Павел Ушкевіч, «Настаўнік года»: «Наша місія – дапамагчы вырасці пакаленню, здольнаму думаць і спачуваць»
Павел Ушкевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 42 г. Гродна, пераможца рэспубліканскага этапу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі настаўнікаў рускай і беларускай моў і літаратуры:
– Будучыня краіны кожны дзень нараджаецца ў школьных класах. Перад намі сядзяць дзеці, якія толькі вучацца разумець гэты свет, шукаць свой шлях, думаць, спрачацца і адрозніваць галоўнае ад часовага. Тое, якімі людзьмі яны вырастуць, залежыць ад ведаў і каштоўнасцей, укладзеных у іх сёння. У гэты важны перыяд сталення задача настаўніка – быць побач: дапамагаць разбірацца ў складаным, верыць у свае сілы і бачыць адкрытыя перад сабой магчымасці.
У гэтым годзе мне выпаў вялікі гонар – стаць пераможцам рэспубліканскага этапу конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі настаўнікаў рускай і беларускай моў і літаратуры. Гэтую перамогу я ўспрымаю як агульную заслугу і дзялю яе са сваімі вучнямі, калегамі, настаўнікамі і сям'ёй. За гэтым прызнаннем стаіць штодзённая праца ўсіх педагогаў, якія аддана і прафесійна робяць сваю справу.
Напярэдадні свята мне асабліва прыемна павіншаваць калег з Гродзеншчыны. Няхай мы выкладаем розныя прадметы, але нас аб'ядноўвае адна вялікая місія – дапамагчы вырасці новаму пакаленню, здольнаму думаць і спачуваць. Менавіта за школьнай партай, з любові да роднага краю, павагі да яго гісторыі і людзей нараджаецца грамадзянская сталасць вучняў, гатовых ствараць будучыню нашай любімай Беларусі і клапаціцца пра яе росквіт.
Жадаю кожнаму педагогу моцнага здароўя, невычэрпных душэўных сіл і заслужанага прызнання. Няхай школьныя будні і поспехі выхаванцаў прыносяць шчырую радасць, у калектывах заўсёды пануе цёплая, зычлівая атмасфера, а праца даруе магчымасць бачыць свае годныя плёны ў новых пакаленнях.
Са святам, дарагія калегі! З Днём настаўніка!
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
