Моладзь Гродзеншчыны – аб тым, як экалагічная культура выхоўвае адказнага грамадзяніна

Моладзь – наша будучыня. Гэта не проста папулярная фраза. Гэта – факт. Бо менавіта ім, маладым, наканавана захаваць і памножыць тое добрае, што зроблена нашымі продкамі і сённяшнім сталым пакаленнем. Ім давядзецца зрабіць новыя адкрыцці, прыўнесці сучасныя і больш эфектыўныя метады працы ва ўсе сферы жыцця. Рэдакцыя “ГП” прапанавала свае старонкі маладым спецыялістам, на якіх яны выкажуць свае думкі па розных актуальных тэмах.

Дзіяна Журко, педагог Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства: 

Журко75 (2).jpg

– Беражлівыя адносіны да прыроды павінны быць нормай для кожнага чалавека. Я як малады спецыяліст сферы адукацыі лічу, што фарміраванне светапогляду і экалагічнай культуры кожнага дзіцяці, пазнанне ім законаў прыроды, усведамленне яе каштоўнасці – гэта інструмент выхавання будучага адказнага грамадзяніна нашай краіны. 

Але недастаткова проста распавядаць аб экалагічнай культуры – неабходна актыўна далучаць дзяцей і дарослых да практычных экалагічных мерапрыемстваў. Не важна, што гэта будзе: добраўпарадкаванне тэрыторый, збор смецця, пасадка дрэў – усё дапамагае замацаваць эказвычкі. 

Дарэчы, ва ўстановах адукацыі Беларусі рэалізуецца экалагічны праект “Зялёныя школы”, дзе дзеці не толькі вучацца, але і выступаюць ініцыятарамі экалагічных праектаў, эфектыўна ўкараняюць экалагічныя ідэі.

Паспяховае выхаванне экалагічнай культуры магчыма толькі праз комплексны падыход, які ахоплівае ўсе ўзроўні адукацыі – ад дашкольнай да вышэйшай. Супрацоўніцтва паміж навучальнымі ўстановамі, дзяржаўнымі структурамі і грамадскімі арганізацыямі стане закладам эфектыўнай работы ў гэтай сферы.

Юлія Міцкевіч, памочнік ляснічага Палушскага лясніцтва Астравецкага вопытнага лясгаса:

Міцкевіч Юлія3 (3).jpg

– Калі мяне пытаюцца, чаму я выбрала прафесію памочніка ляснічага, заўсёды ўсміхаюся. Для многіх лес – гэта проста дрэвы, цішыня і месца для прагулак. Для мяне ж гэта жывы, дзіўны арганізм, велізарны дом, у якім кожны дзень адбываецца маленькі цуд.

Мой шлях у Палушскае лясніцтва Астравецкага вопытнага лясгаса не быў выпадковым. Яшчэ ў дзяцінстве мяне зачароўвала магія прыроды: тое, як прабіваецца першы вясновы парастак, як шумяць стогадовыя дубы і як замірае ўсё вакол пад пухнатым зімовым покрывам. Я зразумела, што хачу не проста захапляцца гэтай прыгажосцю, але і аберагаць яе. 

Астравецкі край сустрэў мяне неверагоднай, зачаравальнай прыродай. Наша зямля ўнікальная: гэтыя густыя, бязмежныя лясы, чысцейшыя азёры і маляўнічыя пагоркі, ад якіх захоплівае дух. Кожны раз, выходзячы на абыход, я лаўлю сябе на думцы, як мне пашанцавала працаваць і жыць у такім казачным месцы. 

Я шчыра ганаруся тым, што мая працоўная біяграфія пачынаецца менавіта ў Палушскім лясніцтве. Мне падабаецца адчуваць дынаміку сваёй працы: ад планавання пасадак да кантролю за парадкам у лясных масівах. Прыемна ўсведамляць, што вынікі нашых намаганняў застануцца будучым пакаленням. 

Оперативные и актуальные новости Гродно и области в нашем Telegram-канале. Подписывайтесь по ссылке!
Редакция газеты «Гродненская правда»