Вершы на свята. Пра мароз і зіму ад талента Максіма Багдановіча ў відэапраекце «Гродзенскай праўды»

Вядомы з дзяцінства верш Максіма Багдановіча “Зімой”
Чытае яго Арына Добрук, навучэнка абласнога Палацу творчасці дзяцей і моладзі. Арыне 12 год, аднак дзяўчынка ўжо прымае актыўны ўдзел у гарадскіх і нават абласных мерапрыемствах як чытальнік. Яна выдатна валодае словам. Летась Арына ў складзе творчай каманды стала лаўрэатам першай ступені рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет”.
"Зімой"
Здароў, марозны, звонкі вечар!
Здароў, скрыпучы, мяккі снег!
Мяцель не вее, сціхнуў вецер,
I волен лёгкіх санак бег.
Як мары, белыя бярозы
Пад сінявой начной стаяць,
У небе зоркі ад марозу
Пахаладзеўшыя дрыжаць.
Вільготны месяц стуль на поле
Празрысты, светлы стоўп спусціў
I рызай срэбнаю раздолле
Снягоў сінеючых пакрыў.
Ўзрывайце ж іх санямі, коні!
Звіні, вясёлых бомаў медзь!
Вакол лятуць бары і гоні,
У грудзях пачала кроў кіпець.