Купалле і беларускі Жыжаль: як старажытны дух агню аберагаў продкаў у самую чароўную ноч

Купалле і беларускі Жыжаль: як старажытны дух агню аберагаў продкаў у самую чароўную ноч

Наша краіна – яскравы прыклад багатай духоўнай спадчыны. Адной з традыцый нашых продкаў з’яўляецца свята Купалле, якое дайшло да нас з самых старажытных часоў і святкуецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Сімвалам Купалля заўсёды лічаць вялікае вогнішча. Аднак у беларускага агня і пышнага полымя ёсць свае сакрэты, свая цікавая адметнасць…
 
У часы язычніцтва беларусы пакланяліся агню як самаму добраму богу: шчыра і з павагай. Для нашых старажытных землякоў такая моцная стыхія была сакральным скарбам і паўнацэннай крыніцай, якая дае чалавеку жыццё і росквіт. Вогнішча было пасярэднікам паміж светам жывых і мёртвых, яго адначасова шанавалі і баяліся. З аднога боку, агонь быў проста стыхіяй: ён саграваў, даваў святло, на ім гатавалі ежу. З другога боку, агонь асацыяваўся з магутнай сілай, якая можа забіць і спаліць усё.

У беларускай свядомасці існаваў цэлы бог агня – Жыжаль, яго імя яшчэ скарачалі як Жыж або Жыжак. Нашы продкі верылі, што менавіта ён даў людзям такі дар, яго трэба берагчы і шанаваць. Гэта як Праметэй у грэкаў, толькі там гісторыя трошкі заблытаней. У нас жа ўсё прасцей – Жыжаль жыве пад зямлёй і выпускае адтуль агонь. Калі Жыж робіць гэта павольна, тады зямля саграваецца і агонь не шкодзіць, а вось калі бог зробіць полымя моцным і хуткім, тады на зямлі ўзнікаюць пажары, гінуць сенажаці і лясы, высушваюцца палі, а агароды робяцца бясплоднымі. Фух, ну і жахі!

Як і ў любых міфалагічных багоў у Жыжа ёсць свой вораг – Пярун. Невядома, чаму адзін другога не любіў, аднак зразумела, што агонь паміж сабой яны дзялілі проста: Жыжалю – на зямлі, Перуну ў небе, ля сонца.

Паводле існавання бога, існавалі і выслоўі, напрыклад: “Жыж унадзіўся”, гэта значыла “сталі часта ўзнікаць засухі ці пажары”. Або яшчэ адно: “Неадчэпны, прычэплівы як Жыж”, што значыла “моцна прычапіцца як агонь ці бяда, звязаная з ім”.

Сёння кожны з нас хаця б адзін раз, але ж скакаў праз Жыжаля на Купалле. Аднак, каб паклікаць гэтага гарачага бога, трэба было сумленна падрыхтавацца. Важнай часткай купальскага вогнішча заўсёды было збіранне дроў. Звычайна гэтая справа выпадала моладзі ці дзецям. Яны шукалі дровы, галлё, доўгія жэрдкі і нават прыносілі старыя кошыкі. Пасля, дзесьці ўвечары, пачыналі распальваць вогнішча і палілі яго да самай раніцы. Дзе-нідзе пасля купальскага варушняку агонь з вогнішча забіралі ў хату, каб кінуць у печ.

Скакалі праз вогнішча паасобку або парамі. Скокі ў свядомасці беларусаў былі сумленным спосабам ачысціцца, зняць са сваёй аўры ўсё дрэннае і тым самым аддаць гэта Жыжалю пад зямлю. Лічылася, што тая пара маладых людзей, што не расцісне рукі пры скачку, застанецца разам і ў будучыне створыць шлюб. А калі дзяўчына не будзе скакаць праз вогнішча – значыць ведзьма! А такія гісторыі заканчваюцца вельмі дрэнна... Тым больш, калі дзесьці блукае Жыж…

Рэшткі купальскага вогнішча – галавешкі, недагаркі, вуглі і попел – лічыліся сродкам павышэння ўрадлівасці, таму галавешкі і агаркі раскідвалі па агародах і палях, утыкалі ў зямлю сярод пасеваў, закопвалі ў градкі. Магічныя сродкі зпаленага дрэва надавалі зямлі магутнасць і пладавітасць.

Купалле працягвае захоўваць свае традыцыі на Беларусі. Сёння свята ладзіцца ва ўсіх абласцях нашай краіны. Сустрэць свята можна і ў Суле (Мінская вобласць), і ў Каробчыцах (Гродна), і ў Пінску (Брэсцкая вобласць) і шмат дзе яшчэ. Гэта частка нашай вялізарнай культуры, нашага нацыянальнага коду. Яна працягвае існаваць і перадаецца з пакалення ў пакаленне штогод.

Читайте также:


Арсень Шыцік

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»