Бровар, шпіталь, пошта. Гісторыя будынка па вуліцы Ажэшка ў Гродна

Будынак быў узведзены каля 1780 года як бровар (піўзавод) гродзенскага магната Валовіча.

каля 1901 г.jpg

У каралеўскім Гродне, багатым на яркія і выразныя помнікі архітэктуры, шмат будынкаў, якія на першы погляд не такія цікавыя. Але только на першы. Часам дастаткова прыгледзецца ці проста ўзняць галаву, каб заўважыць нешта асаблівае.


Зірніце на фасад двухпавярховага будынка пошты па вуліцы Ажэшкі. Ён цалкам пакрыты рознымі дэкаратыўнымі архітэктурнымі формамі – гэта і руст, і разнастайныя сандрыкі, ліштвы, фігурныя карнізы і гэтак далей. Праглядаецца і савецкая сімволіка – герб СССР, а таксама выява сярпа з молатам і маланкай – тагачасным знакам паштова-тэлеграфнага ведамства. А яшчэ з-пад верхняга карніза на гродзенцаў паглядаюць аж дванаццаць львіных галоў. Адным словам, на фасадзе пошты па вуліцы Ажэшкі адлюстраваліся ўсе дзвесце гадоў нашай гісторыі. 

Шпіталь, наканаваны лёсам

Першапачатковае прызначэнне гэтага будынка простае і гаспадарчае – ён быў узведзены каля 1780 года як бровар (піўзавод) гродзенскага магната Валовіча.

Ужо ў пачатку ХІХ ст. расійскі імператар Аляксандр І перадаў будынак гродзенскім баніфратрам. Манахі-баніфратры лячылі людзей і павінны былі перабудаваць бровар пад шпіталь для жыхароў горада. Аднак гэтага не здарылася па самай банальнай прычыне – не хапіла сродкаў. Таму баніфратры здавалі яго ў арэнду “камісіі ваеннай” пад склад. Гарадскія ўлады нават планавалі выкупіць яго пад казармы. Але абставіны складваліся так, што капітальны добры будынак усё часцей прыстасоўвалі менавіта пад бальніцу.

Упершыню гэта зрабілі французы падчас вайны 1812 года. На плане 1823 года ён пазначаны як “каменный дом ксендзов бонифратров”, а на плане 1824-га – “дом на Городнице, занятый городовым лазаретом”, які належаў прыказу грамадскай апекі. У 1828 годзе ў будынку знаходзіўся вайсковы магазейн (склад). Тады ж планавалася перабудаваць яго пад “больницу для умалишенных и воспитанников Гродненского приказа общественного призрения”. У апісанні тэхнічнага стану будынка зазначаецца, што ён быў двухпавярховы, з фахверку, меў скляпеністы мураваны падвал з асобным уваходам, дах быў пакрыты дахоўкай. Над цэнтральнай часткай меўся трохвугольны франтон, на якім планавалася намаляваць выяву Божага Провіду.

Баніфратры так і не здолелі зрабіць з былога бровара пастаянную бальніцу. У выніку ў 1832-м пасля ўмяшальніцтва паліцыі ключы ад камяніцы ў братоў-баніфратраў забралі. Пасля скасавання ордэна шпіталь адышоў прыказу грамадскай апекі для размяшчэння акруговай лячэбніцы. У 1857 годзе пад наглядам губернскага архітэктара В. Міхаэліса будынак адрамантаваў i перабудаваў купец I. Фрумкін, які стаў яго ўладальнікам. Новы гаспадар заключыў на трыццаць гадоў кантракт на здачу будынка ў арэнду пад акруговы шпіталь. У кнізе Е. Радзішэўскага “Гістарычнае апісанне г. Гродна” 1860 года згадвалася, што “на вуліцы Раскоша з непрыгляднага, напаўразбуранага каменнага дома адбудаваны выдатны двухпавярховы будынак акруговай лячэбніцы”. Сцвярджалася нават, што ў цэнтры быў зроблены шкляны дах або купал, каб пры дзённым святле можна было праводзіць хірургічныя аперацыі.

Пачатак паштовай гісторыі

У канцы ХІХ ст. бальніца пераехала на сучасную вуліцу Мітрапаліта Філарэта, а будынак па вуліцы Ажэшкі быў прыстасаваны пад паштова-тэлеграфную кантору. Са снежня 1902-га тут размяшчаліся акруговая ўправа i паштова-тэлеграфная кантора з кватэрамі для службоўцаў. Цікава, што да 1931 года будынак належаў сям’і Фрумкіных і апрача пошты тут знаходзілася маса розных установаў – фатаграфія “Мадэрн”, пякарня і цукерня, офісы адвакатаў і крамы. Урэшце Віленская дырэкцыя пошты выкупіла яго за 323 тыс. злотых. У сувязі з гэтым яго пакінулі разнастайныя фірмы, а таксама гарадская бібліятэка, якая некалькі гадоў размяшчался тут. Будынак поўнасцю перайшоў у рукі пошты.

Наш сучаснік 

Будынак вельмі моцна пацярпеў падчас баёў за вызваленне горада ў 1944 годзе. На першых пасляваенных здымках бачна, што ад яго засталіся толькі сцены.

1437 разушенное гродно после войны.jpg

У 1946-м быў падрыхтаваны праект рэстаўрацыі будынка паштамта. Такім і памятаюць яго гродзенцы больш сталага ўросту. “Фасад большого двухэтажного здания украшают три симметрично расположенных портала с четырьмя пилястрами каждый. Центральный портал будет увенчан гранитным барельефом герба Белорусской республики. Под ним – красивые часы. Массивная стеклянная дверь ведет в вестибюль, в центре которого будет установлена скульптура товарища Сталина. Вдоль стен, по обеим сторонам вестибюля, устанавливаются абонентские ящики. Красиво и величественно будет выглядеть просторный операционный зал. Пять массивных колонн, пересекающих центр этого зала, будут держать на себе громадный, площадью свыше трехсот квадратных метров, плафон… На втором этаже почтамта разместятся областное управление связи, бюро контроля почтовых переводов, “Союзпечать”, клуб работников связи с большим зрительным залом”. 

Аўтарам гэтага праекта быў Мікалай Аляксандравіч Максімец (1906–1956). Менавіта па яго ініцыятыве на фасадзе з’явіліся медальёны з выявамі львоў – асацыяцыя з ленінградскай архітэктурай, якую ён вельмі любіў. У той час з галоўнага фасада зніклі тры чыгунныя балконы, ліквідаваны купал, a люкарна на цэнтральным атыку да апошняга часу была закрыта абстрактнай выявай тэлефоннага дыска. 

Дзякуючы Мікалаю Максімцу будынак пошты не толькі захаваў свой гістарычны выгляд, але і набыў новыя ўласцівыя толькі яму рысы.

1960-70-я г.jpg

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»