Выхаванцы гродзенскага дзіцячага сада №54 у Міжнародны дзень роднай мовы прэзентавалі святочную праграму (+відэа)
Дзень роднай мовы ў Гродне разнастайнымі акцыямі і мерапрыемствамі адзначалі ўсе ўстановы адукацыі. Да святкавання далучыліся і дзіцячыя садкі. Каларытную творчую праграму, прысвечаную мове нашай нацыі, прэзентавалі і выхаванцы дзицячага сада №54 горада Гродна. Дзеці і выкладчыкі чыталі вершы на беларускай мове, спявалі песні і танцавалі выключна пад народную музыку. На свяце роднай мовы пабывала і наша здымачная група.
- Мая зямля, мой родны дом завецца Беларуссю…заву цябе Радзімаю.
Гэтым дзеткам няма і шасці. Яны яшчэ не ўсе словы могуць вымавіць, значэнне многіх з іх не поўнасцю разумеюць, але тое, што ў Беларусі афіцыйнымі з’яўляюцца дзве мовы – беларуская і руская - ведаюць і з маленства імкнуцца авалодаць і той, і другой. Вывучэнне адразу дзвюх моў — з’ява няпростая. Але выкладчыкі кажуць: калі да працэсу навучання далучаюцца бацькі - поспех не вымушае сябе доўга чакаць.

ЮЛІЯ БАРСУКЕВІЧ, ВЫХАВАНЕЦ ЯСЛЕЙ-САДА №54 ГОРАДА ГРОДНА :
- Мяне завуць Юля. Я дзяўчынка беларуска. Мне падабаецца беларуская мова. Я люблю слухаць беларускія казкі і вершы.
ЦІМАФЕЙ ПАРХОМЕНКА, ВЫХАВАНЕЦ ЯСЛЕЙ-САДА №54 ГОРАДА ГРОДНА:
- Мяне завуць Цімафей. Я беларус, таму я вучуся размаўляць на беларускай мове. Я ведаю словы матулечка, казка і калі ласка.
Яслі-сад № 54 - адна з першых устаноў у горадзе Гродна, якая пачала працаваць і праводзіць адукацыйны працэс с дзеткамі па-беларуску. Пачатковыя крокі ў гэтым накірунку былі зроблены ў далёкім 2002 годзе. Тады на базе гэтай установы адукацыі праходзіла эксперыментальна-пошукавая работа на інавацыйнай пляцоўцы “Этнасад”. Свой працяг яна атрымала ў паглыбленым накірунку дзейнасці па грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей і ў нашыя дні.

СВЯТЛАНА ЯНУЛЕВІЧ, ЗАГАДЧЫК ЯСЛЕЙ-САДА №54 ГОРАДА ГРОДНА:
- На сёняшні дзень у нашай установе адукацыі працуе шэсць груп для дзяцей рознага ўзросту, дзе кожны дзень гучыць беларуская гаворка. Таксама праходзяць розныя мерапрыемствы з дзеткамі, з іх бацькамі, гэта садзейнічае папулярызацыі беларускай мовы.
Словы на роднай мове гэтыя дзеці чуюць кожны дзень. Адныя іх разумеюць і спрабуюць размаўляць па-беларуску, іншыя – слухаюць з вуснаў супрацоўнікаў. Шыльды, інфармацыйныя стэнды, назвы кабінетаў - тут паўсюдна родная мова. Такім чынам дзеці набываюць вопыт маўлення, а з вопытам прыходзіць і майстэрства. Але не толькi ў гэтым садку ў Гродне штодзень гучаць на беларускай мове вершы, прыказкі і прымаўкі, вывучаюцца народныя прыкметы, праводзяцца народныя гульні і спяваюцца нацыянальныя песні.

АНДРЭЙ СЕМАНЧЫК, НАЧАЛЬНІК АДДЗЕЛА АДУКАЦЫІ ГРОДЗЕНСКАГА ГАРВЫКАНКАМА:
-У горадзе Гродна створаны ўсе ўмовы для вывучэння дзецьмі беларускай мовы. У трох дашкольных установах: яслі-сады №45, 54, 65 і дзьвюх школах – №32 і №34, адкрыты групы і класы, дзе адукацыйны працэс вядзецца на беларуская мове. Сёння ў кожнай навучальнай установе горада праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя Дню роднай мовы.

Жадаючых вывучаць з дзяцінства беларускую мову ў Гродне з кожным годам усё больш. У грамадскім транспарце можна пачуць напамін дарослым: навошта дзецям трэба ведаць беларускую мову. І калі прыслухацца і пачаць знаёміць немаўлят з роднай мовай яшчэ ў дзіцячым садку, праз гады яны абавязкова скажуць вам “дзякуй”.
СТОИТ ПОЧИТАТЬ