Вёска Крэва: чым цікавая для турыстаў і ўтульная для жыхароў
Турызм у Крэве стаў адным з галоўных напрамкаў, якія падсілкоўваюць эканоміку аграгарадка.
Над усім гэтым ціхае, роўнае адчуванне парадку і мернага рытму: ні мітусні мегаполіса, ні пустэчы закінутых вёсак, а менавіта тое камфортнае асяроддзе, дзе хочацца жыць. У цэнтры знаходзяцца ўсе звыклыя кропкі: крама «Родны кут», банк, пошта, кафэ, царква і касцёл. І як нязменны арыенцір – Крэўскі замак, чыё каменнае маўчанне надае месцу прыцягальнасць. Расказваем, як жывецца на вёсцы i дзе знаходзiцца прывабная для турыстаў архiтэктурная жамчужына.
Магніт для турыстаў
Першае, што кідаецца ў вочы, – тут створана паўнавартаснае, камфортнае сельскае жыццё. Дарожная сетка адрамантаваная, віднеецца нават будоўля новых дамоў, мноства сацыяльных аб'ектаў. Каб глыбей зразумець, чым жыве Крэва і што робіць яго асаблівым, мы пагаварылі з тым, хто ведае гэтае месца не па чутках, – з настаўнікам гісторыі і грамадазнаўства Крэўскай сяредняй школы Міхаілам Міхалькевічам. Ён нарадзіўся тут і дагэтуль з'яўляецца актыўным удзельнікам жыцця аграгарадка.– Крэва вядома перш за ўсё сваім замкам XIV стагоддзя, – расказаў Міхаіл Анатольевіч. – Цікавасць да гэтага месца была заўсёды, таму турызм стаў для нас лагічным шляхам развіцця. Людзі прыязджаюць паглядзець на каменныя сцены і легенды, а гэта дае працу мясцовым – і ў гандлі, і ў сферы паслуг. Памятаецца і цёмная старонка гісторыі, калі замак разбураўся, з яго вывозілі камяні і, да прыкладу, частку плошчы ў Маладзечне, па расказах, выкладвалі менавіта гэтымі камянямі.
Турызм у Крэве стаў адным з галоўных напрамкаў, якія падсілкоўваюць эканоміку аграгарадка. Рэстаўрацыя замка прыцягвае гасцей, і разам з імі з'яўляюцца новыя пункты сэрвіснага абслугоўвання: крамы, сувенірныя лаўкі, пункты харчавання. Са слоў Міхаіла Міхалькевіча, гэта прыкметна ажывіла рынак працы:
– З'явіліся працоўныя месцы, выраслі магчымасці падпрацоўкі для моладзі і пенсіянераў. Агракультурны патэнцыял дапаўняецца і тым, што дачнікі ўсё часцей выбіраюць Крэва як месца сезоннага або пастаяннага пражывання: спакой, чыстае паветра і адносная блізкасць да райцэнтра і сталіцы робяць сваю справу. Дарэчы, за апошнія 20 гадоў, Крэва змяніўся. Калі гэтае месца зрабілі аграгарадком, то развіццё пайшло ўгору, ажыццявілі капітальны рамонт многіх будынкаў, пабудавалі шмат усяго новага, праклалі асфальт, і калі параўноўваць, як было раней і цяпер, то змены значныя і ўсё ідзе на карысць, каб як мага больш людзей пераязджала ў сельскія населеныя пункты і вёска жыла.
Разам і ў дзеянні
Але развіццё ж гэта не толькі лаўры і добрыя словы, гэта і канкрэтныя задачы. Мясцовыя ініцыятывы даўно бяруць лёс аграгарадка ў свае рукі: жыхары ўдзельнічаюць у конкурсах грамадзянскіх ініцыятыў, сумесна добраўпарадкоўваюць вуліцы і тэрыторыю вакол памятных месцаў. Адна з жывых гісторый, калі пачалася рэстаўрацыя замка і неабходныя былі камяні, то ў інтэрнэце з'явіўся пост аб дапамозе, і людзі адгукнуліся без лішніх пытанняў. Хто прывёз пару камянёў, хто – цэлую машыну. Але галоўнае, што ўсе працавалі разам. Такі прыклад паказвае моцную грамадзянскую пазіцыю і ўменне аб'ядноўвацца дзеля агульнай справы.Сярод прыярытэтных задач мясцовых – добраўпарадкаванне тэрыторыі каля замка, арганізацыя парковачных месцаў для турыстаў, расчыстка рэчкі Крэўлянкі, паляпшэнне асвятлення асобных вуліц. Жыхары актыўна абмяркоўваюць гэтыя пытанні і шукаюць шляхі вырашэння праз заяўкі на мясцовыя праграмы развіцця і ўдзел у шматлікіх ініцыятывах.
