“Пра мову на мове”. У Гродна адбылася 72-я сустрэча грамадска-дыскусійнага клуба “Словадром” Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі”

Сустрэча была прысвечана Міжнароднаму дню роднай мовы.

photo_2026-03-03_17-25-15.jpg

25 лютага адбылася 72-я сустрэча грамадска-дыскусійнага клуба “Словадром”. Для паважаных членаў Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі” свае дзверы адчыніла гімназія №6 ім. Ф. Э. Дзяржынскага. Мне пашанцавала не толькі пабываць на мерапрыемстве, але і стаць яго непасрэдным удзельнікам. Стаць часткай гэтага інтэлігентнага і шчырага асяроддзя. 

Чарговая сустрэча “Словадрома”, названая “Пра мову на мове”, была прысвечана Міжнароднаму дню роднай мовы. Пачалася, не пабаюся гэтага слова, імпрэза з развейвання міфаў. Мадэратарам усяго працэсу выступала настаўніца беларускай мовы і літаратуры Юлія Чамярыс. У яе, як мы ўсе даведаемся пазней, ёсць свой тык-ток акаўнт “БеларускаЯ”, што нясе вельмі просты і праніклівы сэнс – вывучэнне мовы ў зручным і сучасным фармаце. Міфы, якія былі прадстаўлены на вельмі стылёвай прэзентацыі, дазволілі закрануць вельмі важныя тэмы.

Першым міфам стала меркаванне аб карыстанні беларускай мовы ў сучаснасці. Наколькі родная мова актуальная? Думкі былі розныя: ад сустракання мовы ў калідорах універсітэта і на занятках мовы ў школах да розных моладзевых гутарак на вуліцы. Людміла Кебіч, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі”, заўважыла: “Раней усе на вёсцы размаўлялі на беларускай мове, а зараз наадварот – на беларускай імкнуцца гаварыць у горадзе”. 

Другім міфам “Словадрома” стала пытанне шматграннасці мовы. Ці не штучная нашая мова? Разнастайнасць слоў, якія з’яўляюцца сінонімамі, аднак нясуць розныя кантэкстуальныя сэнсы. Такім цудоўным прыкладам стала рускае “качать”. Усе прысутныя ўзгадвалі вядомыя пераклады, сярод іх апынуліся “калыхаць” (“баюкать”, напрыклад дзіця), “пампаваць” (“качать” нешта з інтэрнэту), “ківаць” (галавой), “люляць” (“калыхаць”, заспакойваць да сну) і яшчэ шмат прыкладаў, некаторыя я даведаўся ўпершыню. Узгадалі, канешне, і вядомы факт – беларуская мова другая ў свеце па мілагучнасці.

Трэцім, на мой погляд, дастаткова рытарычным пытаннем стала “Беларуская мова толькі для калгаснікаў?”. Канешне, гэта не так! Вядучы гутарку на роднай мове, усё беларускамоўнае асяроддзе загадзя ведала адказ. Беларуская мова здольная абслугоўваць усе сферы жыцця чалавека, яна мае цэлы народ, які ведае пра сваю ідэнтычнасць і мае сваю незалежнасць. 

Завяршэннем 72-га “Словадрома” стала чытанне вершаў. Калі наша аўдыторыя вырашыла зрабіць агульнае фота на памяць, я паглядзеў на гадзіннік. Уявіце! З пачатку сустрэчы прайшло больш чым за паўтары гадзіны. Кажу шчыра – я не заўважыў, як мінуў час. 

Пасля заканчэння мерапрыемства мне ўдалося задаць некалькі пытанняў намесніку старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Дзмітрыю Радзівончыку:

– Ці першая гэта выязная сустрэча клуба “Словадром”?

– Не, не першая. Звычайна мы збіраемся ў адным з карпусоў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі ім. Е. Карскага. Таксама выязджалі ў Гродзенскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж бытавога абслугоўвання насельніцтва, Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж ім. І. Шчаснага і вось у гэты раз вырашылі сустрэцца ў 6-й гімназіі.

– Дзеля чаго існуе клуб “Словадром”, да чаго ён імкнецца?

– Дзеля моладзі, дзеля асветы. Мы ведаем гісторыю, ведаем як далучыцца да моладзі. Мы нясём веды, хочам адукаваць падрастаючае пакаленне. Нашая дзейнасць будуецца на грамадскіх грунтах, і гэта дазваляе быць бліжэй да моладзі, то бок гары. А калі гара не ідзе да Магамета, тады Магамет ідзе да гары. Вось зараз і я, як Магамет, прыйшоў да гары.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»