Чаму моладзь усё часцей выбірае мэтавае накіраванне на вучобу
Выпускнікі з першага курса ведаюць, дзе будзе іх першае месца працы.
У апошні час усё больш моладзі выбірае мэтавае накіраванне на вучобу. Гэта значыць, што будучыя выпускнікі ўжо з першага курса ведаюць, дзе будзе іх першае месца працы. Сёння маладыя спецыялісты распавялі, чаму яны бралі мэтавае накіраванне, і ці спраўдзіліся іх чаканні пасля ўладкавання.
– Я вельмі люблю край, дзе нарадзіўся і вырас. Мая малая радзіма – аграгарадок Дубаўцы (Ваўкавыскі раён). Здаецца, прыгажэйшых мясцін, чым у наваколлі, няма. Кожны куток я ведаю з маленства. Вельмі люблю рыбалку на Волпаўскім вадасховішчы. А яшчэ я ў сям’і старэйшы, маю дзвюх сясцёр і браціка. Таму хацелася мець гарантаванае месца працы недалёка ад блізкіх, каб дапамагаць бацькам. Узяў мэтавае накіраванне ў КСУП “Няверавічы”. Зараз жыву і працую ў 20 кіламетрах ад роднай хаты (выдзелілі пакой у інтэрнаце побач з месцам працы). Маючы транспарт, у любы вольны момант магу пад’ехаць да бацькоў.
З выбарам прафесіі таксама ўсё склалася найлепшым чынам. Я заўсёды любіў тэхніку. Таму паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт. Практыку праходзіў у “Няверавічах”. Спачатку – слесарам, механізатарам, памочнікам камбайнёра. Пазней – загадчыкам гаража. Адным словам, пазнаёміўся на практыцы з усімі інжынернымі прафесіямі спецыялістаў, якія сёння працуюць пад маім кіраўніцтвам, разумею ўсе нюансы.
Зараз пайшоў трэці год, як я тут працую, але абавязковая пяцігадовая адпрацоўка для мяне наогул не мае ніякага значэння. Я збіраюся застацца тут надоўга. Тым больш, што кіраўніцтва гаспадаркі бачыць мае намаганні. Уладкоўваўся я сюды інжынерам-механікам, а за кароткі час стаў галоўным інжынерам.
– Мэтавае накіраванне – гэта аптымальны спосаб забяспечыць сябе працоўным месцам там, дзе ты хочаш. Я вельмі прывязана да сваёй сям’і і роднага горада Ліды. І згодна выязджаць з яго толькі ў падарожжа. Таму заўчасна паклапацілася, каб атрымаць размеркаванне менавіта ў Ліду.
Тут ёсць яшчэ адзін вялікі плюс. Калі ты дакладна ведаеш, дзе будзеш працаваць, веды, якія ты атрымліваеш на занятках, праецыруеш на сваё будучае месца размеркавання. Вось канкрэтна мой прыклад: я вучылася ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце. І калі нам тлумачылі асаблівасці аховы працы ў сельскай гаспадарцы і на пераапрацоўчым прадпрыемстве, больш увагі надавала менавіта свайму накірунку. Гэта дапамагло атрымаць больш глыбокія веды, якія спатрэбіліся мне цяпер, непасрэдна на маім працоўным месцы.
Што датычыцца пяцігадовай адпрацоўкі – яна мяне не пужае. Дарэчы, не паспела агледзецца, як прайшоў ужо першы год. Я жыву ў сваім родным горадзе, калектыў на нашым прадпрыемстве дружны, кіраўніцтва – добразычлівае і заўсёды гатовае даць трапную параду. У гэтых умовах я набіраюся практычнага вопыту. Дык чаму б тут не затрымацца не толькі на пяць год?
Обращаем внимание, что использование наших материалов, согласно Закону Республики Беларусь «Об авторском праве и смежных правах», возможно только при указании автора («Гродзенская праўда») и ссылки на первоисточник (конкретную статью на сайте), если письменно Ваше издание не уведомлено об ограничениях в использовании нашей информации.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
