Кожную кароўку ведае па імені. Таццяна Лянцэвіч з Іўеўскага раёна 20 гадоў працуе аператарам машыннага даення ў СУП «Лаздуны-Агра»
Праект "Твае людзі вёска".
Гэта сціплыя і адданыя сваёй справе людзі. Яны не шукаюць славы, не чакаюць ганаровых узнагарод. Іх гісторыі складзены з працоўных цяжкасцей і простых жыццёвых радасцяў. Але менавіта яны, аграрыі, як ніхто, ведаюць, чаго варты духмяны бохан хлеба або пакет свежага малака, якія мы ў дастатку бачым на паліцах нашых крам.
Таццяна Лянцэвіч нарадзілася і вырасла ў вёсцы Ляжневічы, што на Іўеўшчыне. Расла ў вялікай і дружнай сям'і: у бацькоў было 9 дзяцей. Бацька ўсё жыццё працаваў у мясцовым калгасе, мама была поварам. Сям'я, як належыць вясковым жыхарам, трымала вялікую гаспадарку, таму дзеці заўсёды былі прывучаны да працы.
– Спраўляцца з хатнімі справамі, даглядаць за жывёламі, палоць градкі і гатаваць ежу – мы ўмелі ўсё, – успамінае Таццяна. – Сумна не было ніколі. Ды і як тут можа быць сумна з пяццю братамі і трыма сёстрамі? Не, мы былі моцнай камандай, заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго, абаранялі.
Дзеці вучыліся ў мясцовай школе, а пасля ўрокаў прымаліся за працу. Дзяўчынкі дапамагалі маме, а хлапчукі былі занятыя мужчынскімі справамі з бацькам. Але хутка ў сям'ю прыйшла бяда. Калі Таццяне было 14 гадоў, не стала мамы. Толькі дзеці аправіліся ад страты, як паследаваў яшчэ адзін удар: пайшоў з жыцця глава сям'і. Агульнае гора зрабіла братоў і сясцёр яшчэ больш згуртаванымі.
Пасля школы Таццяна паступіла вучыцца ў Маладзечна. Тады ж сустрэла будучага мужа і з ім вярнулася на малую радзіму, у бацькоўскі дом. Хутка на свет з'явілася іх першая дачка Караліна. Пасля гэтага Таццяна яшчэ двойчы станавілася мамай. У тыя гады наша гераіня думала, што ўсё складваецца найлепшым чынам, але ў лёса былі свае планы.
– Я была маладой дзяўчынай, як кажуць людзі, зусім яшчэ зялёнай. Цалкам даверылася любімаму чалавеку, паслухала яго, калі ён угаварыў вярнуцца ў вёску. Я думала, мы пераадолеем усе цяжкасці, пабудуем сям'ю, будзем шчаслівыя. Але хутка мы разышліся, і мне з дзецьмі давялося нанова будаваць жыццё, – распавядае Таццяна Лянцэвіч.
У 2005 годзе Таццяна ўладкавалася на працу ў мясцовую гаспадарку: на МТФ «Ляжневічы» СУП «Лаздуны-Агра». Яна прыйшла якраз у той час, калі на малочна-таварнай ферме завяршыліся рэканструкцыя і аснашчэнне сучасным даільным абсталяваннем.
Кожны працоўны дзень у Таццяны пачынаецца ў 5 гадзін раніцы. Раз у тыдзень – выхадны. Наша гераіня сочыць прыкладна за 60 каровамі, кожную з якіх трэба трымаць у чысціні, даіць, як належыць, два разы на дзень. Таццяна сваіх каровак ведае пагалоўна: адрознівае іх і знешне, і па характары. Ва ўсіх ёсць імёны, бо так наладжваць з жывёламі кантакт прасцей, ды і ёсць павер'е, што каровы з імёнамі даюць больш малака.
Спачатку карову трэба агледзець, потым падрыхтаваць да даення, а затым кожную па чарзе падключыць да апарата. І так двойчы ў дзень.
Зараз Таццяна прызнаецца: гады праляцелі хутка і, азіраючыся назад, ёй складана паверыць, што прайшло ўжо 20 гадоў. За гэты час шмат што змянілася, у тым ліку і калектыў. Але нязменным застаецца адно: кожную раніцу і вечар Таццяна спяшаецца на ўжо родную ферму, дзе яе чакаюць рагатыя прыгажуні.
– Я работнік пастаянны, – з усмешкай адзначае Таццяна. – Да сваёй справы падыходжу адказна, стараюся працаваць сумленна. З напарніцамі і начальствам у мяне добрыя адносіны. Гэта таксама шмат у чым паўплывала на тое, чаму я засталася вернай гэтай прафесіі.
На рабоце Таццяна Восіпаўна, як і ўсе працаўнікі, не раз адзначала дні нараджэння, Новы год і іншыя святочныя даты. Жывёлы ж чакаць не будуць, падкрэслівае суразмоўніца, таму яна спяшаецца на працу і ў снег, і ў спёку.
У вольны час наша гераіня любіць збіраць грыбы, ягады. У сезон уборкі ўраджаю гатуе шмат саленняў. Сваю хатнюю гаспадарку Таццяна не трымае. З часам, прызнаецца, адной з усім стала цяжка спраўляцца.
– Дзеці ўжо выраслі, раз'ехаліся, будуюць сваё жыццё. Па маіх слядах не пайшлі, выбралі для сябе іншыя прафесіі. Я падтрымала іх у гэтым, таму што праца ў сельскай гаспадарцы не для кожнага. Гэта цяжка. Асабліва жанчынам, асабліва маладым мамам. Успамінаю, як цяжка было мне, калі дзеці былі маленькія, а дапамагчы было няма каму. Але мы з гэтым справіліся, – дзеліцца Таццяна.
Нягледзячы на тое, што ніхто з дзяцей Таццяны Восіпаўны не звязаў сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, у гэтай галіне працуюць практычна ўсе браты і сёстры нашай гераіні. Некаторыя з іх нават працуюць з ёй у адной гаспадарцы.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!