Краіна – адзіная, народ – з’яднаны. 17 верасня беларусы адзначаць Дзень народнага адзінства
Дзень народнага адзінства сімвалізуе ўз’яднанне заходніх і ўсходніх зямель Беларусі.

Дзень народнага адзінства ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца 17 верасня і з’яўляецца дзяржаўным святам. Ён быў заснаваны ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2021 годзе і стаў афіцыйным дзяржаўным святам. Дзень народнага адзінства сімвалізуе ўз’яднанне заходніх і ўсходніх зямель Беларусі ў 1939 годзе – пасля вызваленчага паходу Чырвонай арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Заходняя Беларусь уз’ядналася з БССР.
Нягледзячы на тое, што афіцыйнае дзяржаўнае свята 17 верасня адзначаецца ў нашай краіне толькі некалькі гадоў, гэта дата ў гісторыі шануецца досыць даўно. Жыхары Гродна ведаюць вуліцу 17 Верасня ў нашым горадзе. Вуліцы з такой назвай ёсць таксама ў Брэсце, Слоніме, Баранавічах, Скідзелі. Плошчы 17 Верасня ёсць у Карэлічах, Ашмянах, Міры, Глыбокім, Ружанах.
Што перажыў наш народ перад 17 верасня 1939 года?

Верасень 1939 года. Сустрэча Чырвонай арміі на Гродзеншчыне
Беларускі народ быў вераломна падзелены па Рыжскаму мірнаму дагавору 18 сакавіка 1921 года, які быў заключаны па выніках польска-савецкай вайны 1919-1920 гадоў. У перагаворах у Рызе беларуская дэлегацыя не прымала ўдзелу, і наш лёс вырашыўся без нас. У склад Польшчы трапіла тэрыторыя каля 113 квадратных кіламетраў з насельніцтвам больш за 3 мільёны чалавек. На гэтых абшарах Польшча стварыла 4 ваяводствы: Віленскае, Навагрудскае, Палескае (з цэнтрам у Брэсце) і Беластоцкае. Гродна ўвайшоў у склад Беластоцкага ваяводства. На занятых тэрыторыях польскія ўлады рэалізоўвалі эканамічную і этнаканфесійную палітыку ў сваіх інтарэсах. Нацыянальныя меншасці складалі каля 30 працэнтаў насельніцтва міжваеннай Польшчы – гэта быў адзін з самых высокіх паказчыкаў у тагачаснай Еўропе, – і ад правядзення ўзважанай нацыянальнай палітыкі залежала стабільнае развіццё ўсёй краіны.
Прававы статус беларусаў у польскай дзяржаве вызначаўся шэрагам міжнародных пагадненняў. У першую чаргу гэта быў трактат аб нацыянальных і рэлігійных меншасцях, так званая малая версальская дамова, падпісаная Польшчай 28 чэрвеня 1919 года і якая лічылася адным цэлым з мірнай дамовай. Трактат гарантаваў усім грамадзянам ІІ Рэчы Паспалітай незалежна ад расы, мовы, веравызнання роўнасць перад законам і магчымасць карыстацца грамадзянскімі і палітычнымі правамі. Трактатам прадугледжвалася, што з боку дзяржавы не будзе чыніцца ніякіх абмежаванняў у арганізацыі рэлігійнай практыкі любога вызнання, ва ўжыванні не польскай мовы ў прыватных, гандлёвых і рэлігійных зносінах, у прэсе, судах і грамадскіх акцыях, у рабоце асветных, дабрачынных і рэлігійных арганізацый. Правы беларусаў, што апынуліся на тэрыторыі Польшчы, юрыдычна абараняліся, хоць даволі размыта і агульна, і ў Рыжскай мірнай дамове, заключанай 18 сакавіка 1921 года паміж РСФСР і Украінай з аднаго боку і Польшчай – з другога. У артыкуле VII дамовы сцвярджалася, што Польшча прадстаўляе асобам рускай, украінскай і беларускай нацыянальнасцей на аснове раўнапраўя нацыянальнасцей усе правы, што забяспечваюць свабоднае развіццё культуры, мовы і выкананне рэлігійных абрадаў. Міжнародныя дамовы мелі досыць абмежаваны ўплыў на рэалізацыю нацыянальнай палітыкі польскіх улад.
