На вандроўку ў беларускую даўніну запрашаюць гісторыкі,ткачы і мастакі
Здзейсніць падарожжа ў мінулае, паспрабаваць свае сілы ў майстар-класах па традыцыйных рамёствах і дакрануцца да таямніцаў мастацкай фатаграфіі запрашаюць школьнікаў падчас летніх канікул супрацоўнікі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Маленькіх гасцей цэнтра чакае пазнавальная экскурсія па будынку, які з’яўляецца помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя. Некалі тут размяшчаўся Дамініканскі манастыр. Сёння адноўленыя інтэр’еры метадычнага цэнтра ўпрыгожвае багатая калекцыя адзіных у сваім родзе карцін, габеленаў, драўляных скульптур, вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Спецыялісты цэнтра гасцінна запрашаюць школьнікаў на выстаўку“Бераставіцкія ўзоры”, на якой прадстаўлена творчасць таленавітых майстрых па ткацтве з Бераставіччыны. Дываны, посцілкі, ходнікі, паясы, ручнікі, сурвэткі ўмеліц – гэта ўнікальныя рукатворныя цуды, цікавыя як напамін аб тых традыцыях, якімі жылі нашы бабулі і прабабулі, гэта памяць аб мінулым, аб самабытнай і непаўторнай культуры нашай краіны.

Самым зацікаўленым прадставіцца магчымасць самастойна папрацаваць за сапраўдным ткацкім станком у майстэрні. Сакрэтамі старажытнага рамяства з дзецьмі падзеліцца Алена Феліксаўна Шунейка, майстар па вырабе габеленаў у традыцыях “падвойнага і пераборнага аднабаковага” ткацтва – элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці, які ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Вядомы ў вобласці мастак, уладальнік статусу народнага майстра Аляксандр Фёдаравіч Аўчыннікаў, які працуе ў Гродзенскім АМЦНТ, з задавальненнем навучыць дзяўчынак і хлопчыкаў са звычайнай белай паперы ствараць ажурныя ўзоры.Творчасць Аляксандра Фёдаравічазаслужана з’яўляецца эталонам сучаснай выцінанкі.

Скарбніца эскізаў, замалёвак, фатаграфій касцюмаўраскрыецца перад юнымі наведвальнікамі на выстаўцы работ мастака і этнографа Лявона Баразны. Фотаэкспазіцыя “Імгненні нашай біяграфіі” з фондаў Гродзенскага АМЦНТ дазволіць школьнікам зазірнуць у 70–80-я гг. XX стагоддзя, акунуцца ў атмасферу тагачасных падзей культурнага, палітычнага, эканамічнага жыцця Гродзеншчыны і надоўга захаваць у памяці часцінку гісторыі свайго роднага краю.
