай і традыцыйнай падзеі – XXXIII Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая пройдзе ў Мінску з 17 па 22 сакавіка. Праграма, з якой выступіць дэлегацыя гродзенскіх пісьменнікаў, названая “Не пакідаць грамадскай варты…”, будзе напоўнена творамі, прысвечанымі Радзіме, ролі паэта, Году беларускай жанчыны, і прэзентацыямі кніг. Павязём мы на выставу і восьмы нумар літаратурнага альманаха “На Нёманскай хвалі”, у які ўвайшлі творы амаль усіх аўтараў арганізацыі.
Пісьменнікі Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ сёння плённа шчыруюць на ніве літаратуры, цалкам усведамляюць, што літаратурная будучыня як Гродзеншчыны, так і Беларусі залежыць і ад таго, якія кожны з нас пасее словы. Таму, кажучы словамі з верша нашай паэтэсы Вольгі Алізар, рупяцца “Каб знаходзілі творы ў вяках разуменне…”, – падкрэсліла Людміла Мікалаеўна.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
