Шчырая цеплыня, гульні і падарункі. Як віншавалі дзетак СПЦ Карэліцкага раёна

Шчырая цеплыня, гульні і падарункі. Як віншавалі дзетак СПЦ Карэліцкага раёна

Адным зімовым вечарам да шасці дзетак з сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна завітала свята. Дакладней, любімыя і доўгачаканыя Дзед Мароз і Снягурка, якія прынеслі з сабой гульні, падарункі і шчырую цеплыню пераднавагодняй мітусні.

У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая праводзіцца штогод, на Карэліччыне заўсёды ладзіцца шэраг мерапрыемстваў, галоўная мэта якіх – падарыць хлопчыкам і дзяўчынкам незабыўнае свята. Вось і цяпер пры дапамозе раённага камітэта прафсаюзаў дзяржаўных і іншых устаноў, Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў і ўнітарнага камунальнага прадпрыемства бытавога абслугоўвання насельніцтва маленькія гледачы апынуліся ў віхуры магіі і чараўніцтва. Далучыцца да акцыі вырашыла і шматдзетная маці Юлія Шахрай, якая, займаючыся рукадзеллем, захацела дапамагчы і стварыла сваімі рукамі невялічкія падарункі.

2.jpg3.jpg

Ужо на парозе ўстановы казачныя героі прыняліся разглядаць упрыгожаныя фотазоны, якія дзеці падрыхтавалі разам са сваімі выхавальнікамі: тут і камін, і сімвал наступаючага года, і, вядома, шматлікія выявы Дзеда Мароза і яго прыгожай унучкі. Пасля выхаванцаў чакала самае прыемнае – гульні.

4.jpg55.jpg

А падчас таго, як дзеці пераўвасабляліся ў зайчыкаў ці лісічак, кожнага з іх чакаў другі сюрпрыз – прычоска ад самой феі! Цырульнік УКП БАН Маргарыта Буцкевіч дадавала мерапрыемству магіі і сваімі рукамі рабіла з дзяўчат сапраўдных прынцэс, а з хлопчыкаў – сапраўдных прынцаў.

6.jpg7.jpg

Фінальным штрыхом сталі салодкія падарункі, а таксама дыядэмы для дзяўчынак і кароны для хлопчыкаў, якія толькі падкрэслілі агульную атмасферу свята.

8.jpg9.jpg

Напрыканцы Дзед Мароз паабяцаў здзейсніць усе жаданні, якія кожны з рабят ціхенька (каб ніхто не чуў – інакш не збудзецца!) выказаў на вуха галоўнаму чараўніку самай казачнай пары года.

10.jpg
Редакция газеты «Гродненская правда»