На Астравеччыне ў натуральнае асяроддзе пражывання былі выпушчаны 18 ланяў

На Астравеччыне ў натуральнае асяроддзе пражывання былі выпушчаны 18 ланяў

Унікальная падзея на мінулым тыдні адбылася на Астравеччыне: у натуральнае асяроддзе пражывання з вальераў былі выпушчаны 18 ланяў.

З-за браканьерства гэты від жывёлы знік на Беларусі напачатку ХХ стагоддзя. Толькі дзякуючы намаганням асобных паляўнічых гаспадарак, гэтыя жывёлы зноў сталі засяляць беларускія лясы.

Вяртанне ланяў у дзікую прыроду на тэрыторыі нашай краіны ўпершыню ажыццявіла паляўнічая гаспадарка “Чырвоны Бор” Віцебскай вобласці. Пад кіраўніцтвам навукова-практычнага цэнтра Акадэміі навук Беларусі ў віцебскія лясы два гады назад было выпушчана каля 300 ланяў.

На падобны эксперымент, калі паляўнічыя віды жывёл мяняюць “месца прапіскі” з вальера на натуральнае асяроддзе, спецыялісты Астравецкага лясгаса сёлета пайшлі ў другі раз.

Упершыню на тэрыторыі нашага раёна ў натуральнае асяроддзе пражывання было выпушчана 50 высакародных аленяў. У нашых лясах жывёла прыжылася, і па дадзеных апошняга “жывёльнага перапісу”, на тэрыторыі лесапаляўнічай гаспадаркі яе папуляцыя складае каля 140 асобін.

Сёлета лані пакінулі вальеры. Плануецца, што першы час жывёл будуць падкормліваць і назіраць за імі. Спецыялісты ўпэўнены, што так званая рэакліматызацыя пройдзе без асаблівых праблем – прыгожыя і грацыёзныя лані зноў з’явяцца ў нашых лясах.

losi1.jpg

Меркаванне спецыяліста

Падчас выпуску ланяў у дзікую прыроду прысутнічаў загадчык лабараторыі тэрыалогіі навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі Беларусі, кандыдат біялагічных навук Рыгор Янута, які даў невялікі каментарый:

Лань добра і дастаткова хутка адаптуецца да новых умоў пражывання. Астравецкі раён характарызуецца нізкім узроўнем папуляцыі драпежных відаў жывёл, таму, думаю, асаблівых праблем не павінна ўзнікнуць.
На Беларусі першымі ў натуральнае асяроддзе ланяў выпусцілі ў паляўнічай гаспадарцы “Чырвоны Бор”. Падобныя спробы рабіліся і на тэрыторыі цэнтральнай Беларусі, але пра іх паспяховасць пакуль рана гаварыць.

Редакция газеты «Гродненская правда»