Якія выставы варта наведаць падчас святкавання Дня беларускага пiсьменства ў Лiдзе?

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі разгорнута персанальная выстаўка мастачкі Лідзіі Лазоўскай.

IMG_20250709_102842.jpg

Для гасцей свята i тых, хто не зможа наведаць мерапрыемста, карэспандэнт “ГП” падрыхтавала вiртуальны тур па выставах i экспазiцыях, прымеркаваных да Дня пiсьменства.  

Лида дом.png

“Хаджу закаханы у твае краявiды”

У Лідскім гісторыка-мастацкім музеі, якi знаходзiцца па вулiцы Перамогі, 37а, разгорнута персанальная выстаўка мастачкі Лідзіі Лазоўскай “Хаджу закаханы ў твае краявіды”.

Лідзія Мікалаеўна нарадзілася ў Лідзе, зараз жыве і працуе ў Мінску. Член Саюза дызайнераў Рэспублікі Беларусь з 2012 года. Аўтар на пастаяннай аснове рэалізуе заказы для напісання тэматычных карцін для пратакольных падарункаў гасцям нашай краіны. 

Лідчане добра памятаюць яе бацьку – Мікалая Фёдаравіча Лазоўскага – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, які таксама быў мастаком. Напісаныя ім карціны сёння ўпрыгожваюць інтэр’еры многіх арганізацый, кватэр і дамоў лідчан. 

Пра сваю творчасць мастачка расказала наступнае:

У дні святкавання славянскай пісьменнасці я асабліва востра адчуваю сувязь з тым духоўным светам, які адкрыла для мяне беларуская літаратура. Для мяне пісьменнасць – гэта не толькі кнігі, гэта жывы голас майго бацькі, які ў дзяцінстве чытаў мне вершы і апавяданні. Ён адкрыў для мяне Якуба Коласа, Янку Купалу, Максіма Багдановіча… Я ўпэўнена магу сказаць, што гэтыя творы сфарміравалі маё светаўспрыманне і паўплывалі на тое, як я бачу свет праз мастацтва. 

Адной з тэм маёй творчасці стала паэма Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”. Зубр як у старажытнасці, так і сёння застаецца нацыянальным скарбам і сімвалам Беларусі, увасабленнем яе сілы і велічы. 

І ёсць яшчэ адзін сімвал нашай культуры, які я хацела падкрэсліць у сваёй працы. На адной з карцін пад світкам вы можаце ўбачыць слуцкі пояс. Гэта таксама наша нацыянальная каштоўнасць, своеасаблівая пісьменнасць у арнаменце. Арнаменты слуцкага пояса – гэта мова кветак, мова сімвалаў, праз якія майстры даносілі да нас інфармацыю аб свеце, аб гармоніі, аб прыгажосці. І калі ў кнігах захоўваюцца словы, то ў тканых узорах захоўваецца мова нашых продкаў, – адзначыла Лідзія Лазоўская. 

У фае музея таксама працуе персанальная выстава лідскага фотамастака Уладзіслава Цыдзіка “Беларусь бачу такой”.

Дарэчы, гэта не адзіныя моманты, калі ў сценах музея можна будзе сустрэцца з цікавымі і творчымі людзьмі. 6 верасня ў 14.30 тут пачнецца сустрэча з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом і народнымі артыстамі Беларусі Марыяй Захарэвіч і Эдуардам Ханком.

“Вайна глядзiць праз кнiжныя старонкi”

Таксама ў гісторыка-мастацкім музеі працуе выстава “Вайна глядзіць праз кніжныя старонкі”. Яна злучае літаратуру, мастацтва, гісторыю і эмоцыі, каб вайна не заставалася сухім фактам, а стала асабістым перажываннем праз кнігі і сапраўдныя сведчанні.

Выстава паказвае, як вайна пераламляецца ў мастацкіх і дакументальных тэкстах, як пісьменнікі і відавочцы захавалі яе ў слове. У экспазіцыі таксама прадстаўлены музейныя прадметы перыяду Вялікай Айчыннай вайны. 

7 верасня ў 11.00 адбудзецца прэзентацыя новых кніг – фотаальбома “Лідскі край: з любоўю і назаўжды”; зборніка твораў лідскіх літаратараў “Край наш вольны, край любімы” і кніжкі для дзяцей малодшага школьнага ўзросту пра адметныя падзеі і славутасці Лідчыны “З Міхасём і Міхалінкай крочым роднымі сцяжынкамі”.

“Шах у гiсторыi”

Так называецца яшчэ адна выстава, на гэты раз прысвечаная шахматам. Вядома, што і Купала, і Колас любілі гэтую інтэлектуальную гульню. У экспазіцыі можна будзе ўбачыць экспанаты як з фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея, так і іншых устаноў культуры Беларусі: Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, замкавага комплексу “Мір”, Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і інш.

Таксама супрацоўнікамі музея падрыхтавана выстава: “Ручкі з характарам”. Гэта пішучыя ручкі з цікавым дызайнам, падораныя наведвальнікамі і арганізацыямі Лідчыны. Але гэта яшчэ не ўсё: там можна будзе не толькі глядзець на экспанаты, але і паспрабаваць, наколькі зручна было пісаць гусіным пяром.