У маі 1926 года ў выніку дзяржаўнага перавароту да ўлады ў Польшчы прыходзіць Юзэф Пілсудскі. Палітычны лад Польшчы пачынае набываць рысы аўтарытарызму. Паплечнікі Юзэфа Пілсудскага, нягледзячы на першапачатковую ўяўную прыхільнасць да канцэпцыі дзяржаўнай асіміляцыі беларусаў і ўкраінцаў, рэалізоўваюць канцэпцыю, якая прадугледжвае поўную асіміляцыю.
Важнае значэнне ў этнічнай палітыцы мае нацыянальная адукацыя. У Польшчы дзейнічала двухступеньчатая сістэма школьнай асветы: пачатковыя школы і гімназіі. На новадалучанай да Польшчы тэрыторыі працавала 514 беларускіх пачатковых школ, якія паступова былі закрыты. У 1920-я гады беларускія гімназіі дзейнічалі ў Вільні, Навагрудку, Радашковічах, Клецку. Да 1939 года засталася працаваць толькі Віленская беларуская гімназія.
У канфесійнай сферы Польшча праводзіла палітыку рэвіндыкацыі: праваслаўныя храмы, што раней былі ўніяцкімі, падлягалі вяртанню каталіцкаму касцёлу. У 1938 годзе ў Гродне была разабрана праваслаўная царква Св. Аляксандра Неўскага па афіцыйнай прычыне, што яна нібыта замінае руху транспарту.
У гаспадарцы Заходняй Беларусі пераважалі прадпрыемствы харчовай і дрэваапрацоўчай галіны. Прамысловасць адрознівалася нізкай канцэнтрацыяй вытворчасці. У 1928 годзе на тэрыторыі рэгіёну дзейнічала каля 2 тысяч прадпрыемстваў, на 80% з іх працавала ад 5 да 20 рабочых. Толькі 19 фабрык мела больш за 100 работнікаў. Сярод асноўных праблем сельскай гаспадаркі трэба адзначыць памешчыцкае землеўладанне, перанаселенасць вёскі, малазямелле сялян (74 % сялянскіх гаспадарак мелі надзелы, якія не дазвалялі пракарміць сям’ю, не кажучы аб забеспячэнні сельгаспрадукцыяй горада). У 1938 годзе прамысловасць БССР выпускала прадукцыі ў 9 разоў больш, чым прамысловыя прадпрыемствы Заходняй Беларусі.
Беларусы не мірыліся са сваім становішчам і рознымі шляхамі адстойвалі свае правы. У польскім сейме дзейнічала група дэпутатаў-беларусаў “Беларускі пасольскі клуб” з Бранiславам Тарашкевічам на чале. Беларускія дэпутаты з высокай трыбуны заяўлялі пра парушэнне канстытуцыйных праў беларусаў у Польшчы, але адсутнасць большасці ў сейме не дазваляла Беларускаму пасольскаму клубу праводзіць ці блакіраваць нейкія рашэнні ці законапраекты. У 1925 годзе была ўтворана Беларуская сялянска-работніцкая грамада – самая шматлікая беларуская палітычная партыя беларускіх працоўных (налічвала да 120 тысяч членаў і спачуваючых), якую ўзначаліў Бранiслаў Тарашкевіч. У 1927 годзе яна была забаронена польскімі ўладамі, кіраўніцтва кінута ў турму. З 1923 па 1938 гады дзейнічала падпольная Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, якая адстойвала інтарэсы працоўных, арганізоўвала стачкі, мітынгі, выдавала і распаўсюджвала нелегальную літаратуру.
1 верасня 1939-га гітлераўская Германія напала на Польшчу. Пачалася Другая сусветная вайна. Нямецкія дывізіі перайшлі граніцу ў некалькіх напрамках і пачалі хутка прасоўвацца ўглыб Польскай дзяржавы. Яе ўрад і камандаванне не змаглі арганізаваць эфектыўную абарону. У сярэдзіне верасня нямецкія войскі падышлі да тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
Якія падзеі адбыліся 17 верасня 1939 года?
