Пончыкі “Ад Гэлены” ведаюць не толькі ў Адэльску. Пакаштуйце і вы. Рэцэпт – тут

Мы працягваем знаёміць вас з адметнай адэльскай кухняй
Дарэчы, менавіта гэты населены пункт вядомы, ў тым ліку, асаблівымі пончыкамі: пухнатымі і араматнымі.
Іх прыгатаванне зойме пэўны час. Цеста ўсё ж дражджавое. Аднак пакуль яно расце, можна спакойна займацца іншымі справамі. Таму клопату з пончыкамі не так шмат: замясіць цеста, пасля раскатаць і, нарэшце, пасмажыць.
Напачатку трэба развесці 100 грам дражджэй. Для гэтага грэем 1 стакан малака, дабаўляем ў яго крыху цукру і дрожджы. Асобна ўзбіваем 10 бялкоў з 10 сталовымі лыжкамі цукру, і асобна – 10 жаўткоў.
Прасейваем кілаграм мукі. Не трэба браць усю адразу – можна менш, а пасля дабаўляць, калі спатрэбіцца. У муку дадаць дрожджы, бялкі з жаўткамі, растопленае масла. Здавалася б, усё як звычайна для дражджавога цеста. Аднак мы забыліся на адзін інгрыдыент – 1 сталовая лыжка спірту. Гэта, каб нашыя пончыкі атрымаліся асабліва пухнатымі.
Замешваем цеста. Яно павінна быць мяккім, але не ліпкім. І ставім яго ў цёплае месца прыкладна на 1 гадзіну 40 хвілін. Калі рабіць пончыкі ў вясковай хаце, самым зручным будзе паставіць цеста на цёплую печ, дзе яно добра падыходзіць. Сучасныя гаспадыні ў кватэрах могуць выкарыстаць батарэі, калі яны не асабліва “пякучыя”. Пасля як нашае цеста вырасла, раскатваем яго ў таўшчыню парыкладна ў 1 сантыметр і з дапамогай шклянкі робім "кружочкі". Выкладаем, але не шчыльна, іх на паднос і зноў ставім у цёплае месца, пакуль не павялічацца ў два разы.
Калі яны сталі пухнатымі - час смажыць. Масла шкадаваць нельга – нашы пончыкі павінны поўнасцю быць у ім. Карацей, смажым у фрыцюры. Гатовыя пончыкі пасыпаць цукровай пудрай і можна падаваць на стол.
Смачна есці!