Велікодныя віншаванні біскупа Уладзіміра Гуляя вернікам Гродзенскай дыяцэзіі

Велікодныя віншаванні біскупа Уладзіміра Гуляя вернікам Гродзенскай дыяцэзіі

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі!

Хрыстус уваскрос – сапраўды ўваскрос!

Сёння звяртаюся да кожнага з вас з гэтым традыцыйным прывітаннем, якое выражае сутнасць хрысціянскай веры. Для нас, хрысціян, няма важнейшай праўды, чым тая, што Хрыстус уваскрос. Няма больш урачыстага спеву, чым велікоднае «Аллелюя». Няма больш радаснага відовішча, чым пустая магіла нашага Збаўцы.

«Калі б Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера вашая марная» (1Кар 15, 14), – піша святы апостал Павел. Калі б Хрыстус не ўваскрос, Яго Евангелле было б нічым большым, чым толькі марай пра лепшы свет і больш высакароднага чалавека – марай прыгожай і ўзнёслай і адначасова сумнай, бо немагчымай для выканання. 

Дарагія браты і сёстры! З нагоды свята Уваскрасення Пана выказваю вам самыя сардэчныя віншаванні. Няхай святкаванне велікодных урачыстасцей стане для нас асабістай сустрэчай з Езусам Хрыстом, Панам і Адкупіцелем, які вядзе сваіх вернікаў зямнымі шляхамі да паўнаты шчасця ў нябеснай айчыне. Няхай блізкасць Хрыста і моц Яго ласкі ўжо цяпер дазволяць кожнаму з нас спазнаць радасць новага, пасхальнага жыцця. Няхай кожны дзень нашай зямной пілігрымкі будзе напоўнены надзеяй і аптымізмам, будзе шчодрым на ўчынкі любові і дабрыні, натхняе да бескарыслівага служэння і аддання сябе дзеля блізкіх. Будзем абвяшчаць усяму свету, што Хрыстус уваскрос, не толькі словамі, але і праўдай нашага жыцця.

Яднаюся з вамі, дарагія вернікі нашай дыяцэзіі, у радасным святкаванні Хрыстовай перамогі, памятаю пра вас у сваіх малітвах і пакорна прашу аб малітве за мяне.

Радасных велікодных святаў!

Біскуп Уладзімір Гуляй 

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»