“Між небам і зямлёй вальсуе люты”. Зімовыя вершы Людмілы Кебіч

“Між небам і зямлёй вальсуе люты”. Зімовыя вершы Людмілы Кебіч

Людміла Кебіч

АПОШНІ СНЕГ

Апошні снег…
Апошні снежны дзень…
Ён сэрца мне працяў
Пякучым болем,
бо не паўторыцца,
не вернецца ніколі,
і ўсё, што ў ім было,
пакрые часу цень.

Апошні снег…
Іскрысты і густы
пакрыў зямлю
цнатліва-чыстай беллю,
ператварыўшы будзень
у нядзелю,
пазбавіўшы душу
пякельнай нематы.

Апошні снег…
Апошні белы баль…
Між небам і зямлёй
вальсуе люты,
ды рытміка ўжо
дзе-нідзе раскута,
і ўжо гучыць капеж
па-весняму амаль.

Забавы на горке и прогулка по заснеженной аллее. Морозный день в Гродно

КРЫК СНЯЖЫНАК

Нібы з казачнага рога,
ноч усю валіўся снег.
Ранкам чорная дарога
расшчапіла, як арэх,
на дзве роўныя паловы
новы дзень і горад наш.
Міг адзін – пейзаж зімовы
стаў падобны на міраж.
І бялюткім чыстым пледам
праімчалася аўто,
загулі сняжынкі следам:
– Па нас коламі?.. За што?!.
Мы святла хацелі людзям,
спадзяваліся на цуд,
але, пэўна, чорны студзень
даспадобы ім і бруд…
Целы, душы, думкі, сэрцы –
усюдыісна чорны грэх,
маладушным малаверцам
золь у воку – белы снег.
На цнатлівай чыстай белі
злы намер зырчэй відаць,
абяліць мы змрок хацелі,
вас ад цемры ўратаваць!
Каб паверылі, аднойчы
ранкам глянуўшы ў акно, –
свет, што вам здаецца змрочным –
беласнежнае радно.   

ВЫКЛІК ЗІМЕ

Расцвіла гартэнзія
колерам ружовым  –
яркая прэтэнзія
на акне зімовым.

Як хапіла смеласці
нечаканым ружам?
Гэта ж выклік шэрасці,
халадам і сцюжам.

Гэта ж як суспензія,
як бальзам на сэрца,
моўная інверсія,
Моцартава скерца.

Кідкі, яркі, вензелевы
мой вазон ружовы.
Расцвіла гартэнзія –
напамін вясновы.     

IMG_2542.JPG

ЛІСТ  НА  СНЕЗЕ

Ах, які бліскучы глянец
навяла за ноч зіма!
«Дарагая, дай мне шанец!»
Пад маім акном – раман?

На чысцюткім белым снезе
напісаў не ты, не мне…
Але ў студзеньскай імпрэзе
хай іх шчасце не міне.

Ва ўяўленні мора версій,
так і цягне да акна.
На якім жыве паверсе
тая любая адна?

Пэўна, хлопец вінаваты,
калі ў холад на дварэ
не пускае дзеўка ў хату
і мабільнік не бярэ.

Не схацела нават выйсці,
не памог ні крык, ні свіст,
ды знайшоў хлапчына выйсце
напісаць каханай ліст.

І хоць сэрца б'е трывогу,
Быць ім разам. Нездарма
белым аркушам дарогу
сёння выслала зіма.

IMG_3450.JPG

ЛЮТЫ

Не здае зіма сваіх пазіцый:
да глыбінь праймае, дастае,
не мяняе белых амуніцый,
над зямлёй мяцеліцай пяе.

Дзень халодны ў лютым на зыходзе,
працінае ветрам навылёт,
бы зрывае злосць на ўсёй прыродзе,
бы ператварае сэрцы ў лёд.

І пытае: “Добра ці абуты?”
Трэцца шэрай сцюжаю ля ног
і шчыруе снежна, дзёрзка, люта,
як людзьмі раз’юшаны Сварог.

Ды хоць трушчаць моцныя павевы
ледзяную коўзкую эмаль –
спеліць сэрца веснія спадзевы
на ружовы квеценевы баль.    

ВАНДРОЎКА ПА ГОРАДЗЕ

Па снягамі ўбеленай Гародні
Вандраваць прыемна без турбот –
Бачыш, як квітнее горад родны,
як ён разрастаецца штогод.

На шырокіх вуліцах, бульварах
Шмат і пешаходаў, і машын,
І такая ўпэўненасць на тварах
Ад святла спакою на душы.

Дрэвы, нібы ўсходнія царэўны,
Ледзякамі казачных карон
Дзінькаюць, а мне такім напеўным
Падаецца гэты перазвон.

Што ні крок – гісторыя святая:
Постаці, будынкі і сады…
Старадаўнасць с Прышласцю сплятае
Наша Рэчаіснасць праз гады.

Горад, ты – мой лёс, мая паходня,
Любы, дарагі бацькоўскі кут!
Нездарма Хрыстос абраў Гародню –
Прызямліўся менавіта тут.

IMG_3597.JPG

ЗІМОВАЯ РАПСОДЫЯ

Зімовая рапсодыя
на снежаньскім улонні,
зіма ўзышла на подыюм
у срэбранай кароне.

Зімовая мелодыя,
знаёмыя матывы,
магутнымі акордамі –
мяцеліцы парывы.

З бліскучымі палётамі
да зор недасягальных,
спакуслівымі нотамі
аб вечным і сакральным.

У музыцы заснежанай
лунае чоўнам сэрца
рэальнасці  за межамі,
яшчэ такт –  разарвецца.

Чароўнаю лагодаю
сярод зямных агоній –
зімовая рапсодыя
на снежаньскім улонні.    

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»