У гродзенскім дзіцячым садку №65 адкрыта беларускамоўная група «Вясёлка»

– На базе нашага садка яна створана ў мінулым годзе з улікам пажаданняў бацькоў, – расказала загадчыца яслямі-садком №65 Алена Прэцкайла. – Cёння яе наведваюць 22 дзіцяці ва ўзросце ад 2 гадоў.

885e37a8a92cdc93bf72f4e9d9c92153.jpg

Кожны дзень яны з задавальненнем прыходзяць у садок. Тут створаны ўсе ўмовы для насычанага і цікавага жыцця выхаванцаў.
Для знаёмства з беларускай культурай выхавацелі выкарыстоўваюць малыя фальклорныя формы – прымаўкі і прыказкі. З радасцю дзеці апранаюць нацыянальныя строі падчас гульнёвых заняткаў, развучваюць песні і вершы. На беларускай мове ў гэтай групе праходзілі ўсе ранішнікі. Дарэчы, для садка ўвогуле гэта не навінка. Святы з пазнакай «этна» тут звыклая практыка.

– Ігар, Палінка, Васіліса… – знаёміць нас з дзецьмі выхавацельніца Алеся Будзько, прыгожая беларуская гаворка якой прыемна лашчыць слых.

Яна скончыла факультэт беларускай філалогіі, дасканала ведае і размаўляе на роднай мове. А ў мінулым годзе прыйшла ў яслі-сад, каб дзяліцца ведамі з юнымі гарадзенцамі.

З вялікім задавальненнем інсцэніруюць дзеці беларускамоўныя казкі. Прыемна, што і бацькі сталі ўдзельнікамі пастаноўкі, – дадае выхавацельніца.

DSCN3691.jpg

У памяшканні групы сімвалічна «ляцяць» у вырай буслы, сцены ўпрыгожаны традыцыйным беларускім арнаментам, а ў куточку каля акна паволі калыхаецца люлька з лялькай у нацыянальным адзенні.

– Выхавальнік з’яўляецца не проста носьбітам беларускай мовы, ён правільна вызначае змест маўлення, ведае і разумее інтарэсы і ўяўленні дашкольнікаў і, безумоўна, у сваёй працы абапіраецца на тое, што дзецям цікава, з’яўляецца для іх значным, – адзначае загадчыца садка Алена Прэцкайла.Толькі ў такім выпадку беларуская мова, кажучы словамі Якуба Коласа, ператворыцца ў «жывую стыхію дзіцячай гутаркі».

DSCN3695.jpg

Дзіцячы садок №65, дзе адкрыта беларускамоўная група, знаходзіцца ў Кастрычніцкім раёне Гродна. Існуюць падобныя групы і ў Ленінскім раёне. Не першы год прымаюць юных выхаванцаў у яслях-садку №45. А ў яслях-садку №54 гэты вопыт ужываецца ўжо больш за дзесяць гадоў. Адзін дзень тыдня нават у рускамоўных дашкольных установах вобласці для дзяцей пачынаецца з прывітання «Добрай раніцы» і ўключае адпаведныя заняткі. Аб станоўчым уплыве такой практыкі магу судзіць, як кажуць, знутры. З нейкай асаблівай інтанацыяй пяцігадовы сын пераказвае пасля такіх дзён лічылкі і вершы па-беларуску.

DSCN3698.jpg