Камп'ютарнае мадэліраванне і дызайн сувеніраў. Як студэнты ідуць у бізнэс праз тэхнапарк ГрДУ імя Янкі Купалы (+відэа)

Камп'ютарнае мадэліраванне і дызайн сувеніраў. Як студэнты ідуць у бізнэс праз тэхнапарк ГрДУ імя Янкі Купалы (+відэа)

Узнавіць у мініяцюры страчаны будынак, зрабіць архітэктурнае акружэнне для камп’ютарнай гульні, распрацаваць навагодні сувенір… Усё гэта – сфера дзейнасці адной кампаніі, што займаецца інавацыйнымі распрацоўкамі ў галіне будаўніцтва і з’яўляецца рэзідэнтам тэхнапарку ГрДУ імя Янкі Купалы. У яе камандзе – людзі творчыя і адказныя. Да прыкладу, Марына Дымовіч, студэнтка 4 курса фізіка-матэматычнага факультэта ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Марына атрымлівала адукацыю фізіка-інжынера са спецыялізацыяй “метролаг” і збіралася стаць спецыялістам па ізмяральных прыборах. Аднак інфармацыйныя тэхналогіі, перспектывы развіцця ў сферы настолькі захапілі, што на апошнім курсе вырашыла скарэкціраваць напрамак сваёй дзейнасці.

IMG_3743.JPG

– Сястра Насця, у мінулым студэнтка інжынерна-будаўнічага факультэта, займалася 3D-праектаваннем. А я з цікавасцю назірала, як яна гэта робіць, як на экране паступова паўстае будучы аб’ект. Мяне гэта так зацікавіла, што захацелася навучыцца самой. І вось я ў кампаніі “ІТ у будаўніцтве”, – распавядае дзяўчына.

Таварыства з абмежаванай адказнасцю “Інфармацыйныя тэхналогіі ў будаўніцтве” – адзін з прыкладаў таго, як можна, маючы ідэю, развіць яе да ўласнага бізнесу і атрымліваць прыбытак. У дадзеным выпадку ўсё пачалося з навуковай працы роднай сястры Марыны Анастасіі Бурдук, якую яна выконвала пад кіраўніцтвам Эдуарда Гнядэка, старшага выкладчыка кафедры тэхнічнай механікі інжынерна-будаўнічага факультэта, а сёння ўжо і дырэктара кампаніі “ІТ у будаўніцтве”. Гэта быў макет страчанага пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёла Нараджэння прасвятой Дзевы Марыі манастыра бернардзінак, які стаяў на месцы, дзе сёння ўзвышаецца драматычны тэатр. Пасля ўбачылі перспектывы ў пераходзе на новыя праграмы праектавання будынкаў. 

IMG_3718.JPG

– Сёння будаўніцтва пераходзіць на новую сістэму праектавання. Раней неабходна было зрабіць вялікую колькасць чарцяжоў, малюнкаў – цэлы стос. І калі даводзілася нешта змяніць – зноў стос новых чарцяжоў, – тлумачыць Эдуард Гнядэк. – Зараз найперш робіцца 3D-мадэль, а з яе аўтаматычна ствараецца чарцёж. Гэта дакладна хутчэй. І менш памылак. З мінулага года ёсць загад Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва аб пераходзе на новую сістэму праектавання. І працэс паступова ідзе.

Так з інавацыйнай распрацоўкі з’явілася кампанія “ІТ у будаўніцтве”, якую заснавалі выкладчыкі і студэнты інжынерна-будаўнічага факультэта ГрДУ.

IMG_3749.JPG

– Калі ёсць вольны час, стараюся разабрацца і асвоіць асноўны кірунак дзейнасці нашай кампаніі: ствараць так званыя сямействы розных элементаў будынкаў, якія пасля будуць змешчаны ў віртуальную бібліятэку – нешта накшталт каталогу. У ёй кожны вытворца можа прадставіць сваю прадукцыю. Праекціроўшчык можа распрацаваць тое ж акно сам, а можа ўзяць гатовае з бібліятэкі. 

