Вікторыя Смолка

Вікторыя Смолка

Смолка Вiкторыя Валер’еўна нарадзiлася 22 сакавiка 1996 года ў Гродне. Вершы складае з маленства. Удзельнiца і прызёр алiмпiяд па беларускай і рускай мовах і літаратуры, а таскама лаўрэат шматлiкiх гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў-фестываляў у намінацыі “Паэзія”. Летам 2017 года з адзнакай “выдатна” стала выпускніцай ГрДУ імя Янкі Купалы, філалагічнага факультэта, спецыяльнасці “Беларуская філалогія” і паступіла ў магістратуру ГрДУ імя Янкі Купалы на спецыяльнасць “Літаратуразнаўства”. 

Вершы друкуюцца ў перыёдыцы і калектыўных зборніках Беларусі, Расіі, Польшчы: у газетах: “Знамя Юности”, “Перспектыва”, “Гродзенскi ўнiверсiтэт”, “Літаратура і мастацтва”, “Православная газета” (Курган, Расія); у часопісах і альманахах: “Маладосць”, “На Нёманскай хвалі”, “Новы замак”, “Верасень”, “Тэрмапілы”, “Славiстычныя разнастайнасцi” (Беласток, Польшча), у калектыўных зборніках: “Каложскі Дабравест”, “Поэзия Мегаполиса” (Расія), “Берега дружбы” (Расія). Выступала з вершамі на расійскім радыё “Рансис” ў перадачы-інтэрв’ю “Зрячее сердце” і на радыё ВОС у межах конкурсу паэтаў. Аўтарка паэтычнага зборніка “Зоркаму сэрцу”, выдадзенага ў серыі “Маладая паэзія Беларусі” (Мінск, 2015).Неаднаразовы ўдзельнік Міжнароднага фестывалю творчай моладзі з парушэннямі зроку "Белая трость", які праводзіць вядомая спявачка Дзіяна Гурцкая (Масква). У 2015 годзе стала прызёрам Рэспубліканскага конкурсу маладых паэтаў “Мы рождены для вдохновенья” (у межах Рэспубліканскага фестывалю рускай паэзіі “Созвучье слов живых”, г. Брэст). 6 снежня 2017 г. прынята ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Піша на рускай і беларускай мовах. Жыве ў Гродне.



* * * 

Шукайце дар у дабрыні, 
Адзіны, Божы, незвычайны... 
А музыку – у цішыні... 
А шчасця голас – у маўчанні. 
Шукайце ноччу зорны дождж, 
А раніцай пяшчотна-снежнай
Душу пусціце басанож
Той дзіўнай... І нябачнай сцежкай... 
Каб чараўніца павяла
У казку-яву за сабою, 
Жывіце пошукам святла, 
Надзеі, веры і любові...

ВІНШАВАЛЬНАЯ МОВА

Віншуе агеньчык на мове святла, 
Зялёнаю мовай віншуе ялінка, 
Жыццё хуткаплыннае мовай вясла, 
Анёльскаю мовай віншуе сняжынка! 
Віншуе абдымак сардэчнай рукі, 
Віншуюць паштоўкі, вітанкі, званкі! 
Віншуе гадзіннік на мове чакання, 
А цуды віншуюць на мове спаткання! 

ПАЭЗІЯ 

Песня ў сэрца заляцела, 
Нечаканая, жывая. 
Хто прыгожы, цёплы, смелы 
Тую песню праспявае?! 

Нарадзiцца дапаможа, 
Дапаможа жыць на свеце. 
Цi не добры падарожны
Божым выпадкам сустрэты?! 

Цi не тая – залатая? 
Братка, Ластаўка, Вяснiца
I Ахоўнiца святая 
Вершавана гадзяцiнства?!