“Ад прадзедау з пакон вякоу нам засталася спадчына...”

Так называецца арт-квартал, падрыхтаваны супрацоўнікамі Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы, што па вулiцы  Ленінскай, 10.

Лида библиотека.png

У фае на пляцоўцы сярэднявечнага летапісца можна будзе паспрабаваць пісаць не толькі пяром на паперы, але і палачкамі на гліняных таблічках.

На першым паверсе размешчана кніжная экспазіцыя “Кнігі, якія чытае мой горад”. А на другім – выстаўка адной кнігі “Беларускі арнамент”. Унікальнасць яе не толькі ў годзе выдання – 1953 год, але і ў тым, што гэты экзэмпляр падарыла бібліятэцы ў 1956 годзе Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, жонка Янкі Купалы.

На пляцоўцы каля бібліятэкі можна будзе паспаборнічаць у літаратурным батле, паслухаць, як пісьменнікі Лідчыны чытаюць свае творы, атрымаць іх аўтографы. Для дзяцей таксама падрыхтаваны цікавыя гульні і конкурсы.

Госцi пазнаёмяцца з выставай самаробных кніг, якія выраблены рукамі супрацоўнікаў бібліятэкі. Паверце, іх фантазія і майстэрства вартыя ўвагі і не пакінуць раўнадушнымі ніводнага аматара кнігі. 

Фалiянты з ХVI стагоддзя

А ў гарадской бібліятэцы №4, што месціцца на бульвары Князя  Гедыміна, 5, пройдзе выстава старадрукаваных царкоўных кніг з бібліятэкі Архістратыга-Міхайлаўскага кафедральнага сабора Ліды.

Самая сталая з іх – Мінэя, датуецца 1724 годам выдання. Гэта кніга, якая змяшчае песнапенні служб нерухомага гадзічнага круга. Іншымі словамі, Мінэя змяшчае службы на кожны дзень царкоўнага года, “прывязаныя” да дат царкоўнага календара.

Сярод больш “новых” выданні 1781, 1841, 1860, 1895 гадоў. Гэта песнапенні, малітоўнікі, Святое пісанне, праваслаўныя царкоўныя календары, літургічныя кнігі. 

Таулай запрашае у госцi

У доме, дзе жыў паэт Валянцін Таўлай, а зараз размешчаны літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея, можна таксама надоўга затрымацца.

Dom.jpg

У мемарыяльным пакоі Таўлая працуе выстава “Пераступіўшы парог”. Там прадстаўлены фотаздымкі, рукапісы і дакументы паэта, якія адлюстроўваюць яго жыццёвы лёс.

Выстава “Ад Арэсы да Лідзейкі” падрыхтавана сумесна з Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы. Яна прысвечана першай выдадзенай кнізе паэта “Над ракою Арэсай”. Там будуць таксама прадстаўлены перавыданні 1933, 1934, 1936, 1937, 1940 гадоў.

Адзін з экзэмпляраў 1937 года выдання – той самы, які быў падораны гарадской бібліятэцы самім Янкам Купалам падчас прыезду ў Ліду 14 сакавіка 1940 года. Такі ж асобнік быў падараваны і Валянціну Таўлаю. 

На другім паверсе працуе выстава з фондаў музея “Гісторыя ў прадметах” – гэта ўнікальныя калекцыі з фондаў Лідскага гісторыка-мастацкага музея, перададзеныя мясцовымі калекцыянерамі: чарніліцы Часлава Серафіновіча, значкі Станіслава Лямнёва, рэтрапаштоўкі ўдзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Веры Ляцецкай, падручнікі з асабістай бібліятэкі краязнаўца Мікалая Дзікевіча.

photo_2025-09-05_19-20-04.jpg

У рамках традыцыйнага інклюзіўнага праекта “Перадай дабро па крузе”, які рэалізуецца ў сценах Дома Таўлая, будзе працаваць выстава аднаго з удзельнікаў – Ільі Навумава. Прадстаўлены яго жывапіс, графіка, вырабы з дрэва.

Лiтаратурныя творы – у рамесных вырабах

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”, што па вулiцы Савецкай, 12, размешчана выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мастакоў і майстроў Лідчыны “Вобразы роднай зямлі”.

Кожны прадмет, створаны рукамі майстроў, адлюстроўвае сюжэт асабістых літаратурных твораў, некаторых твораў мясцовых літаратараў Ганны Баборык, Ірыны Вашкевіч, або вядомых беларускіх пісьменнікаў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Аркадзя Куляшова.

Дарога да Святыняў

Увечары 6 верасня ў Ліду прыбудзе 32-я навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да святыняў” з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга, якая аб’яднала людзей розных прафесій: паэтаў, пісьменнікаў, дзеячаў культуры, навукі, святароў.

А 7 верасня ў 10.20 ад Архістратыга-Міхайлаўскага кафедральнага сабора да Свята-Георгіеўскай царквы адбу-дзецца хрэсны ход.

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»