Віктар Курловіч

Віктар Георгіевіч Курловіч нарадзіўся 18 лютага 1955 года ў вёсцы Драгічаны Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. Па прафесіі педагог. Працаваў на розных пасадах у Драгічанскай васьмігадовай, Краснасельскай сярэдняй, Вярэйкаўскай санаторнай школе-інтэрнаце і Вярэйкаўскай сярэдняй школах Ваўкавыскага раёна. Творы Віктара Георгіевіча Курловіча друкаваліся ў перыядычных выданнях: у альманаху “Голос надежды” (2008), у калектыўным зборніку “Люблю цябе, мая старонка” (2015); больш за 100 (!) вершаў былі апублікаваны ў ваўкавыскай раённай газеце “Наш час”.
У 2012 годзе ўбачыў свет зборнік лірыкі Віктара Курловіча “Пах медуніцы”. У 2017-м выходзіць другая кніга паэта “На скрыжаванні восені і лета”. Творца з’яўляецца актывістам Ваўкавыскага раённага літаратурнага аб’яднання “Муза”. Акрамя гэтага, Віктар Георгіевіч сябруе і плёна супрацоўнічае з Гродзенскім гарадскім літаратурным аб’яднаннем “Надежда”; стаў фіналістам першага (2008) і лаўрэатам другога (2012) Абласнога конкурса паэзіі педагагічных работнікаў “Поэзия – души движенье”, быў неаднаразовым удзельнікам фестывалю паэзіі “Масалянскія салаўі” (Бераставіцкі раён). З 2018 года Віктар Георгіевіч Курловіч – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Жыве ў аграгарадку Вярэйкі Ваўкавыскага раёна. Піша на беларускай мове.
ШАНУЙЦЕ РОДНУЮ ЗЯМЛЮ
Парой вясновай назіраць люблю,
Як з выраю да нас кіруюць гусі...
Шануйце, людзі, родную зямлю,
Што з даўніны завецца Белай Руссю.
Як не любіць цудоўны гэты край –
Узгоркі, рэчкі, пушчы векавыя
І ў хмызняках птушыны звонкі грай,
І ўсходы на палетках маладыя?
Як не любіць прастор яе палёў
І прахалоду свежую крыніцы,
Чароўны свет бярозавых гаёў,
І шум грымотнай летняй навальніцы?
Шануйце, людзі, родную зямлю,
Што ў спадчыну пакінута дзядамі.
І як зярняткі кволыя ў раллю,
І вы ў яе ўрастайце каранямі.
Якіх прайсці не прыйдзецца дарог,
Каб засталіся вы душой багаты,
Не забывайце родны свой парог
І цеплыню сваёй бацькоўскай хаты.
Цябе любоўю шчыраю люблю,
І пачуццё з гадамі не згасае...
Шануйце, людзі, родную зямлю
І помніце – яна адна такая.
2009
АПУСЦЕЛА ВЁСКА
Пастарэла вёска, век свой дажывае,
Дзе-нідзе іскрынкі цепляцца жыцця.
І сюды дарогі ціха прыкрывае
Шчыльным пакрывалам шэрань забыцця.
Хоць бывала цяжка, тут жылі шчасліва…
Толькі з кожным годам больш і больш двароў
Тых, што выглядаюць вельмі сіратліва –
Сумна ім, напэўна, без гаспадароў.
Усё менш тут чутны звонкі смех дзіцячы,
Толькі выключэннем лета можа быць –
Да сваіх бабуляў едуць, як на дачы,
Гарадскія ўнукі крыху адпачыць.
Дык давайце з вамі ўсё ж паразважаем
У сваіх кватэрах у начной цішы –
Можа разам з вёскай мы, сябры, губляем
Важную часцінку нашае душы?
2010