Жыццё жалезна пацвярджаецца і на бытавым узроўні: тут ёсць усё, што трэба для сям'і, – дзіцячы сад, школа з актыўным педагагічным калектывам, пошта, банк, крамы, установа аховы здароўя. Праца таксама знойдзецца.
Наяўнасць такіх сэрвісаў мяняе ўяўленне пра вёску: гэта ўжо не адрыў ад цывілізацыі, а свядомы выбар камфорту. Новыя дамы, якія мы заўважылі па дарозе, –відавочны індыкатар: людзі выбіраюць Крэва для спакойнага мернага жыцця побач з прыродай, удалечыні ад шуму.
Людзі простыя, са сваёй душой
Любы прадуктовы магазін – гэта сэрца бытавога жыцця невялікага населенага пункта. Менавіта там можна даведацца абсалютна ўсе апошнія навіны і меркаванне людзей. Таму неадкладна было прынята рашэнне зайсці туды, каб пагутарыць з мясцовымі жыхарамі і даведацца адказ на самае важнае пытанне: «Чаму ўсё ж такі варта пераехаць жыць на сяло?»Унутры паліцы акуратна застаўлены таварамі мясцовай вытворчасці і звыклымі для сельскага гандлю пазіцыямі. Прадавец Зоя Глінская сустракае пастаянных пакупнікоў па імені і ўжо ведае, хто і па што прыйшоў.
– Людзі любяць Крэва за спакой і за тое, што тут усё побач. У нас няма спешкі, затое ёсць добразычлівасць. Людзі простыя, са сваёй душой, – распавяла яна. – Наогул самая галоўная адметная асаблівасць маленькіх аграгарадкоў і вёсак у тым, што тут цішыня і поўная адзінота. У шумным горадзе такога няма, многія жыхары вялікіх гарадоў спецыяльна на выхадныя выбіраюцца на прыроду, каб у цішыні набрацца сіл, а мы ў цішыні жывем. Гэта велізарны плюс.
Мы затрымаліся ля паліц, як да нашай размовы далучылася бабуля Яўгена Марцішонак, якая вырасла ў Крэве і ўсё жыццё працавала педагогам. У яе, як у карэннай жыхаркі, вядома было цікава даведацца, што думае яна пра жыццё ў такіх аддаленых ад вялікіх гарадоў месцах:
– Я люблю Крэва за тое, што яно ёсць. Тут ёсць усё – і людзі, і ўтульнасць, і прыгажосць. І гэта месца захоўвае сваю ўнікальнасць. Я заўсёды марыла, каб Крэва стаў знакамітым, і мая мара спраўдзілася.
Жывая спадчына і сучасная ідылія
Крэва жыве, і жыве актыўна: спалучэнне гістарычнай спадчыны і сучаснай інфраструктуры робіць яго прывабным і для турыста, і для сям'і. Гэта прыгарадная ідылія на фоне старога каменя, які, зведаўшы гады разбурэнняў, набывае новае дыханне ў руках тых, хто любіць і шануе сваю зямлю. Калі сыходзіш па заснежанай алеі, азіраешся на сілуэт замка і разумееш: тут сапраўды магчыма ўсё – і захаваць гістарычную памяць, і пабудаваць камфортнае жыццё для пакалення, якое вырашыла застацца.«Крэва жыве і зусім не старэе», – менавіта так скончыла адзін са сваіх вершаў адна з настаўніц мясцовай школы. Гэтыя словы гучаць зараз як запрашэнне: прыедзьце, паглядзіце, адчуйце і пераканайцеся, што сельскае жыццё можа быць напоўнена сэнсам, клопатам і прыгожымі зменамі.
*Проект создан за счет средств целевого сбора на производство национального контента
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