Раніцай 17 верасня польскаму паслу ў Маскве была ўручана нота ўрада СССР. У ёй гаварылася, што на працягу дзесяці дзён ваенных аперацый Польшча страціла ўсе свае прамысловыя раёны і культурныя цэнтры, Варшава як сталіца Польшчы больш не існавала. Савецкі ўрад не мог абыякава ставіцца да таго, каб адзінакроўныя ўкраінцы і беларусы, якія пражывалi на тэрыторыі Польшчы, заставаліся безабароннымі. У выніку такой абстаноўкі савецкі ўрад аддаў распараджэнне Галоўнаму камандаванню Чырвонай арміі даць загад войскам перайсці граніцу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі. Ноту падпісаў народны камісар замежных спраў СССР Вячаслаў Молатаў. Ён жа выступіў па радыё са зваротам да савецкага народа.Наступленне Чырвонай арміі было хуткім: 18 верасня яна заняла Свянцяны, Ліду, Навагрудак, Слонім, Ваўкавыск; 19 верасня – Пружаны і Кобрын.
Асноўная частка насельніцтва Заходняй Беларусі сустракала савецкіх салдат з радасцю і аказвала дзейсную дапамогу. У многіх месцах ствараліся ваенна-рэвалюцыйныя камітэты, якія арганізоўвалі атрады з рабочых і сялян. Гэтыя фарміраванні раззбройвалі паліцэйскіх, бралі пад ахову масты, прадпрыемствы, іншыя важныя аб’екты. Але некалькі дзён працягвалася бітва за Гродна. Супраціўленне тут аказалі каля 3 тысяч салдат і афіцэраў вучэбнага падраздзялення і паліцэйскіх. 20 верасня горад быў узяты, а 22 верасня савецкія войскі ўвайшлі ў Брэст-Літоўск і Беласток. У Гродне аб гэтых падзеях нагадвае вуліца Гарнавых, названая ў памяць аб старшым палітруку Рыгору Гарнавых, які камандаваў ротай і загінуў пры фарсіраванні ракі Нёман.
Як змянілася Беларусь?
Пасля прыходу Чырвонай арміі ў ваяводствах і павятовых цэнтрах пачалі фарміравацца органы новай улады. У гарадах імі сталі часовыя ўправы, а ў мястэчках і вёсках – сельскія камітэты. Менавіта яны заняліся ажыццяўленнем першых пераўтварэнняў, а затым арганізацыяй выбараў дэпутатаў на Народны сход Заходняй Беларусі, які павінен быў вырашыць асноўныя пытанні дзяржаўнага ладу. Выбары прайшлі 22 кастрычніка 1939 года ў абстаноўцы палітычнага ўздыму.Народны сход Заходняй Беларусі праходзіў 28-30 кастрычніка 1939 года ў Беластоку. На ім была прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні савецкай улады і ўваходжанні Заходняй Беларусі ў склад БССР.
Тэрыторыя і насельніцтва рэспублікі павялічыліся амаль удвая. На заходнебеларускіх землях, якія ўвайшлі ў склад БССР, былі ўтвораны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская вобласці. Гэтыя рэгіёны былі ўключаны ў радыкальныя сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні. Была праведзена нацыяналізацыя прадпрыемстваў і банкаў, ажыццяўлялася калектывізацыя і механізацыя сельскай гаспадаркі. Карэнныя змены адбыліся ў адукацыі, ахове здароўя, навуцы і культуры. Актывізавалася работа па ліквідацыі непісьменнасці, прычым навучальныя ўстановы ствараліся для розных этнічных груп насельніцтва: у 1941 годзе ў заходніх абласцях БССР дзейнічалі 4192 беларускія, 987 польскіх, 173 рускія, 168 яўрэйскіх, 63 літоўскія, 43 украінскія школы. Былі створаны тэатры, адкрыта 100 кінатэатраў, 92 дамы культуры, 220 бібліятэк. Ва ўсіх абласных гарадах і райцэнтрах з’явілася беларускамоўная перыёдыка. Паступальнае развіццё эканомікі, сацыяльнай сферы заходніх абласцей рэспублікі было перапынена пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.
Чаму для беларусаў важны Дзень народнага адзінства?
Адзінства тэрыторыі, адзінства дзяржавы з’яўляюцца важнейшай умовай існавання і нармальнага, паўнавартаснага развіцця нацыі. Тэрытарыяльнае адзінства дазваляе будаваць адзіную дзяржаву, якая кантралюе і абараняе сваю тэрыторыю. Без тэрытарыяльнай цэласнасці немагчыма гаварыць пра паўнавартасную дзяржаўнасць і суверэнітэт. Адноўленае ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.Беларускі народ адзіны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і квітнеючай краіны. Устанаўленне Дня народнага адзінства 17 верасня падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці.
Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!