"Мае вырабы раз’ехаліся па ўсім свеце". Навагрудчаніну Івану Шыману бондарства дасталася ў спадчыну
Іван Шыман – адзін з тых, хто адраджае традыцыйнае народнае бандарнае рамяство на Навагрудчыне.
А шлях да бондарства ў Івана Уладзіміравіча пачаўся ў дзяцінстве. Яшчэ ў школьныя гады, назіраючы за працай свайго дзядулі Івана Лявонцьевіча і бацькі Уладзіміра Іванавіча, юнак заахвоціўся іх рамяством – тады ён навучыўся рабіць просты драўляны посуд (бочкі, дзежкі, цэбры...). З часам дзіцячае захапленне перарасло ў любімую справу жыцця, расказвае novgazeta.by.
Традыцыі рамяства
– Навагрудчына заўсёды славілася сваімі ўмельцамі, якія працавалі з дрэвам: цеслярамі, сталярамі, бондарамі. На жаль, цяпер засталося вельмі мала людзей, якія валодаюць сакрэтамі бондарства. А раней амаль у кожнай вёсцы былі свае майстры. У маёй роднай вёсцы Рошчыца бондары былі амаль у кожным доме, – пачынае размову Іван Уладзіміравіч. – А род Шыманаў заўсёды славіўся бондарствам. Мой дзядуля Іван Лявонцьевіч, ураджэнец вёскі Каменка Пятрэвіцкага сельсавета, зарабляў на жыццё тым, што майстраваў на патрэбу аднавяскоўцам самыя розныя бандарныя вырабы: бойкі, шайкі, кубельцы і інш. Бацька Уладзімір Іванавіч пасля жаніцьбы пераехаў у вёску Рошчыца. Ён, назіраючы за працай вясковых бондараў, асвоіў больш складанае майстэрства – выраб бочак. І бочкі былі немалыя, у іх квасілі капусту, агуркі, марынавалі грыбы. Бондарства – няпростае і працаёмкае рамяство, але ім у нашай вёсцы валодалі не толькі мужчыны. Памятаю, што ў Рошчыцы бондарствам займалася Наталля Літвінская. Таксама шмат майстроў-бондараў было ў Кашалеве, Каменцы.
Дзяцінства І.У. Шымана прайшло ў вялікай і дружнай сям’і, дзе расло пяцёра дзяцей. Іван Уладзіміравіч быў другім сынам. Разам з братамі і сястрой яны вучыліся ў Кашалеўскай школе. У вольны час дапамагалі бацькам па гаспадарцы. Да любімага рамяства – бондарства – бацька прывучаў Івана Уладзіміравіча з дзяцінства. Але сакрэтамі майстэрства ён авалодаў значна пазней. Адразу пасля школы Іван Шыман паступіў у Лідскі індустрыяльны тэхнікум, потым быў студэнтам Беларускага політэхнічнага інстытута. Пачынаў свой працоўны шлях у Навагрудку, працаваў на розных пасадах у арганізацыях горада, але большую частку жыцця прысвяціў працы інжынерамеханіка на заводзе металавырабаў. Зараз Іван Уладзіміравіч на заслужаным адпачынку, у майстра з’явіўся час для любімай справы, якую ён атрымаў у спадчыну.
У кожнага бондара – свае сакрэты

– На выраб адной бочкі патрэбна не менш двух тыдняў, – тлумачыць бондар Іван Шыман. – Дзевяноста працэнтаў складае ручная работа. Шархебель, цыркуль, струг, меркі – прылады ўсё тыя ж, якімі карысталіся нашы дзяды. А таксама спецыяльная бондарская лаўка, зручная для працы, дрэва, ужо распілаванае на калодкі і высушанае загадзя. І вялікая сіла волі і цярпенне. А яшчэ сапраўдныя майстры павінны ведаць фізіка-механічныя ўласцівасці драўняных парод, каб надзейна вырабляць неабходныя прадметы. Бондарства працаёмкае, каб клёпкі – так называюцца выгнутыя дошкі – улегліся без адзінай шчыліны, патрэбны дакладныя разлікі. Таму трэба ведаць формулы, правесці разлікі. Памыліўся на нейкія міліметры – усё, сапсаваў. Не так проста і дно ўстаўляецца. Яно павінна шчыльна ўвайсці ў паз, які ўнутры пасудзіны. Потым бочка сцягваецца абручамі. Правяраецца, каб яна не працякала. Дарэчы, самыя трывалыя бочкі атрымліваюцца з дубу, у іх добра захоўваецца квас і грыбы, а ў бочках з ліпы – мёд. З алешыны раблю шайкі для лазні, дзежкі, з сасны – цэбры. Наогул, люблю працаваць з рознымі пародамі дрэва. У бондарскай справе ўсё залежыць ад вопыту і навыкаў майстра. Я ў кожную сваю работу ўкладваю часцінку душы і сэрца, часцінку сябе. Інакш нічога не атрымаецца, а выраб жа павінен жыць, дыхаць і радаваць вока.
Зроблена з душой
Сёння Іван Шыман – адзіны бондар на Навагрудчыне. Але ён лічыць, што будучыня ў старажытнага рамяства ёсць. Іван Уладзіміравіч вельмі ганарыцца сваімі сынамі Дзмітрыем і Андрэем, якіх выгадавалі разам з жонкай Людмілай Арцёмаўнай. Застаецца верыць, што сыны з часам зацікавяцца сямейнай справай Шыманаў – і не знікне бондарства на Навагрудчыне. Бо наўрад ці пластыкавы посуд заменіць драўляныя ёмістасці, якія надаюць такі спецыфічны густ мёду, квасу, квашанай гародніне, соку і іншым напіткам. Нішто не заменіць і энергетыку прыроднага матэрыялу, якім з’яўляецца дрэва, і перш за ўсё «цар» беларускіх лясоў – дуб, з яго водарам і цяплом. У апошнія гады людзей усё часцей прыцягваюць рэчы ручной работы, якія зроблены як для сябе, з душой.


Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!