Тэхналогiю ўпрыгожвання вярбiнак адрадзiлi чатыры сястры-майстрыхi з Гродна

Тэхналогiю ўпрыгожвання вярбiнак адрадзiлi чатыры сястры-майстрыхi з Гродна

Тэхналогiю ўпрыгожвання вярбiнак, якiмi ў былыя часы славiўся заходнi край, адрадзiлi чатыры сястры-майстрыхi з Гродна.

Яны робяць букеты, якiя атрымалi назву «гродзенскiх вербаў», піша «Звязда». Нам удалося сустрэцца з адной з сёстраў — Дамiнiкай Кавалёнак, якая за сваю ўнiкальную творчасць атрымала званне народнага майстра Беларусi.

— Гродзенскую вярбу можна адразу пазнаць: яна яркая, як вясёлка, мае плоскую форму i ўпрыгожана толькi раслiнамi — сухiмi кветкамi, каласкамi. Але ў такiм выглядзе велiкодныя букеты пачалi з'яўляцца не так даўно.

4-17_kopiya_8.jpg

Сама майстрыха Дамiнiка Кавалёнак успамiнае, што раней у храм насiлi асвячаць немудрагелiстыя «букеты» — галiнкi вярбы з каляровымi нiткамi альбо папяровымi стужкамi. Але была на Гродзеншчыне i iншая традыцыя. Гадоў сто таму тут рабiлi ўнiкальныя «пальмы». Такая традыцыя захавалася i ў сям'i Дамiнiкi Кавалёнак. I ўжо ў сталым узросце яна з сёстрамi вырашыла распаўсюдзiць забытую тэхналогiю. Яркiя вербы сясцёр атрымалi шырокi попыт. А каб старажытная традыцыя не згасла, тэхналогiю iх складвання ўнеслi ў спiс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусi.

Увогуле тэхналогiя сама па сабе не такая i складаная. Бяруцца галiнкi вярбы (3, 5, 7 цi больш) i паступова ўпрыгожваюцца выключна раслiнамi, нарыхтоўка якiх вядзецца з вясны да восенi. У галiнкi вярбы, якiя Дамiнiка Кавалёнак зрабiла сёлета, уплецены лясны катоўнiк, кукуруза, мох, заечы хвост, цiмафееўка i многае iншае. Некаторыя кветкi яна вырошчвае на дачы, некаторыя збiрае ў полi цi на лузе.

UNADJUSTEDNONRAW_thumb_1a51.jpg

Адна з асаблiвасцяў гродзенскай вярбы — гэта абавязковыя каласкi. Пшанiца, авёс, жыта, ячмень... Добра падыходзiць i лён. Некаторыя каласкi фарбуюцца. Раслiннае напаўненне кладзецца ярусамi, i на кожным з iх — каласкi. Яны могуць быць i каляровыя, i звычайныя, без афарбоўкi.

— Я працую не для бiзнесу, а для душы, у мяне няма канвеера, — кажа Дамiнiка Кавалёнак.

Яно i зразумела. З гэтымi вербамi вернiкi iдуць у храмы ў Вербную нядзелю, за тыдзень да свята Пасхi. Тым самым людзі ўслаўляюць уваход Гасподнi ў Iерусалiм. Захоўвалi вярбу дома да наступнага года, а часам, i даўжэй — гэта ж своеасаблiвы твор мастацтва!

Майстрыха расказала, што пачала рабiць вербы напачатку 80-х гадоў, «калi скончыўся атэiзм». Шчыравала тады толькi для сябе i сваёй сям'i, але з цягам часу пашырыла межы, i цяпер ў даволi сталым узросце не пакiдае свайго занятку, шукае новыя формы, матэрыялы, колеры. Нядаўна прыдумала эксклюзiўную вербачку з новым фiласофскiм падтэкстам.

926f608595ec9d9e7904d3725c95c730.jpg

— Аснова букета — вярба — гэта шлях да Бога, — кажа жынчына. — Вось такiя кветкi — кружочкi трох колераў — гэта наш жыццёвы святлафор. З iм мы iдзём па дарозе шукаць сэнс жыцця. А зверху — каласкi сямi колераў вясёлкi. Гэта тое, што ёсць у прыродзе. Але чалавеку важна знайсцi i духоўны сэнс. А ён просты — трэба рабiць больш дабрыні, тады i на душы лягчэй стане, бо злосць наўрад цi прынясе задавальненне. А вось праз любоў мы можам знайсцi гэты самы шлях.

У Дамiнiкi Кавалёнак нямала задумак. Цяпер, напрыклад, жанчына занялася вырабам фларыстычных карцiн з выявай усiх пораў года. Ужо зрабiла зiму i вясну, на чарзе — лета. За далейшы лёс гродзенскiх вербачак яна спакойная. Бо тое, што ўдалося адрадзiць, стала нацыянальнай спадчынай. Падобнай тэхнiкай авалодваюць iншыя народныя майстры i нават самi праводзяць майстар-класы. Не застаецца ўбаку i сама Дамiнiка Дамiнiкаўна. Яна разам з сёстрамi па-ранейшаму «круцiць» пасхальныя вербы, якiя не толькi зачароўваюць сваiмi колерамi, але i дыхаюць цеплынёй.

Редакция газеты «Гродненская правда»