Што моладзь думае пра штучны інтэлект?

 

 

Непрыкметна штучны інтэлект трывала ўвайшоў у наша жыццё. Здаецца, ён павінен стаць добрым сябрам: дапамагаць у вучобе, рабоце, вырашаць нейкія бытавыя пытанні. Але ці варта верыць усяму, што ён нам выдае па запросу? Вось што думае на гэты конт наша моладзь.

 

Эвеліна Лялько, настаўнік гісторыі Воранаўскай СШ імя Т.Я. Літоўчыка:

 

лялько.jpg

– Адназначна нельга давяраць інфармацыі, якую выдае штучны інтэлект. Прывяду прыклад, з якім сутыкнулася сама. 

 

На чацвёртым курсе ўніверсітэта, будучы на практыцы ў школе, вырашыла для пяцікласнікаў, каб іх больш зацікавіць, падрыхтаваць прэзентацыю з дапамогай штучнага інтэлекта. Тэма ўрока была “Старажытны свет. Культура Месапатаміі”. І што мне намаляваў ШІ? Дакладна вядома, што ў школах вучыліся толькі хлопчыкі. На малюнку разам з імі былі паказаны і дзяўчынкі. Пісалі ў той час на гліняных дошчачках. На малюнку была папера.

 

Уяўляеце, якая каша можа быць у людзей, якія самастойна вырашаць вывучыць гэту тэму з дапамогай ШІ?

 

Але атрыманы вынік “працы” ШІ я ўсё ж выкарыстала на ўроку. Пасля таго, як мы вывучылі тэму, прапанавала вучням знайсці памылкі, якія дапусціў ШІ. Такім чынам і тэму замацавала, і наглядна паказала, што любую інфармацыю з інтэрнэта трэба пераправяраць. Таму, каб не стаць ахвярай падману, трэба добра вучыцца, чэрпаючы інфармацыю з даставерных крыніц.

 

Дарэчы, гэта не адзіны раз, калі я назірала, як ШІ ўводзіць у зман: можа “пераблытаць” гістарычныя даты, прозвішчы мастакоў (карціну аднаго выдаць за іншага) і гэтак далей. 

 

Так што на сучасным этапе лічыць яго даставернай крыніцай інфармацыі нельга.

 

Аляксандра Тадарэнка, памочнік ляснічага Радунскага лясніцтва Лідскага лясгаса:

 

photo_2026-10-06_17-33-33.jpg

– Да штучнага інтэлекта я стаўлюся неадназначна. 

 

Пасля атрымання дыплома размеркавалася ў Радунь. Шчыра кажучы, ніколькі аб гэтым не пашкадавала. Мне тут настолькі ўсё падабаецца, што ёсць намер застацца пасля заканчэння адпрацоўкі.

 

Але мая сям’я – бацькі і малодшая сястрычка – засталася ў Дзятлава. Так што прыходзіцца вучыцца жыць самастойна. І ў гэтым сапраўды маю добрыя парады ад ШІ, у бытавых пытаннях ён мне добра дапамагае. Я маю на ўвазе рэцэпты блюд, як выдаліць пляму з адзення і гэтак далей. 

 

Аднак, калі паспрабавала знайсці карысную інфармацыю, звязаную з прафесійнай дзейнасцю, літаральна ні ў чым ён мне не дапамог.

 

Верагодна так атрымліваецца таму, што штучны інтэлект – гэта падборка ўсіх ведаў, што ёсць у інтэрнэце. Чым іх больш па нейкай тэме, тым дакладней вынік. 

 

Так што карыстацца ім, канешне, можна. Але з аглядкай, у якасці падказкі. Па вузкай тэматыцы лепш звярнуцца да класічных падручнікаў.

 

Обращаем внимание, что использование наших материалов, согласно Закону Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах», возможно только при указании автора («Гродзенская праўда») и ссылки на первоисточник (конкретную статью на сайте), если письменно Ваше издание не уведомлено об ограничениях в использовании нашей информации.

 

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!

Редакция газеты «Гродненская правда»