Не забыліся ў кампаніі і той напрамак, з якога ўсё пачалося: узнаўленне, няхай і ў мініяцюры, помнікаў архітэктуры. Не так даўно, да прыкладу, спраектавалі ў спецыяльнай праграме і надрукавалі на 3D-прынтэры макет царквы, што некалі была ў Хатыні. А для Гродна хацелі б зрабіць нешта накшталт міні-музея страчанай архітэктуры.

IMG_3747.JPG

Сёння кампанія займаецца ў тым ліку распрацоўкай віртуальнага архітэктурнага акружэння для камп’ютарных гульняў. Яшчэ адзін вектар развіцця – выраб сувеніраў. І тут якраз спатрэбіліся веды і вопыт Марыны.

– У мінулым я вельмі любіла маляваць. Так атрымалася, што цяпер вяртаюся да гэтага і сумяшчаю ў сваёй дзейнасці мастацтва і сучасныя тэхналогіі. Гэта мне найбольш падабаецца, таму што можна праяўляць фантазію, увасабляць свае ідэі. Да таго ж, у тэхнапарку ёсць выдатнае абсталяванне – знаёмыя мне станкі для лазернай рэзкі фанеры, арганічнага шкла, скуры, паперы, картона – чаго заўгодна, а таксама станкі для фрэзіроўкі, – распавядае Марына. – Да Новага году распрацавалі серыю з сімпатычнымі мышанятамі – іх зрабілі з фанеры. Для  ўніверсітэта робім ёлачныя цацкі ў экастылі.

Гэтыя рэчы можа набыць кожны: у Інстаграме і сацыяльных сетках ёсць старонкі, праз якія можна замовіць упадабаны выраб. Шмат заказаў выконваюцца па індывідуальных замовах. Да прыкладу, лялечны дом. 

IMG_3771.JPGIMG_3766.JPGIMG_3770.JPG

– У лютым купалаўскі адзначыць 80-годдзе, і нам даверылі распрацаваць сувенірную прадукцыю. Для мяне гэта цікавае заданне і адказнае: трэба зрабіць рэч з асаблівым густам, – распавядае Марына. 

Планы Марыны на будучае – развівацца ў новым кірунку. Сфера інфармацыйных тэхналогій, як ніякая іншая, не мае межаў. Можна жыць у роднай Беларусі і выконваць замовы па ўсяму свету, як, да прыкладу, нядаўна “ІТ у будаўніцтве” рабілі 3D-мадэль драўляных домікаў для Нарвегіі. 

IMG_3777.JPGIMG_3780.JPGIMG_3785.JPG

У такіх маладых кампаніях паспяховым можна быць нават не маючы багатага вопыту працы. Галоўнае – жаданне рэалізавацца і наяўнасць ідэй. 

– Мне вельмі імпануюць тыя ўмовы, якія ёсць для кампаній у тэхнапарку. Гэта падатковыя льготы, магчымасць за невялікую плату браць у арэнду сучаснае абсталяванне і гэтак далей. Такая падтрымка з боку дзяржавы вельмі неабходна, – разважае Марына Дымовіч. – І я дакладна бачу сваё месца ў сферы ІТ-тэхналогій, якая вельмі імкліва развіваецца і ў многім становіцца добрым падмуркам для эканомікі нашай краіны і развіцця іншых галін. Да таго ж не сакрэт, што заробкі там вышэй, чым у іншых сферах. Калі запытаць, як я бачу сябе праз дзесяць гадоў, не магу намаляваць канкрэтную “карцінку”. Цяжка паверыць, але, упэўнена, праз пяць-дзесяць гадоў буду з гонарам казаць, што была ў Гродне часткай каманды, якая дапамагла сферы будаўніцтва перайсці на новы ўзровень, выкарыстоўваючы інавацыйныя распрацоўкі. 

IMG_3731.JPGIMG_3735.JPGIMG_3737.JPG

Сфера ІТ у Беларусі прызнана адным з самых перспектыўных кірункаў. Штогод з’яўляюцца новыя кампаніі, якія займаюцца распрацоўкай уласных прадуктаў і выконваюць замежныя заказы. Добры прыклад – імклівае развіццё філіяла Парка высокіх тэхналогій у нашым горадзе. І можна быць упэўненым: калі ты спецыяліст, абавязкова знойдзеш сваё месца ў ІТ-сферы. А з інавацыйнымі ідэямі – усе дарогі перад табой.